Вуліца з гісторыяй, або гісторыя вуліцы 17 Верасня. Чаму мяняліся назвы, якія скарбы захоўваюцца ў старых куфэрках і аб чым могуць расказаць карэнныя шчучынцы

 

Бадай, у кожным горадзе нашай краіны знойдзецца вуліца з назвай 17 Верасня. Большасць выпадковых прахожых, якіх я апытвала ў цэнтры Шчучына, ахвотна адказвалі, чаму менавіта гэта дата ўвекавечана ў назве адной з галоўных гарадскіх артэрый.

 

Але самы разгорнуты і аргументаваны адказ атрымала ад прафесійнага гісторыка і, між іншым, жыхаркі гэтай вуліцы Ліліі Мікалаеўны Хрыптовіч. Яна па-настаўніцку разважліва распавяла, як стагоддзе назад у 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, што заключаўся ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў, ладная частка тэрыторыі Беларусі аказалася пад уладай Польшчы. Аднак калі на Польшчу вераломна напалі гітлераўцы, развязаўшы Другую сусветную вайну, Чырвоная Армія рашуча перасекла савецка-польскую мяжу, каб аб’яднаць беларускі народ і беларускія землі. Вызваленчы паход адбыўся 17 верасня 1939 года. У памяць аб знакавай падзеі і сталі пераймяноўвацца вуліцы.

 

– Вельмі правільна, што ў грамадстве зараз лунае думка аб’явіць Днём народнага адзінства менавіта дату 17 верасня, – лічыць Лілія Мікалаеўна. – Бо пасля вызвалення Заходняй Беларусі тут пачаўся зусім іншы этап развіцця. Адразу пасля ўз’яднання распачалася нацыяналізацыя зямлі і прадпрыемстваў, сталі развівацца адукацыя, медыцына, беларуская культура…

 

 

На старых фотаздымках, якія беражліва захоўваюцца ў альбомах шчучынцаў-старажылаў, можна ўбачыць, як даўней выглядала адна з галоўных артэрый нашага горада. Простыя хаты – звыклы местачковы пейзаж. Сёння ж вуліца 17 Верасня можа па праве ганарыцца сучаснымі карпусамі не толькі філіялу знакамітай кампаніі “Малочны Мір”, але і ўнікальным высокатэхналагічным прадпрыемствам новага пакалення “Праймілк”. Тут мірна суіснуюць пара “хмарачосаў”-дзевяціпавярховак і невялічкія, бы цацачныя, прыватныя дамкі з акуратнымі агародчыкамі. А строгія адміністрацыйныя офісы, накшталт раённых вузлоў электра- і паштовай сувязі, суседнічаюць са шматлікімі гандлёвымі аб’ектамі – салідным універсамам “Родны кут” і шапікамі прадпрымальнікаў, “мадэрновым” новабудам і рэканструяванымі стараяўрэйскімі забудовамі. Да прыкладу, сувенірная крама, дзе раней размяшчалася БТІ, па словах Л.М. Хрыптовіч, калісь была… сінагогай.

 

Рарытэты са старога куфэрка

 

У доме №14 па вуліцы 17 Верасня жыве супружная пара Снапко. Людміла Мікалаеўна з кагорты карэнных шчучынцаў: менавіта ў гэты дом яе прывезлі ў 1954-м з раддома, на гэтай вуліцы прайшлі маленства і юнацтва. Тут яны з мужам і сваіх дзяцей выгадавалі ды далі пуцёўку ў вялікае жыццё, а самі працягваюць упісваць уласны радок у гісторыю радаводу і … роднай вуліцы.

 

– Даўно захапілася краязнаўствам, – прызнаецца Людміла Снапко. – У свой час мы з Уладзімірам Мірчуком, светлая яму памяць, шмат чаго “раскапалі” з гісторыі нашай вуліцы і горада ўвогуле, багата старажылаў выслухалі, фотакартачак перазнялі.

 

Падзяліцца Людміле Мікалаеўне сапраўды ёсць чым. Яна дастае з запаветнай шкатулкі мноства фотаздымкаў, якім яўна год пад сто! Праўда, у большасці сваёй гэта не відарысы горада, а партрэтныя і сямейныя картачкі, зробленыя, трэба сказаць, па-майстэрску. Кажуць, што першым фатографам, які ў 30-я гады мінулага стагоддзя адкрыў у Шчучыне фотаатэлье, быў Янкель Макульскі. Нельга сцвярджаць, што менавіта яму належыць хоць частка гэтых фотаработ, але права на гіпотэзу ніхто не адмяняў.
 А вось унікальныя дакументы! Іх знайшлі ў куфэрку бабулі Ніны, адной са спадчынніц гэтага дома, калі тая памерла 15 год таму. Да прыкладу, яе польскае пасведчанне аб школьнай адукацыі пазначана 1925 годам! З пасляваеннага 1948-га ляжала ў куфэрку пахавальная з паведамленнем, што Ежы Нікановіч (муж бабулі Ніны і родны дзед Людмілы Снапко) загінуў 6 ліпеня 1944 года і пахаваны ў Італіі. Мужчына быў прызваны ў Войска Польскае і змагаўся з гітлераўцамі з першых дзён вайны.

 

З чарговага дакумента, датаванага ажно 1935-м годам, вынікае: гэты дом пабудаваў яшчэ прадзед Людмілы Мікалаеўны! На вытанчанай шаўковай паперы накшталт папірусу начэрчаны падрабязны план, і бездакорным каліграфічным почыркам на польскай мове напісана, што пляц па вуліцы Каляёвай, 24а (вось якую назву, аказваецца, мела сучасная вуліца 17 Верасня!) у месцы Шчучын Шчучынскага павету Навагрудскага ваяводства належыць Яну Жалукевічу. Паводле гэтага, як сёння сказалі б, тэхнічнага пашпарту, надзел ля дома быў досыць вялікі. Але пры будаўніцтве дарогі частку зямлі забралі яшчэ “за польскім часам”, праўда, выплаціўшы гаспадарам добрую кампенсацыю, а ў савецкі перыяд участак урэзалі пры ўзвядзенні шматпавярховых дамоў.

 

Цяпер тут засталася зусім невялікая тэрыторыя, але дзякуючы намаганням дбайных гаспадароў дом адрэстаўрыраваны, а дворык ідэальна дагледжаны. Аказваецца, кветкаводства – адна з традыцый, што перадаецца тут з пакалення ў пакаленне.

 Як “вераснёўскія” півоні траплялі ў майскі Ленінград

 

–Так склалася, што мяне выхоўвала дваюрадная бабуля – Марыя Іванаўна Катуніна (Жалукевіч). Яна вярнулася з Расіі ў гэты бацькоўскі дом пасля вайны, – працягвае свой захапляючы аповед Людміла Мікалаеўна. – Каб хоць неяк палепшыць дастатак, брала на кватэру вайскоўцаў, якія прыязджалі служыць на аэрадром, а яшчэ – вырошчвала на продаж рэдкай прыгажосці кветкі. Першыя півоні ў Шчучыне зацвіталі менавіта ў яе. Напрыканцы мая, акурат перад апошнім школьным званком, бабуля беражліва іх зрэзвала, кожную кветку бы дзіцятка “спавівала” ў газету і шчыльна складвала ў … чамадан, закруціўшы сцёблы вільготнымі сурвэткамі. З далікатным “грузам” адпраўлялася ў далёкую вандроўку. Са станцыі Ражанка тады курсіраваў цягнік на Ленінград, дзе нашы півоні ахвотна раскупляліся на рынку, што “на пяці вуглах”. Іншы раз баба Маня і мяне з сабой брала. З таго часу я назаўсёды палюбіла Піцер і прызнаюся, што свой Шчучын магла б памяняць толькі на адзіны горад на свеце – на Санкт-Пецярбург.

 

Вось такая неверагодная гісторыя. Дарэчы, на вуліцы 17 Верасня, па згадках Людмілы, жыло нямала прадпрымальных людзей: хтосьці замяняў куцюр’е для гарадскіх модніц, хтосьці рамантаваў абутак ці шыў шапкі. Дамашняя мануфактура з поспехам кампенсавала дэфіцыт у “шырпатрэбе”. Пры гэтым ніхто і не думаў скардзіцца на жыццё. Для шчасця патрабавалася зусім няшмат. Лічылася, што ў невялікай краме па вуліцы 17 Верасня прадаюцца самыя смачныя ў горадзе селядцы, а цукеркі-падушачкі, якія шчодра насыпала ў папяровы кулёк прадавец “цёця Іра” Штырова, былі для дзятвы найвялікшай радасцю.

 

Экскурс у мінулае

 

Па маёй просьбе адпраўляемся з Людмілай Мікалаеўнай Снапко на прагулку па яе роднай вуліцы, дзе паветра настоена на водары квітнеючых садоў і свежаскошаных траў, а за кожнымі веснічкамі – свае цікавыя гісторыі і раскрытыя чалавечыя душы.

 

– Вось тут калісь стаяла невялікая пякарня, – мой гід паказвае на пятачок пад універсамаўскай шыльдай “Родны кут”. – А на тым баку дарогі была бібліятэка. На месцы цяперашняй аптэкі знаходзіўся дом Богданаў. Лічы, насупраць нашай хаты ў 60-х жылі Чарнякі, Чагаевы, Галавіны… У глыбіні іх дворыкаў, кажуць, адмысловая кузня была. Па нашым боку дзіцячы доктар Жалонкіна з сям’ёй пражывала, а ў гэтым прыгожым доме з калонамі сярод іншых знаходзілася і кватэра рэдактара раённай газеты “Савецкая вёска” Абрама Данілавіча Змудзяка. Да ягонай дачкі Тамары я бегала сюды гуляць.

 

Увогуле ўсе суседзі на вуліцы 17 Верасня сябравалі, улетку па святах у каго-небудзь у двары накрывалі вялікі агульны стол, гаманілі і так задорна спявалі! А калі, не дай Бог, бяда здаралася (памятаю, як у цёці Сімы Лысковай дачка ў Афрыцы загінула, будучы там з гуманітарнай місіяй), то ўсёй вуліцай, усім горадам гаравалі.

 

 Калісь па гэтай дарозе больш павозак ды веласіпедаў ездзіла, чым машын. У нядзелю людзі з усяе акругі накіроўваліся на базар і прасілі дазволу, каб у нас у двары “ровар паставіць”. Ну хоць за гэта па рублю бяры, – смяецца Людміла Мікалаеўна і заключае, – даўно стаў іншым уклад жыцця, мяняюцца пакаленні. Тым большую значнасць набывае краязнаўчая работа і проста наша ўдзячная памяць пра гісторыю родных мясцін.

 

Трагічны след вайны

 

Першая, да каго я падышла на вуліцы 17 Верасня, калі толькі распачала работу над гэтай тэмай, была Алена Іванаўна Арабчык – дырэктар Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. І вось што ад яе пачула:

 

 – З розных крыніц даведаліся, што сучасная вуліца 17 Верасня мела не толькі назву Каляёвая ў сувязі з вузкакалейкай, якую можна бачыць на старых фотаздымках, але і пэўны час насіла назву Ражанкаўская. А ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі польскія ўлады праводзілі “ў павятовым мястэчку” суцэльнае перайменаванне вуліц, яна атрымала імя вярхоўнага галоўнакамандуючага Эдварда Рыдз-Сміглага.
 Падчас нямецкай акупацыі, 9 мая 1942 года, па гэтай вуліцы фашысты гналі ў апошні шлях вязняў шчучынскага гета. Людзям сказалі, што іх вядуць на станцыю Ражанка, каб на цягніку адправіць у Ліду, таму трэба ўзяць з сабой самае каштоўнае. Апоўдні доўгая калона яўрэяў, акружаная немцамі на матацыклах і паліцаямі, рухалася ўздоўж дарогі. У той дзень была ўчынена зверская расправа: за Шчучынам фашысты расстралялі больш за 2 тысячы ні ў чым непавінных людзей.

 

Увогуле гісторыю Шчучына і яго вуліц найглыбей даследаваў наш зямляк-навуковец Сяргей Данскіх, і менавіта з ягоных кніг найчасцей мы чэрпаем каштоўную інфармацыю. Дзякуй яму за гэта.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара, Ганны КАСПЕР і з архіва Л.М. Снапко.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!