Выбар на карысць будучыні. Абмеркаванне бягучай электаральнай кампаніі адбылося падчас сустрэчы з работнікамі культурнай сферы
Сустрэча з работнікамі сферы культуры нашага раёна у рамках акцыі “Прэзідэнцкая рэспубліка” адбылася на гэтым тыдні ў Шчучынскай дзіцячай школе мастацтваў. Удзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня Шчучынскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вераніка Дысько і загадчык сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч.
У рамках сустрэчы прысутныя грунтоўна абмеркавалі бягучую электаральную кампанію. У прыватнасці закранулі галоўныя этапы выбарчай кампаніі і прававыя асновы Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Як было адзначана, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вызначаны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на 26 студзеня 2025 года. Немалаважна: у наступным годзе завяршаецца пяцігодка. Лагічна, што вынікі мінулай пяцігодкі і выбар далейшага стратэгічнага курсу развіцця нашай краіны павінен зрабіць новаабраны кіраўнік дзяржавы. Асаблівасцю гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што выбарчыя ўчасткі за мяжой адкрывацца не будуць.
Акрамя таго, падчас сустрэчы з работнікамі культурнай сферы спікеры пагутарылі аб дасягненнях нашай краіны за перыяд незалежнасці, а таксама падрабязней спыніліся на ролі інстытута прэзідэнцтва ў развіцці краіны.
– Набліжаюцца навагоднія святы, пануе казачны і святочны настрой. Але разам з тым мы рыхтуемся ўзяць непасрэдны ўдзел у гістарычных для нашай краіны падзеях. Самае галоўнае, што ў гэты перыяд мы можам праявіць сябе сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй радзімы, зрабіўшы свой выбар. Зрабіўшы выбар у адносінах да будучыні, ў якой мы хочам жыць і развівацца далей, – адзначыла Таццяна Цюсіна.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя маглі звярнуцца да спікераў з асабістымі пытаннямі і прапановамі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.