Я хачу гэта ўбачыць, ці Байкерскі погляд Уладзіміра Богдана на Шчучыншчыну
Гул матораў ужо стаў звыклым для нашага горада авіятараў, але на гэты раз ён зноў выклікаў жывую цікавасць у гараджан. Не дзіўна, бо ў госці на сваім матацыкле прыехаў вядучы вядомай і ўсімі любімай тэлеперадачы «Я хачу гэта ўбачыць», якая выходзіць на тэлеканалах «Беларусь 2» і міжнародным спадарожнікавым «Беларусь 24», Уладзімір Богдан. Якія славутасці Шчучыншчыны нельга абмінуць, ці лёгка кіраваць самалётам, якую таямніцу хавае сакрэтны бункер, як вызначыць час па сонцы? На гэтыя і многія іншыя пытанні шукаў адказы герой нашага матэрыялу.
З Уладзімірам Богданам мы сустрэліся ў палацы Друцкіх-Любецкіх. Прыпаркаваўшы свайго двухколавага сябра, ён разам са здымачнай групай вывучаў жамчужыну нашага горада. Заўзяты падарожнік распавёў журналісту «Дзянніцы» пра сваю праграму і пра тое, чым уразіла яго Шчучыншчына.
СМІ ў адзін голас сцвярджаюць, што наўрад ці на беларускім тэлебачанні ёсць больш спакушаны падарожнік, чым Уладзімір Богдан. Ён не першы год падарожнічае на сваім «жалезным кані», даследуе невядомыя шырокаму колу мясціны. Дзякуючы яму людзі могуць паглядзець на Беларусь вачыма чалавека, які сядзіць на матацыкле. Да таго ж вядучы заўсёды гатовы да эксперыментаў: лёгка рыхтуе і спрабуе нацыянальныя стравы, вывучае забытыя народныя рамёствы. Ён літаральна дакранаецца да гісторыі рукамі, знаёміцца з цікавымі людзьмі, майстрамі сваёй справы, уладальнікамі незвычайных хобі. Вядучы разам са сваёй камандай ужо наведаў многія знакавыя мясціны і дакладна можа сказаць, што можна паглядзець у Беларусі, куды варта адправіцца на выхадныя і якія ўнікальныя славутасці ёсць у нашай краіне.
– У 2014 годзе мы запусцілі праект «Я хачу гэта ўбачыць», мэтай якога была папулярызацыя ўязнога турызму, і запусцілі яго на “Беларусь 24”. Праграма вельмі хутка стала папулярнай, яе падхапіў шэраг іншых тэлеканалаў, – расказвае Уладзімір Богдан. – Разам з камандай мы вывучалі тое, што не было вывучана, пракладвалі новыя маршруты для падарожнікаў.
З часам людзі сталі выкарыстоўваць нашу праграму, як навігатар у сваіх падарожжах. Чаму мы пачалі рабіць праграму менавіта на матацыкле? Хацелі прыцягнуць маладое пакаленне да гэтай тэматыкі. Наша праграма нясумная, я б нават сказаў, нефармальная. А галоўная мэта – паказаць тое, што гледачы яшчэ не бачылі. Без агульнавядомых фактаў не абысціся, але мы стараемся паказваць іх па-іншаму, мы не расказваем доўга і нудна пра помнікі. Я прапускаю ўсё ўбачанае праз сябе, перадаю гледачу праз свае эмоцыі, ўражанні і раблю гэта проста і даступна. Мне хочацца перадаць культурны пласт маладому пакаленню. Эфект відавочны. Шчучынскія хлапчукі, якія глядзяць праект, ужо пыталіся, куды я яшчэ паеду і прызнаваліся, што таксама хочуць ездзіць па краіне і свету, як я.
Гэта толькі з першага погляду падаецца, што рабіць відэасюжэты проста. Аднак па-за кадрам застаецца шматдзённая крапатлівая праца цэлай каманды. Каб зняць адзін выпуск пра нейкі рэгіён краіны, траціцца некалькі дзён. Да таго ж праграма – сезонная.
Былы радыёвядучы, тэлевядучы праграм «Белорусское времечко», «Ваша лато» і іншых усё больш займаецца тэлевізійным прадзюсаваннем. Аднак і праект «Я хачу гэта ўбачыць» не забывае. Нягледзячы на тое, што Уладзімір пабываў амаль ва ўсіх кутках краіны, ужо напрацаваў новыя ідэі па развіцці праекта. Да таго ж, у мінулым годзе вядучы адправіўся ў «Вялікі сэлфі-тур», у якім таксама адказвае за падарожжы, але ўжо замежныя.
Прыемна, што Шчучыншчына і яе жыхары не пакінулі абыякавым Уладзіміра Богдана.
– Я ўпершыню трапіў у Шчучын, – прызнаўся тэлевядучы. - Тут дзіўна спалучаецца гісторыя і сучасны турызм, жывуць цудоўныя людзі. Відаць, што за апошнія гады многае зроблена мясцовымі ўладамі. Чаго толькі варта аднаўленне палаца Друцкіх-Любецкіх! З задавальненнем пазнаёміўся з малой авіяцыяй, нават паруліў у небе над Шчучынам, парадаваўся за тое, што хутка ў горадзе з’явіцца траса для мотакроса.
Дарэчы, здымачная група папрацавала не толькі ў горадзе, але і ў іншых населеных пунктах нашага раёна. Перадача пра Шчучыншчыну, знятая ў рамках тэлепраекта, з’явіцца ў эфіры тэлеканала «Беларусь 24» гэтай восенню. Не ведаю, як вы, а я хачу гэта ўбачыць!
Ганна КАСПЕР.