Вытокі: Шчучынскаму раёну – 80 гадоў!

Час імкліва рухаецца наперад. Вось ужо і Шчучынскі раён неўзабаве адзначыць свой наступны юбілей – 80-годдзе з моманту ўтварэння. У свой час нараджэнне Шчучынскага раёна супала з вялікімі і трагічнымі падзеямі ў гісторыі Еўропы. 1 верасня 1939 г. нападзеннем фашысцкай Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня Савецкі Саюз абвясціў, што ён адмаўляецца ад захавання Рыжскай мірнай дамовы 1921 г., а Чырвоная Армія рушыла на захад, каб “вызваліць ад эксплуататараў працоўных Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”. На працягу 19–21 верасня 1939 г. шчучынская зямля была занята часцямі Чырвонай Арміі. Хутка пачаліся грунтоўныя сацыялістычныя пераўтварэнні.

Напярэдадні 1939 г. у межах Навагрудскага ваяводства Польскай рэспублікі існаваў Шчучынскі павет. Гэта была вялікая тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка з цэнтрам у мястэчку Шчучын Навагрудскі. Плошча павета складала 2 273,4 кв. км, а колькасць насельніцтва дасягала 107 203 чалавек. Гэта быў выключна аграрны край, дзе шматлікае сялянства востра адчувала недахоп зямлі, большая частка якой была ў панскіх руках.
4 снежня 1939 г. савецкая ўлада стварыла на тэрыторыі Заходняй Беларусі некалькі новых абласцей, у тым ліку – Баранавіцкую вобласць, у склад якой увайшоў Шчучынскі павет. Напрыканцы снежня 1939 г. былі распрацаваны прапановы аб скасаванні паветаў і стварэнні новых тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак, якія б адпавядалі агульнай савецкай раённай структуры. 15 студзеня 1940 г. быў афіцыйна створаны Шчучынскі раён. Плошча раёна першапачаткова складала 642 кв. км, а колькасць насельніцтва дасягала 38 872 чалавек. Цэнтрам раёна стаў гарадскі пасёлак Шчучын. Новы раён быў прыблізна ў тры разы меншы за былы павет. Адначасова з’явіліся два новыя раёны: Васілішкаўскі і Жалудоцкі, паміж якімі была падзелена тэрыторыя былога Шчучынскага павета.
Хутка была створана новая мясцовая сістэма ўлады на чале з першым сакратаром райкама Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і старшынёй раённага выканаўчага камітэта. У 1940–1941 гг. першыя сакратары Шчучынскага райкама КП(б)Б змяняліся вельмі часта. На гэтай пасадзе паспелі папрацаваць Георгій Турык, Піня Сорын, Герасім Любімаў, Сцяпан Шупеня. Пасаду старшыні Шчучынскага райвыканкама ў 1940–1941 гг. займаў Фёдар Коршыкаў. Усе яны паходзілі з усходніх абласцей Беларусі і былі накіраваны на новыя месцы працы з мэтай умацавання савецкай улады.
У адпаведнасці з рашэннямі Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Шчучынскім раёне пачалася канфіскацыя панскай зямлі і нацыяналізацыя буйной прамысловасці. У 1940 г. у раёне былі створаны першыя 7 калгасаў – калектыўных сельскіх гаспадарак, а ў 1941 г. з’явіліся яшчэ 5. Яны ахоплівалі 411 сялянскіх гаспадарак, што скаладала ўсяго 5,4% ад колькасці ўсіх сялянскіх гаспадарак у раёне. Адным з першых стаў калгас імя Сталіна. Ён быў створаны на базе былога фальварка князёў Друцкіх-Любецкіх на паўночным ускрайку мястэчка – асады Шчучын, якая змяніла назву на вёску Першамайскую. Зараз гэта шчучынскія вуліцы Азёрная, Майская і Набярэжная. У Ішчалне на базе панскага маёнтка з’явіўся калгас “Чырвоны баец”. У 1940 г. пачала працу першая ў Шчучынскім раёне машынна-трактарная станцыя, якая мела 10 трактароў. Наколькі дазваляюць меркаваць крыніцы – гэта былі першыя трактары на шчучынскай зямлі. Яшчэ адной навінкай стала выданне ўласнай раённай газеты. Яна мела назву “Сцяг працы” і друкавалася на беларускай мове. Рэдактарам з’яўляўся Давід Ермаковіч, якога са студзеня 1940 г. на гэтай пасадзе змяніў мінскі студэнт Якаў Федарэнка. “Сцяг працы” стаў першай уласнай газетай у гісторыі Шчучына.
У сакавіку 1940 г. на тэрыторыі Шчучынскага раёна ўжо працавала 53 школы: 44 беларускія, 5 польскіх, 2 рускія і 2 яўрэйскія. Навучальны працэс забяспечвалі 154 настаўнікі, што было на 75 чалавек больш, чым напярэдадні верасня 1939 г. Савецкія школы надавалі вялікую ўвагу не толькі навучанню, але і выхаванню моладзі. З гэтай мэтай у раёне былі створаны камсамольская і піянерская арганізацыі. Шчучынскую камсамольскую арганізацыю ўзначаліў П. Палякоў.
Невядома, як бы склаўся лёс Шчучынскага раёна, калі б 22 чэрвеня 1941 г. не пачалася Вялікая Айчынная вайна. Па яе выніках істотна змянілася шчучынская зямля: значна скарацілася насельніцтва, цалкам знікла яўрэйская супольнасць, частка грамадзян выехала ў Польшчу, была цалкам зруйнавана гаспадарка. Вайна раскідала першых кіраўнікоў Шчучынскага раёна. Ніхто з іх ужо не вярнуўся ў Шчучын. Усё трэба было пачынаць нанава.
Але Шчучынскі раён захаваўся. 20 верасня 1944 г. ён быў перададзены ў склад Гродзенскай вобласці. Неўзабаве, пасля хвалі ўзбуйненняў у 1960–1965 гг., Шчучынскі раён набыў свае сучасныя межы, якія вельмі блізкія да межаў міжваеннага павета. Самаадданая праца шчучынцаў дазволіла пераадолець усе наступствы ваеннай навалы. Гэтак з цягам часу савецкая тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка стала сучасным беларускім раёнам, які ўпэўнена крочыць у ХХІ стагоддзе.
Сяргей ДАНСКІХ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!