Вынікі работы за мінулы год падвёў калектыў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” падчас справаздачнага сходу

У актавай зале Жалудоцкай сярэдняй школы імя В. Урублеўскага адбылося падвядзенне вынікаў работы філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” за мінулы год. Адзначыць зробленае і абмеркаваць планы на будучыню сабраліся работнікі сельгаспрадпрыемства на чале з дырэктарам Станіславам Гузенем. Таксама ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч і старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Цывінскі.
Удзельнікаў сустрэчы вітаў дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Гузень:
– Сёння мы сабраліся на святочным мерапрыемстве, каб падвесці вынікі работы нашага філіяла за 2024 год. Мне вельмі прыемна стаяць сёння на сцэне, бо для нас гэты год склаўся даволі паспяхова. Мы выканалі ўсе прагнозныя паказчыкі. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склала юольш за 31 млн пры тэмпе росту да ўзроўню 2023 года 107,6%. І самае галоўнае, што па ўсіх галінах нашай вытворчасці, у жывёлагадоўлі і ў раслінаводстве паказчыкі выкананы цалкам.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” на 1 студзеня 2025 года складае 4634 галавы. Летась парадаваў валавы надой малака, які склаў 13,5 тыс. тон пры тэмпе росту 102,9%. Сярэдні надой на адну карову ў мінулым годзе склаў 9508 кг малака, што на 273 кг больш чым два гады таму. Лепшы вынік па гэтым паказчыку мае МТК “Зенюкі”, дзе ад адной каровы атрымалі 10231 кг малака.
Годных вынікаў дасягнулі жалудоцкія раслінаводы. У першыню за гісторыю філіяла, у тым ліку і калгаса, валавы збор збожжа з кукурузай у фізічнай вазе склаў 18975 тон. У параўнанні з 2023 годам было дададзена 2867 тон збожжа. У 2024 годзе гаспадаркай было нарыхтавана 1024 тоны сена, 19778 тон сенажу, 19324 тон сіласу і 1474 тон плюшчанай кукурузы.
У гаспадарцы маецца 37 трактароў, 8 зернеўборачных і 5 кормаўборачных камбайнаў, 9 пагрузчыкаў, 29 грузавых аўтамабіляў. Як адзначыў Станіслаў Гузень, тэхнічная база невялікая. Аднак дзякуючы высокакваліфікаваным механізатарам, кіроўцам і спецыялістам інжынернай службы ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” паспяваюць выканаць усе даведзеныя задачы:
– Хачу ўсім нашым работнікам выказаць вялікую падзяку за вашу нялёгкую працу. Жадаю моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту, поспехаў у працы, а таксама мірнага неба над нашай краінай.
Таксама словы падзякі працоўнаму калектыву сельгаспрадпрыемства выказаў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі:
– Ведаючы вынікі работы адчуваю гонар за ваш калектыў і штогадовае паступовае пазітыўнае развіццё. Выказваю вялікую падзяку вам за работу ў не самых простых эканамічных умовах. Ваша культура земляробства – гэта практычна ўзор для ўсяго раёна. Вынікі ў жывёлагадоўлі таксама вартыя павагі. Гэта ўсё дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву. Дзякуй вам за тое, што любіце зямлю на якой працуеце. Гэта заслугоўвае павагі.
Пасля пленарнай часткі сходу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”. Таксама ўпрыгажэннем сустрэчы стаў канцэрт, які падрыхтавалі мясцовыя артысты.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.