Вы для нас – жанчыны Перамогі! Паглядзіце, як сёння віншавалі ўдзельніц вайны з надыходзячым сакавіцкім святам

– Як цудоўна, што вы сёння завіталі да нас і паднялі настрой! Нечакана, але вельмі прыемна! – не хавае эмоцый ветэран Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Сяргееўна Осіпава, сустракаючы начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэя Іванавіча Навіцкага, дырэктара ТЦСАН, старшыню раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлану Уладзіміраўну Шанчук і старшыню раённага савета ветэранаў Эдмунда Станіслававіча Дзікевіча.

 

 

Цёплыя словы віншаванняў і пажаданні “трымацца, не здавацца і перамагаць!” сапраўды кранаюць да глыбіні душы і віноўніцу ўрачыстасці, і гасцей. Таццяна Сяргееўна, як заўжды, уражвае сваім аптымізмам, жаданнем быць у гушчыні падзей. Усе разам абмяркоўваюць нядаўняе свята – 80-годдзе Шчучынскага раёна, тым больш, што сярод іншых падарункаў ветэрану ўручаюць новы фотаальбом “Шчучын і ваколіцы”. Шчырая гутарка, добрыя ўспаміны, запрашэнне і далей наведвацца ў дом, дзе заўсёды рады добрым знаёмцам…
І вось ужо прадстаўнікі раённай улады і грамадскасці ў чарговага адрасата. Вера Рыгораўна Маслава толькі што вярнулася з Мінска, дзе папраўляла здароўе ў “ветэранскім шпіталі”.

 

 

– Цяпер я, як новенькая, – жартуе ветэран, а потым міжволі ўзгадвае цяжкае ваеннае ліхалецце, калі мужчыны ваявалі на франтах, а яны, жанчыны, у пермскім краі працавалі на Перамогу ў тыле.
Алена Парфёнаўна Сямёнава, якая гэтай вясной сустрэне сваё 99-годдзе, таксама рада нашай дэлегацыі, расчулена прымае цюльпаны і падарункі. На пытанне пра свой самы памятны дзень 8 Сакавіка, адказвае, маўляў, заўжды так была аддана рабоце, што і святаў іншы раз не заўважала. Затое цяпер яе і іншых ветэранаў ушаноўваюць і ў святы, і ў будні, за што вялікі дзякуй палітыцы нашага Прэзідэнта краіны.

 

 

У доме былой блакадніцы Ленінграда Веры Мікалаеўны Кузьміной першай нас сустрэла яе ўнучка Аксана, з цеплынёй расказала пра бабулю, пра тое, як з паездкі ў Піцер прывезла бабулі пано з відамі горада на Няве і нават сама не чакала, наколькі расхвалюецца бабуля гэтаму сувеніру. Была ўзрушана Вера Мікалаеўна і падарункам гасцей. Вельмі спадзяемся, што ўсё гэта прыемныя хваляванні. З надыходзячым святам 8 Сакавіка, дарагія жанчыны! Вы для нас не проста ўдзельніцы вайны, вы – музы Перамогі.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!