Як гэта - быць "чатырохтысячніцаю" і кіраваць камбайнам? Свае жыццёвыя гісторыі расказваюць Марыя Іосіфаўна Варэнік і Алена Антонаўна Місюк з в.Янчукі

 

Жывуць у вёсцы Янчукі людзі самыя розныя: і маладыя, і сталага ўзросту. Хтосьці тут нарадзіўся, хтосьці выйшаў замуж і пераехаў на радзіму мужа ў Янчукі, а хтосьці жыллё сабе тут прыкупіў. Вёска ад горада ў крокавай даступнасці – чаму ж тут не асталявацца?!

 

Вось і Марыя Іосіфаўна Варэнік з Аленай Антонаўнай Місюк – адны са старажылаў, лічы, усё жыццё тут і пражылі. Марыя Іосіфаўна нарадзілася ў суседнім Зарэччы, а адсюль родам яе муж. А для Алены Антонаўны Янчукі – яе малая радзіма. Жыццё гэтых дзвюх жанчын – сапраўдная энцыклапедыя, у якой можна знайсці самыя розныя гістарычныя факты з жыцця нашага раёна, а то і краіны. Што аб’ядноўвае гэтых прыемных бабуль? У кожнай – няпросты лёс, працоўны стаж – ні многа ні мала  – па сорак год. А яшчэ кожная з іх у свой час была адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі…

 

Ордэн – за работу слаўную

 

Марыя Іосіфаўна прыязджае цяпер у сваю родную хатку ў Янчуках толькі на вясну і лета разам са сваёй дачкой Марыяй. А ўсю восень і зіму жыве ў дачкі ў Гродне – у кватэры з усімі выгодамі, канечне ж, халадамі больш зручна. Каля дагледжанага доміка – многа кветак, засаджаны агарод. Радуецца сэрца бабулі, калі яна кожны сезон вяртаецца ў родную сядзібу.

 

Да Марыі Іосіфаўны мы заглянулі разам са старастай вёскі Янчукі Аленай Чашчэвік. Гаспадыня ўжо была пры поўным парадзе, а яе праўнучак Ромка, які, лічы, кожнае лета праводзіць у вёсцы, уладкаваўся разам з намі, каб уважліва слухаць жыццёвы расказ прабабулі. Яму ўсё было цікава! А Марыя Іосіфаўна нават у свае амаль 82 не губляе пачуцця гумару і радуецца свайму доўгаму жыццю.

 

-- Ведаеце, як я замуж пайшла? – заінтрыгавала нас Марыя Іосіфаўна. – Прыходзіў да мяне адзін такі сталы кавалер. Пасядзім на лаўцы, пагаворым. А аднойчы ён прывёў на танцы свайго сябра, каб са мною пазнаёміць. Мы адразу ўпадабалі адзін аднаго, і я цэлы вечар танцавала з гэтым хлопцам, які, дарэчы, аказаўся маім аднагодкам. А потым ён правёў мяне дамоў. Так мы і пасябравалі. Неўзабаве надышоў час яму ісці ў армію. І ён папрасіў, каб правяла я яго ў Шчучын. А дарога наша праходзіла каля сельсавета. Тут мой Пеця і кажа: «А давай распішамся!». «А хто ж яго ведае, -- адказваю я. – Можа мама сварыцца будзе?»

 

«Не будзе!» – запэўніў ён. Толькі мы аформілі наш шлюб, як у сельсавет сапраўды прыбегла мама з крыкам ды плачам. Работнік сельсавета прапанавала разарваць дакумент, толькі я не згадзілася: раз так выйшла, няхай і застаецца!

 

З мужам яны жылі добра, чацвёра дзяцей вырасцілі. Марыя Іосіфаўна яшчэ дзяўчынкаю працавала ў гаспадарцы на розных падсобных работах, а потым уладкавалася на ферму даяркаю. Гэта працоўнае месца і засталося ў яе адзіным на ўсё жыццё. У свой час яна з гонарам насіла званне «чатырохтысячніцы» -- за год ад адной каровы надойвала больш за чатыры тысячы літраў малака. А да работы была прывучана з дзяцінства: яе мама гадавала адна семярых дзяцей. Бацька загінуў, калі Марыя была 13-ці гадоваю дзяўчынкай. Разам з тым, яна паспела скончыць тры класы Барташоўскай школы.  

 

-- Помню, мы таксама бегалі на ферму дапамагаць маме, -- расказвае дачка Марыі Іосіфаўны. – Раздавалі корм каровам і даілі іх, чысцілі стойлы, бялілі кароўнік. Адразу ў мамы было 14 кароў, а калі сталі выкарыстоўваць даільныя апараты – больш за 20 рагуль. Сваёй матуляю мы вельмі ганарыліся: яна не аднойчы была пераможцай  сацыялістычных спаборніцтваў – захаваліся граматы 1977 і 1980 гадоў. 16 снежня 1980 года яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы 3-яй ступені, а 23 верасня 1986 года ёй была ўручана Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР.

 

Муж Марыі Іосіфаўны спачатку працаваў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам, а потым у будаўнічай брыгадзе. Дом для сваёй вялікай сям’і пабудавалі сваімі рукамі. Першым нарадзіўся сынок, а затым – трое дзяўчат. Цяпер яны ўсе жывуць у Гродне.

 

-- Бацькі і хатнюю гаспадарку заўсёды трымалі вялікую, -- працягвае Марыя. -- Тры каровы, авечкі, свінні, індыкі, качкі, куры. Акрамя гэтага, цэлае лета мы праводзілі на праполцы буракоў. Па чатыры дні пасвілі кароў у полі. Нас – дзяцей – было многа, а бацькі стараліся даць нам усё, што маглі.  Мама заўсёды пякла вельмі смачныя пірагі. І нас навучыла. А ўжо якая яна заўсёды акуратная была! Ні за што не пойдзе на ферму ў непрасаваных сукенцы і хустачцы. Прыгожа вязала, вышывала, умела ўсё. А я помню, як нам было весела. У сем’ях дзяцей было многа – нават у аўтобус не змяшчаліся, калі ўсе  ехалі ў школу. У нас быў клуб, танцы, кіно паказвалі. Моладзь збіралася на пляцоўцы, каб пагуляць у валейбол, у “выбівалу” – жыццё кіпела! Здаецца, гэта было так даўно… А сёння ў мамы ўжо сем унукаў і восем праўнукаў!
Ромка не хаваў свайго здзіўлення і шчыра прызнаўся, што шмат цікавага даведаўся пра сваю прабабулю і пра той час, калі яна працавала. А Марыя Іосіфаўна ціхенька ўсміхалася і шчыра радавалася, што дачакалася нават праўнукаў.

 

За штурвалам «Коласа»!

 

Многія моманты свайго жыцця Алена Антонаўна Місюк памятае як сёння. Напрыклад, як першы раз да іх у гаспадарку на поле  прыехаў камбайн, а жанчыны пачалі наперад яго жаць сярпамі. Усе дружна лічылі, што ён сапсуе вырашчаны ўраджай і не пускалі тэхніку на поле.  

 

 

-- Старшыня калгаса Сцяпан Аляксандравіч Байгот насілу ўпрасіў жанчын сысці з поля, -- расказвае Алена Антонаўна. – Камбайн паехаў, а вось толькі ні зерня, ні саломы не відаць… І толькі калі залацістыя зярняткі пасыпаліся ў прычэп трактара, а на полі з’явіўся бункер саломы, усе супакоіліся – хлеб не прападзе!
Сама Алена Антонаўна тры гады працавала памочнікам камбайнера ў мужа.

 

-- Ніколі не забуду, як першы раз кіравала камбайнам! – жанчына нібыта зноў вярнулася ў тыя дні. – Ён называўся «Колас». Муж мне кажа: «Бяры руль і едзь!» А ў мяне рукі трасуцца. Жатка была шырынёю шэсць метраў. Я яму кажу: «У мяне не хапае вачэй глядзець!»  А ён мне: «Глядзі проста!» Калі заехала ў канец поля, мой Ян усміхаецца: «А цяпер глянь, як ты ехала». Ззаду за камбайнам цягнулася крывая паласа… А як прыгожа сыпалася зерне! Гэты гук немагчыма было ні з чым параўнаць.

 

Алена Антонаўна – карэнная жыхарка: у Янчуках нарадзілася, чатыры класы школы скончыла, тут замуж выйшла, пецярых дзяцей нарадзіла.

 

-- 8 сакавіка 1949 года тут быў створаны калгас імя Ракасоўскага, -- расказвае Алена Антонаўна. – Крыху пазней у яго склад увайшоў калгас імя Сталіна і новая гаспадарка атрымала назву «1 Мая».
Мама Алены Антонаўны адна расціла іх з братам. Яе муж загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны на тэрыторыі Польшчы.

 

img_2937.jpg

 

-- Я з дзяцінства вельмі моцная была, -- гаворыць Алена Антонаўна. – І дровы рубала, і бульбу абганяла і баранавала, уся работа на мне была. Брат закончыў дзесяць класаў і паехаў вучыцца на майстра чыгункі. Адпрацоўваць яго накіравалі на два гады аж у Мурманск. А потым забралі ў армію. Мама яго восем год не бачыла. А я за ўсё сваё жыццё працавала ў гаспадарцы на паляводстве, на складзе, даяркай, свінаркай і нарэшце памочнікам камбайнера. Калі падраслі сыны, яны прыйшлі жаць з бацькам мне на змену.

 

Муж Алены Антонаўны Ян Феліксавіч быў чалавекам вядомым далёка за межамі раёна. У лістападзе 1975 года яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР, у 1971 годзе – ён атрымаў ордэн Леніна. За выдатныя поспехі ў рабоце яму нават падарылі аўтамабіль – “Масквіч-412”. А працоўны шлях яго пачаўся таксама рана. Пасля сямі класаў, а вучыліся яны разам з Аленай Антонаўнай, ён вырашыў атрымаць спецыяльнасць трактарыста. Вывучыўся, і яго прызначылі прычэпшчыкам на трактары. Алена і Ян пажаніліся, калі хлопец вярнуўся з арміі.

 

Неаднаразова адзначалася узнагародамі і Алена Антонаўна. Адна з самых дарагіх – «Медаль мацярынства», які яна атрымала ў 1979 годзе за выхаванне пецярых дзяцей – трох сыноў і дзвюх дачушак.

 

-- У свой час я была выдатнаю пявунняй, -- працягвае свой расказ мая суразмоўца. – Мы нават ездзілі ў Мінск на запіс перадачы «Вячоркі», а потым нас паказвалі па тэлевізары. А яшчэ я заўсёды любіла вышываць, посцілкі ткала, вязала пруткамі і кручком.

 

10 унукаў і чатыры праўнукі – самае галоўнае багацце Алены Антонаўны. Яе дзеці жывуць непадалёку і часта бываюць у бацькоўскім доме: праведаць маму і дапамагчы ёй па гаспадарцы – святая справа.

 

…Цудоўныя атрымаліся сустрэчы. Душэўныя… Слухаеш жыццёвыя аповеды гэтых мудрых, пражыўшых дастойнейшае жыццё жанчын, і здзіўляешся сіле волі, вынослівасці і мужнасці людзей, якія працавалі дзень і ноч, дасягалі сур’ёзных вышынь і бязмежна любілі свае сем’і і сваю Радзіму…

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!