Гасціннасць – візітоўка аграсядзібы “Шкардзянка”
Яшчэ нядаўна здавалася, што вёска Шкордзь Васілішкаўскага сельсавета з прычыны дэмаграфічных рэалій наогул знікне з геаграфічнай карты раёна. Аднак настальгія па сялянскіх каранях бярэ сваё, і тут, як і ў іншых ціхіх вёсачках нашага раёна, сталі адраджацца сялянскія сядзібы: гарадскія спадчыннікі пачынаюць укладваць сродкі ў дамы свайго дзяцінства, гараджане збягаюць у “яблычную глухамань” ад мітусні мегаполісаў.
– А чаму б і нам не адкрыць сваю аграсядзібу? – паставілі пытанне рубам на сямейным савеце Генадзій Генрыкавіч і Ганна Іосіфаўна Герасімовічы з аграгарадка Васілішкі.
Бацькоў горача падтрымалі дачка Гражына, дарэчы, эканаміст па “новаспечаным” дыпломе, і сын Павел – найпершы татаў памочнік.
Усе разам у вёсачцы Шкордзь прыгледзелі зусім несамавіты, увесь зарослы кустоўем і духмянымі травамі дамок, які затое можна было нядорага купіць, дружненька прыклалі рукі і... Бачылі б вы, які цуд, які яркі, каларытны этнакуточак тут атрымаўся! Аграсядзібу ў гонар вёскі назвалі “Шкардзянка”.
Тут мноства кветак і ландшафтных кампазіцый, па-мастацку абыграных прадметаў сялянскага побыту, драўляных і каменных скульптурак. Вялікая альтанка можа сабраць за гасцінным сталом сяброў і калег. Арэлі радуюць не толькі дзятву, але і дарослых вяртаюць у час шчаслівага маленства. Да чаго ж вольна дыхаецца, як душа адпачывае ў гэтай прыгажосці!
– Дзякуючы аграсядзібе Герасімовічаў, здаецца, памаладзела ўся вёска, – гавораць карэнныя жыхары. – Людзі да нас едуць, музыка з падворка гучыць.
І сапраўды, Генадзій Генрыкавіч – таленавіты музыкант. Аднак яго рукі не ведаюць стомы, не толькі перабіраючы клавішы музычных інструментаў, але і ўзводзячы на сядзібе “новыя аб’екты”, малыя архітэктурныя формы. Так, з’явілася адмысловая лазня, а цэлы шэраг складзеных з камянёў свечак-свяцільнікаў не толькі ўтварае рамантычную “месяцавую сцяжынку”, але і тэматычна аддзяляе адну зону адпачынку ад другой. Тут ахоўвае спакой гаспадароў ды гасцей велічная скульптура паўліна, а на днях у кампанію да пярнатага прыбудзе … драўляны мядзведзь. Дзівосаў на сядзібе колькі заўгодна!
У “Шкардзянцы” вам з задавальненнем раскажуць мясцовыя легенды і паданні.
– Хачу з цягам часу ачысціць тутэйшыя крыніцы, добраўпарадкаваць ля іх тэрыторыю, захаваўшы памяць пра тых, у чый гонар яны названы, – дзеліцца планамі Генадзій Генрыкавіч.
Увогуле задумак багата. Непадалёку Старыя Васілішкі з іх знакамітым клубам-музеем Чэслава Немэна, куды прыязджае вялікая колькасць турыстаў. А вось пачаставацца, адведаць беларускую нацыянальную кухню, адчуць гасціннасць Прынеманскага краю самы раз у “Шкардзянцы”. Гаспадыня аграсядзібы Ганна Іосіфаўна са сваімі памочнікамі гатуе цудоўна. Фірменны рэцэпт – хатняя курыца, засмажаная па-шкардзянску.
– У нас падсобная гаспадарка, агарод з экалагічна чыстай гароднінай – усё сваё, свежанькае і якаснае. Так што гастранамічны турызм – гэта таксама адзін з напрамкаў, што патрабуе развіцця. Дый зялёных маршрутаў наўкол нямала. Гісторыя тутэйшых мясцін багатая. У нашым рэгіёне прыгожыя храмы і фальваркі, валуны з эпохі ледніковага перыяду, курганы часоў татара-мангольскага нашэсця, – захоплена распавядае Ганна Іосіфаўна Герасімовіч і дадае, – прыязджайце адпачываць у “Шкардзянку”, не пашкадуеце.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.