Яшчэ не страчаная спадчына Вялікага Мажэйкава. Старажытнаму сядзібна-паркаваму комплексу патрэбна дапамога нашых сучаснікаў
Шчучыншчыну без перабольшвання можна назваць музеем беларускай архітэктуры пад адкрытым небам. Турысты ўжо даўно аблюбавалі старажытную Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць у Мураванцы, велічныя касцёлы ў Ражанцы і Шчучыне, але ж разам з тым застаюцца малавядомымі некаторыя іншыя славутасці нашага раёна, якія, безумоўна, таксама вартыя ўвагі.
Зараз гаворка пойдзе пра рэшткі сядзібна-паркавага комплексу Хадкевічаў у аграгарадку Вялікае Мажэйкава. Будаўніцтва сядзібы тут пачалося ў ХVІІІ стагоддзі пры Адаме Тадэвушу Хадкевічу. Комплекс аб’ядноўваў сядзібны дом з афіцынамі з абодвух бакоў, вялікі парк на 10 гектараў, мураваную агароджу, флігель, шматлікія гаспадарчыя пабудовы, фантан, альтанку, капліцу, два штучныя вадаёмы. У 1890 годзе побач з сядзібай з’явіўся бровар. Дарэчы, дзякуючы малюнку вядомага беларускага мастака Напалеона Орды сёння ёсць магчымасць пабачыць, як выглядала ўязная брама сядзібы ў ХІХ стагоддзі.
Асаблівую ўвагу варта надаць парку, які выдзяляўся сваім хараством. Ён з трох бакоў быў акружаны пладовым садам і меў сіметрычную планіроўку з ліпавымі, грабавымі і кляновымі алеямі. Паркавы ансамбль упрыгожвалі ўваходная брама, мураваная альтанка-ратонда і капліца.
На жаль, мажэйкаўскай сядзібе наканаваны не самы шчаслівы лёс. Падчас Першай сусветнай вайны было пашкоджана шмат пабудоў, зруйнаваны амаль што ўсе калоны агароджы, а галоўны панскі маёнтак увогуле згарэў.
А што ж сёння з сядзібна-паркавым комплексам у Вялікім Мажэйкаве? На жаль, час не шкадуе нікога і нічога. Амаль страчана ўжо аўтэнтычная планіроўка, бо нават захаваныя будынкі ў свой час былі прыстасаваны то пад жытло, то пад складскія памяшканні. Стаіць уцалелая маёмасць на балансе саўгаса “Вялікае Мажэйкава”, які, між іншым, адказвае за захаванне помніка гісторыка-культурнай значнасці на падведамаснай тэрыторыі.
Сіламі работнікаў саўгаса тут падтрымліваецца адносны парадак: скошваюцца трава і хмызнякі, праводзяцца суботнікі. Зразумела, што для захавання сядзібна-паркавага комплексу гэтага недастаткова. Патрэбна рэстаўрацыя ці хаця б грунтоўная кансервацыя пабудоў: у аварыйным стане флігель, разбураюцца брама і агароджа… Рэсурсаў на гэта ў гаспадарцы няма. Як вядома, самастойна праводзіць работы па ўмацаванні аб’ектаў, што адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны, не дазваляецца без спецыяльнай праектнай дакументацыі і ўзгаднення са спецыялістамі не толькі архітэктурнай службы, але і навукоўцамі-гісторыкамі. Работа рэстаўратараў таксама каштуе вялікіх грошай. Так што без дзяржаўных асігнаванняў гэту справу не асіліш.
Што радуе, дык гэта парк, які ўсё яшчэ не страціў сваёй чароўнай аўры. Тут дагэтуль прыемна блукаць таямнічымі сцежкамі, дзе сустракаюцца экзатычныя дрэвы – акацыя белая, лістоўніца еўрапейская, ліпа амерыканская… Гэтае месца карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў, ёсць на тэрыторыі парка і спартыўная пляцоўка.
– Наша сядзіба знаходзіцца ў выгадным месцы: паміж Ішчална з яго ўнікальным касцёлам і знакамітай Мураванкай, тут тоіцца вялікі турыстычны патэнцыял, – гаворыць спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Вольга Зянкевіч. Было б вельмі добра, каб наш гістарычны аб’ект уключылі ў дзяржаўную праграму па адраджэнні культурнай спадчыны.
У добрым стане ўсё яшчэ захаваліся двухпавярховы лямус і склад, дом садоўніка… Безумоўна, сядзібны ансамбль у Вялікім Мажэйкаве з’яўляецца адметнай славутасцю Шчучынскага раёна, дзе можна дакрануцца да жывой гісторыі нашага краю. Але ж бяда ў тым, што гэта гісторыя без адпаведнай увагі сучаснікаў і догляду пачынае знікаць. Гэту праблему варта вырашаць на самым высокім узроўні, бо ёсць пагроза страціць помнік архітэктуры назаўсёды.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.