Як гэта – быць мамай пяці дачок, распавядае жыхарка Шчучына Алёна Багдзель

Алёна ледзь пераступіла парог кватэры, як да яе кінулася малодшая дачушка. "Мамачка!" – з пяшчотай выгукнула Сонечка і прытулілася цепленькай шчочкай да астуджанага ветрам матулінага твару. Алёна Лявонцьеўна распранулася, абняла малую і прайшла ў пакой. Жанчына крыху адпачне пасля рабочай вахты – яна працуе ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце нянечкай -- і возьмецца за хатнія справы. У мнагадзетнай сям'і іх заўсёды хапае.

 

 

Юныя, прыгожыя, таленавітыя

 

Сям'я шчучынцаў Алёны і Аляксандра Багдзеляў звычайная і ў той жа час асаблівая: тут выхоўваюцца ажно пяць дачок! Старэйшая Аляксандра ўжо дарослая і самастойная. Яна скончыла СШ №2 з залатым медалём, потым Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Працавала ў гісторыка-археалагічным музеі ў абласным цэнтры, у школе.

 

-- Наша Саша – вельмі творчая і таленавітая, -- не нарадуецца Алёна Лявонцьеўна. – Цяпер піша кнігу. Пра што -- трымае ў сакрэце. Святло ў пакоі гарыць і па начах, значыць, натхнення ёй не займаць. Да таго ж мае паэтычны дар і выдатна малюе. Па маёй просьбе Саша часова ўзяла на сябе клопаты пра дом і малодшых сясцёр, бо з-за пандэміі каронавіруса я і мае калегі цяпер працуем вахтавым метадам – па два тыдні запар. Другая мая дачка – Марыя – таксама выпускніца другой гарадской школы і таксама залатая медалістка. Яна заканчвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, без пяці хвілін мікрабіёлаг. Цяпер Маша піша дыпломную работу і збіраецца праходзіць практыку ў інстытуце ветэрынарыі Акадэміі навук Беларусі. А яшчэ вельмі любіць гатаваць, так што аднаму шчучынскаму хлопцу, які ўжо прапанаваў ёй руку і сэрца, дакладна пашанцуе (смяецца).

 

Па словах маці, рознабаковыя інтарэсы і ў сярэдняй "кветачкі" з гэтага прыгожага сямейнага букета – дзевяцікласніцы Ані. Дзяўчынка вучыцца ў той жа школе, што некалі яе старэйшыя сёстры-выдатніцы, таму як толькі хтосьці хоча параўнаць з імі, адказвае, што да чужой славы прымазвацца не збіраецца, хоча заставацца сама сабой. Анютка таксама натура творчая, захапляецца паробкамі, апроч гэтага -- валейболам, задаволена мама. А раней многа год займалася чарлідынгам, і гэта ў яе добра атрымлівалася. Калі старэйшыя дочкі адхіліліся ад дому, Аня стала галоўнай мамінай памочніцай. Бо Надзейка ж яшчэ першакласніца, а Сонечка – выхаванка дзіцячага садка. Дарэчы, Надзя, як і старэйшая Саша -- здольная да малявання, яны, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, моцна сябруюць. А Соня – агульная любіміца, але "камандзірша" і гарэза, якіх пашукаць!

 

 

Адны на ўсіх клопаты

 

Матуля гатова бясконца расказваць пра вартасці сваіх дачок. Па нязначных словах-штрышках разумееш, што атмасфера ў доме цёплая і даверлівая, а Алёна Лявонцьеўна для сваіх любіміц яшчэ і сяброўка, з якой яны дзеляцца сакрэтамі і раяцца. Жанчына рада, што яе дзяўчаткі ладзяць між сабой, што яны не толькі разумныя, але і працавітыя – і дома парадак падтрымліваюць, і на кухні завіхаюцца. І на дачы хвотна падсабляюць: тут у іх домік, градкі, цяпліца, а яшчэ сад вялікі і кветак многа, сярод якіх любімыя матуліны ружы. А як абыходзіцца з зямлёй, каб мець ураджай, вучыць Алёну не трэба: яна родам з вёскі Залесна, што ў Каменскім сельсавеце, вырасла ў мнагадзетнай сям'і. Сваіх чатырох сыноў і дзвюх дачок яе бацькі Галіна Іванаўна і Лявонцій  Рыгоравіч Петушок выхавалі не беларучкамі.

 

-- Ды і мой муж, Аляксандр Рамуальдавіч, хоць і гараджанін, але і зямлю, і дачныя клопаты любіць, -- задаволена жонка. – Увогуле ён чалавек надзейны, працавіты, гасцінны. Сашу не трэба напамінаць, што і дзе зрабіць, сам усё ведае. Гэта ў яго ад бацькі. А дзядуля Раман – ён у нас адзіны са старэйшага пакалення застаўся -- наша апора. Дзеці яго вельмі любяць.

 

Дарэчы, у сэрцы маці пецярых дачушак Алены Лявонцьеўны Багдзель хапае цеплыні і пяшчоты і для 28 выхаванцаў дома-інтэрната. "Хоць яны і з асаблівасцямі па здароўі, але ж такія добрыя і ласкавыя, -- кажа яна. -- Праводзілі дадому з вахты – развітвацца не хацелі, плакалі, бо ўбачымся толькі праз два тыдні. Каб жа хутчэй ужо вярнуцца да ранейшага графіка работы…".

 

 

У доме жыве радасць

 

Прызнацца, ведаю Алёну Багдзель з тых часоў, калі яна была мамай толькі трох дзяўчатак. Яшчэ пры першым нашым знаёмстве жанчына пакарыла дабрынёй, неверагоднай сціпласцю, добразычлівасцю, уменнем радавацца простым рэчам.

 

-- Я, як і мая мама, усім рада, -- раскрывае яна вытокі свайго такога каштоўнага душэўнага скарбу. У нашым доме адкрыты дзверы для добрых людзей. Разам адзначаем усе сямейныя і вялікія рэлігійныя святы. Адны толькі дні нараджэння доўжацца з вясны – у красавіку Соня з'явілася на свет -- і да восені, калі імяніны ў Надзейкі. А на чэрвень ажно два выпадае – у Сашы і Машы. Падарункі рыхтуем не толькі пакупныя, але і сваімі рукамі зробленыя. Напрыклад, наша творчая Аляксандра на Новы год вылепіла для ўсіх цацкі з гліны. А ўвогуле ў нас пад ёлачкай сюрпрызы з'яўляюцца ажно да старога Новага года! Весялосць у доме, і  гэта шчасце!

 

Ордэна дастойна!

 

У сямейным святочным календары, безумоўна, не губляюцца Дзень маці і 8-га Сакавіка. Прычым, у 2019-ым Дзень маці выдаўся асаблівы: Алёна Лявонцьеўна  была адзначана галоўнай дзяржаўнай узнагародай для мнагадзетных матуль.

 

-- Ордэн Маці мне ўручыў тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, -- расказвае жанчына. – Былі і падарункі, і кветкі. Цёпла павіншавалі і калегі на рабоце. Тады ў другі раз прышпільвала на сукенку ордэн. Цяпер ён у асобнай скрыначцы захоўваецца – разам з залатымі медалямі старэйшых дачок і медалём "Мацярынская слава", уручаным, між іншым, некалі маёй маме. Не выключаю, што наша ўзнагародная скарбонка папоўніцца.

 

"У такім рытме я кожны дзень"

 

Зайшла размова і аб тым, ці складана вялікай сям'і ў фінансавым плане.

 

-- Галоўнае – умець правільна размяркоўваць наяўныя сродкі, -- пераканана Алёна Лявонцьеўна. – Пакупкі мы плануем. У школу дзяўчынкам купляю ўсё новае. Канешне, не па дзесяць убораў, але новыя. Да таго ж сама ўмею шыць і вязаць – нядаўна вось для Надзі кофту звязала… Што да харчавання, то агародніна ў нас свая, мяса купляем. Я на некалькі дзён не наварваю, стараюся, каб мае дзеці елі свежае. Канешне, гэта патрабуе часу. Таму ўстаю рана, каб напячы блінчыкаў -- іх любяць усе, у школу і сад адправіць, а кладуся, калі ўжо дзеці спяць. Я прывыкла да руху – і дома, і на рабоце. Калегі часам кажуць: "Прысядзь, адпачні", а я ў такім рытме кожны дзень і добра сябе пачуваю. Ведаеце, я пераканана, што дзеці маму малодзяць. Бывае, гляну на старэйшых дачок і думаю: "Якая ж я ўжо старая". А потым перавяду погляд на малодшых і ўсміхнуся: "Не, я яшчэ маладая!".

 

"Мама – галоўнае слова ў кожным лёсе. Няма ні героя, ні генія без маці, без яе цёплых рук, якія не ведаюць стомы! Мы – галіны яе мацярынскага дрэва!" – напісаў вядомы савецкі пісьменнік Расул Гамзатаў. З усведамленнем гэтага і варта жыць кожнаму чалавеку.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота з сямейнага архіва.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!