Я вельмі люблю жыццё… Сваімі успамінамі падзялілася жыхарка вёскі Лагады Марыя Фляр’янаўна Трахімчык

 

Зусім нядаўна жыхарка вёскі Лагады Марыя Фляр’янаўна Трахімчык адзначыла свой 97-ы дзень нараджэння. На свята да бабулі з’ехаліся родныя і блізкія. Цёплая, шчырая і запамінальная адбылася сустрэча. Марыя Фляр’янаўна прымала віншаванні, успамінала сваё жыццё, радавалася, што яе помняць і паважаюць.

 

А расказаць ёй было пра што.

 

– Гэта цяпер мы жывём у дастатку, – разважае жанчына. – А раней былі зусім іншыя часы. І вайну перажылі, і гаспадарку паднімалі. Мой бацька Фляр’ян Казіміравіч прымаў удзел яшчэ ў Першай сусветнай вайне, тры гады знаходзіўся ў нямецкім палоне. Калі быў вызвалены, вярнуўся дамоў, дзе яго чакала жонка з дзіцём.

 

У сям’і таты было дзевяць дзяцей. Яго сёстры павыходзілі замуж, а ён і яго два браты вырашылі будаваць дом – адзін на траіх. Зямлі ў нас было мала – усяго паўтара гектара. Што вырасціш на такім кавалачку… Таму бацьку, каб карміць сям’ю, прыходзілася пазычаць у людзей салому, канюшыну, а мама летам тым людзям аджынала. Я таксама ёй дапамагла, чым магла. І зерне мы з ёю малолі ў жорнах, таму што на млыне нам не было чым плаціць.

 

Калі пачалі стварацца калгасы, мой бацька першым пайшоў запісвацца. Яго абралі дэпутатам. Тады ж так голадна было. Ні абуць нічога, ні адзець. Мне брат змайстраваў басаножкі з бярозавай палкі, якую знайшоў у хляве. А ў гады вайны і адразу пасля таго, як прагналі фашыстаў з нашай зямлі, у нашых мясцінах было вельмі неспакойна. Арудавалі розныя банды. Нават некаторыя нашы аднавяскоўцы ўступілі ў гэтыя банды. А паколькі мой бацька быў дэпутатам, хацелі яго забіць. І яму прыйшлося доўга хавацца. Аднойчы яго засталі дома. Тады моцна збілі і яго, і маму, а я хавалася на печцы. Толькі нейкім цудам ён застаўся жывым. Так здарылася, што гэтыя бандыты захапілі чырвонаармейцаў, якія прыйшлі ў вёску са станцыі Ражанка. Тады якраз справа ўжо пад зіму была, а гэтыя нелюдзі раздзелі салдат і збівалі іх. І пагражалі спаліць дом, калі хто-небудзь рызыкне дапамагчы чырвонаармейцам.

 

Заходзілі да нас у Лагады і партызаны. Яны ўчынялі дыверсіі фашыстам на чыгунцы, якая праходзіла тут непадалёку, падкладвалі міны. Канешне, мы дапамагалі ім, чым маглі.

 

Аднойчы бандыты зноў прышлі ў наш дом, шукалі бацьку. Але дома яго не было, толькі мама. Каб я нічога не бачыла, яна завяла мяне ў другі канец хаты да другіх дзяцей. Мы ўсе сядзелі на ложку, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго, і нам так было страшна, што нават ложка трэслася пад намі. Але на той раз маму не чапалі, нават не білі. Гэтыя банды не давалі спакойна жыць вяскоўцам аж да той пары, пакуль іх не прагналі з нашых мясцін.

 

 

Пасля вайны жыццё паступова пачало наладжвацца, але працаваць бацькам Марыі Фляр’янаўны і іх траім дзецям прыходзілася вельмі шмат. Бацька доўга і цяжка хварэў, таму больш прыходзілася працаваць яе маці: і для сябе, і для людзей.

 

Замуж Марыя Фляр’янаўна выйшла за мясцовага хлопца, а пасяліліся яны ў бацькоўскім доме: як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе. Жылі спакойна і дружна, нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Калі дзеці падраслі, Марыя Фляр’янаўна пайшла працаваць на ферму ў мясцовую гаспадарку: трэба было дапамагчы дзецям атрымаць спецыяльнасць. Да гэтага хадзіла ў паляводчыя брыгады. На мужа яна асабліва разлічваць не магла, ён хварэў.

 

– Я адна даглядала 70 цялят, – успамінае мая суразмоўца. – І з усім спраўлялася: і чысціла, і карміла, і апілкамі падсцілала. Раней жа не было ніякай аўтаматыкі, усё ўручную. І буракоў трэба было канём навазіць і секачамі насекчы, і пра сянаж паклапаціцца. Але неяк з усім спраўлялася. У жыцці ўсяго хапала, але Божанька даў сіл усё вытрымаць. 29 гадоў я адпрацавала ў гаспадарцы: і ў паляводчай брыгадзе, і на ферме.

 

Сёння, гледзячы на Марыю Фляр’янаўну, не скажаш, што ўсяго праз тры гады яна будзе адзначаць стогадовы юбілей. Абавязкова будзе! Таму што яна вельмі светлы чалавек, які ніколі і нікому не адмовіў у дапамозе, і ніколі і нікому не сказаў дрэннага слова. І ўсё тое дабро, якое яна некалі рабіла людзям, цяпер вяртаецца да яе. Яна стараецца кожныя выхадныя бываць на імшы ў касцёле: падвозіць сын і суседзі ніколі не адмовяць. Яна ведае ўсё пра сваіх дзяцей, унукаў, якіх у яе чацвёра, і праўнукаў – а іх у бабулі ўжо шасцёра. Памяць яе ніколькі не падводзіць. А з гаспадаркі ў яе – дзве курачкі, певень і любімы кот.

 

– Я вельмі рада, што і ў такім узросце яшчэ на сваіх нагах, – шчыра ўсміхаецца Марыя Фляр’янаўна. – Ведаю, што мае дзеці заўсёды мне ва ўсім дапамогуць, але хацелася б дажываць свой век толькі ў сваёй хатцы. Ведаеце, як я паднімаю сабе настрой, калі стане сумна? Я спяваю сама для сябе. І на душы становіцца спакойна. Я вельмі люблю жыццё, і рада ад таго, што мне пашчасціла жыць у такі час і ў дастатку, бачыць, як квітнее наша краіна.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!