Спартыўны сезон завяршылі перамогамі

У гэтыя перадсвяточныя дні ў Маладзечне прайшоў Кубак садружнасці памяці М.А. Панцюхова – міжнародны турнір па тайскім боксе, у якім прынялі ўдзел каля 300 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі і Казахстана. За перамогу змагаліся і выхаванцы трэнераў Уладзіміра Барысавіча Шурупава і Міхаіла Пятровіча Кавалёва.

Шчучынскі баксёр Ілья Сырыцкі закончыў свой фінальны бой яшчэ ў першым раўндзе, ударам нагі з развароту адправіўшы свайго саперніка ў накаўт. Яго сябра па камандзе Улад Марчукевіч таксама датэрмінова завяршыў паўфінальны і фінальны баі магутным хай-кікам. Усяго два раўнды ў паўфінальнай сустрэчы спатрэбілася Андрэю Вароніку, каб прымусіць свайго апанента здацца. Аднак у фінале наш баксёр усё ж саступіў па колькасці набраных ачкоў. Другое месца заняў і юны шчучынскі спартсмен Мацвей Кавалёў, які дастойна правёў на рынгу чатыры баі. Павел Рымко і Дзімід Лобач заваявалі “золата”.
– Кубак садружнасці памяці М.А. Панцюхова – гэта апошнія спаборніцтвы ў бягучым спартыўным сезоне, – гаворыць старшыня папячыцельскага савета ДЮСШ г. Шчучына Міхаіл Пятровіч Кавалёў. – Сёлета нашы выхаванцы прывезлі дадому мноства медалёў, чым мы, безумоўна, ганарымся! Упэўнены, у наступным годзе шчучынскія баксёры прадоўжаць радаваць новымі перамогамі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!