Больш за паўстагоддзя творчай працы на ніве культуры. Як Генадзь Паноў праз музыку праслаўляе шчучынскі край

Больш за шэсцьдзясят песень, тры аўтарскія зборнікі, шэраг славутых вакальных калектываў і больш за паўстагоддзя творчай працы на ніве культуры.
Музыкант, кампазітар, аранжыроўшчык, акампаніятар і педагог са Шчучына Генадзь Аляксеевіч Паноў – чалавек шматгранны і ўнікальны. У свае семдзесят пяць ён працягвае несці ў свет і дарыць землякам гармонію і радасць, праз музыку захоўвае духоўныя і нацыянальныя каштоўнасці, праслаўляе шчучынскі край і перадае моладзі музычную спадчыну.
У 2017-м за папулярызацыю песеннай творчасці імя таленавітага музыкі было занесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна, у 2020-м зямляк стаў лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко ў сферы культуры і мастацтва.Творчая біяграфія Панова ўключана ў выданне «Кто есть кто в Республике Беларусь. Личности. Достижения, 2021 и 2024 годы».
У рытме жыцця
Напачатку васьмідзясятых Генадзь Паноў стварыў у Шчучынскім раённым Доме культуры вакальную групу, якая з цягам часу ператварылася ў ансамбль народнай песні “Медуніцы” і стала візітоўкай Шчучыншчыны. У 1995 годзе ансамбль атрымаў званне народнага.
Сёлета “Медуніцам” споўнілася трыццаць пяць. За гэты час праз народны калектыў прайшла амаль сотня таленавітых самадзейных спевакоў, атрыманы шматлікія перамогі ў музычных конкурсах і фэстах, заваяваны вялікія сцэны, але нязменным заставаўся мастацкі кіраўнік Генадзь Паноў. Толькі нядаўна маэстра перадаў паўнамоцтвы свайму таленавітаму малодшаму калегу Дзмітрыю Паваргу і працягвае працаваць з калектывам як акампаніятар. У рэпертуары гурта – беларускія народныя песні ў аранжыроўцы Генадзя Панова ды ягоныя аўтарскія творы.
Шмат сіл Генадзь Аляксеевіч аддае свайму любімаму “стварэнню” – хору ветэранаў, а таксама акампаніруе народнаму хору польскай песні “Промень”. Гэтыя калектывы разам з «Медуніцамі» па праву з’яўляюцца гонарам і культурным скарбам Шчучыншчыны, носьбітамі і захавальнікамі жыватворных народных традыцый. Іх творчасцю захапляецца ўжо не адно пакаленне жыхароў і гасцей прынёманскага краю.
– Для мяне вельмі дарагі хор ветэранаў, – дзеліцца Генадзь Паноў. – У пачатку – сярэдзіне васьмідзясятых гэта быў хор ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – у ім спявалі людзі, якія здабывалі Вялікую Перамогу. Я з цікавасцю слухаў іх гісторыі і захапляўся сілай іх духа і галасоў. Цяпер у калектыве ветэраны Узброеных Сіл і працы, якія збіраюцца разам, каб праз музыку вярнуцца ў маладыя гады, перажыць добрыя эмоцыі, сустрэцца з аднадумцамі, а потым са сцэны пазнаёміць маладое пакаленне з музыкай, што кранае душу. Хор выступае перад землякамі на святах, па магчымасці гастраліруе, удзельнічае ў абласных фэстах. Зараз рыхтуемся да чарговага такога фэсту ў сакавіку.
Для сваіх творчых калектываў маэстра падбірае каларытны рэпертуар і нястомна піша песні як кампазітар. Музыка Генадзя Панова – гарманічная, меладычная, павольная, філасофская. Яна кранае сэрцы і прымушае задумацца аб вечным.
Песні– з сэрца
– А як нараджаюцца песні? – пытаюся ў маэстра.
– Мяне натхняе паэзія, асабліва мясцовых аўтараў, – дзеліцца Генадзь Аляксеевіч. – Пры чытанні вершаў, калі твор мяне кранае, у галаве з’яўляюцца музычныя думкі: гучаць музычныя тэмы, музычныя фразы… Імкнуся іх запісаць, бяру інструмент, упрыгожваю. Штосьці потым пераўтвараецца ў суцэльную мелодыю, а штосьці застаецца няскончаным.
Як вынік карпатлівай працы сам-адзейнага кампазітара – тры зборнікі мелодый і тэкстаў песень, якія выйшлі пры падтрымцы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ён працуе. Два першыя называліся “Малая радзіма”, а сёлетні “Пяшчота душы”, прымеркаваны да 75-годдзя музыканта. Словы многіх песень, якія ўвайшлі ў зборнікі, напісаны мясцовымі паэтамі, у тым ліку шчучынскімі.
Нотныя зборнікі выклікалі рэзананс у музычным асяродку Гродзеншчыны і сталі сапраўдным падарункам для прафесійных і самадзейных выканаўцаў, калектываў мастацкай самадзейнасці, навучэнцаў музычных устаноў і аматараў песні.
Спявай, баян!
Музыкай Генадзь Паноў займаецца з дзяцінства. Тата – франтавік і гарманіст – завёў хлопца ў Шчучынскую музычную школу вучыцца граць на баяне, бо заўважыў незвычайны талент. Потым юнак вучыўся ў Гродзенскім музвучылішчы, падчас службы ў арміі граў у аркестры, пасля вяртання ў Шчучын выкладаў у Шчучынскай дзіцячай музычнай школе, працаваў з вялікімі вакальнымі калектывамі прадпрыемстваў і калгасаў раёна, стаяў ля вытокаў знакамітых шчучынскіх творчых калектываў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Таленавітага баяніста можна ўбачыць на раённай сцэне і на вясельных «выправодзінах”, на гарадскім свяце і на падворку ў ветэрана Вялікай Айчыннай. А яшчэ ён падарожнічае з перасоўным “клубам на калёсах” і радуе вяскоўцаў з аддаленых вёсак любімымі мелодыямі. Добры светлы чалавек шчодра дзеліцца сваёй творчасцю, размаўляючы з людзьмі на мове музыкі.
А расказаць яму ёсць што. І пра асабістае вялізнае каханне, якое з’явілася яму ў юнацтве ў выглядзе прыгажуні Яніны Уладзіславаўны, і пра любімых сыноў (старэйшы Дзмітрый пайшоў па бацькавым шляху, ён – таленавіты рэжысёр, музыкант, акцёр – заўвага аўтара), і пра пяцярых унукаў, пра праўнука ды праўнучку, якія толькі пачынаюць жыццё. І, канешне ж, пра любоў да Божага свету, жыцця, малой радзімы, землякоў…