ШТО ДЛЯ ВАС ЗНАЧЫЦЬ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ?

З такім пытаннем журналісты "Дзянніцы" звярнуліся да знакамітых жыхароў раёна.

 

 

Сяргей Іосіфавіч УШКЕВІЧ,

былы старшыня Шчучынскага райвыканкама, Ганаровы грамадзянін горада Шчучына:

 

 

 

- Дзень Перамогі – адзін з самых галоўных святаў нашай краіны. Таму што ў гэты дзень завяршыўся разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія хацелі парабаціць наш народ. Перамога над фашысцкай Германіяй - гэта подзвіг і слава нашага народа. 9 Мая сімвалізуе мужнасць і гераізм мільёнаў людзей. Менавіта ў гэты дзень, 75 год назад, мая маці была вызвалена з канцэнтрацыйнага лагера. Я як сын удзельніка Вялікай Айчыннай вайны ганаруся, што мой бацька Іосіф Рыгоравіч Ушкевіч абараняў нашу Радзіму, закончыў вайну на Одэры. Я стараюся перадаваць сваім дзецям і ўнукам тыя якасці, якія былі ўласцівы нашаму салдату-пераможцу.

 

 

Іван Юльянавіч Сакалоўскі,

былы старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў:

 

 

 

- Для мяне 9 Мая - гэта перш за ўсё сімвал гераізму і бяспрыкладнай мужнасці народа, які адстаяў мір на зямлі. Каб не было гэтага вялікага свята, то не было б такой прыгожай сучаснасці. Праўда апошнія падзеі звязаныя з каронавірусам некалькі азмрочылі гэты светлае і доўгачаканае свята. Але тым не менш мы сёння проста не маглі не пабыць ля гэтага святога месца і не ўскласці кветкі. На жаль, сёння ў некаторых краінах забываюць аб прычынах і наступствах той жорсткай і кровапралітнай вайны, імкнуцца прынізіць заслугі Савецкага Саюза ў Вялікай Перамозе. Вельмі сумна, што не здабываюцца урокі з гісторыі і зноў пагрозай над чалавецтвам навісаюць ваенныя канфлікты. Мы ганарымся воінамі, якія не шкадуючы жыцця збераглі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Колькі іх загінула, засталося ляжаць далёка ад родных мясцін. Пакуль мы будзем тут - будзе жыва памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра тых людзей, хто аддаў сваё жыццё за мірную Беларусь.

 

 

Вінцэнты Іванавіч КАЗЯК,

былы старшыня Шчучынскага райвыканкама, Ганаровы грамадзянін горада Шчучына:

 

 

 

- Свята Вялікай Перамогі - гэта важны дзень у жыцці кожнага, хто жыў у СССР. У гэты дзень была падведзена рыса пад самай кравапралітнай у гісторыі чалавецтва вайной. Вось ужо 75 год мы пішам слова Перамога з вялікай літары, падкрэсліваючы тым самым увесь веліч подзвігу савецкага народа ў бітве з фашыстамі. Сёння мы схіляем галовы перад памяццю тых, хто змагаўся з ворагам і не дажыў да яго разгрому. І, вядома ж, наша бязмерная ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш. Трэба памятаць і пра тое, што суровыя ваенныя гады былі цяжкім выпрабаваннем і для мірных людзей. Таму сёння мы ўдзячны ўсяму пакаленню ваенных гадоў за наш агульны Дзень Перамогі. Лічу, што мы павінны яшчэ больш расказваць маладому пакаленню пра Вялікую Айчынную вайну, пра яе герояў, прывіваць маладым пачуццё гонару і павагі за свой народ. Такое свята як ніякое іншае аб'ядноўвае пакаленні. Са святам вас, з Днём Перамогі!

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!