Знаёмцеся: жыхары вуліцы 17 Верасня ў Жалудку. Яны не толькі помняць, як раней называлася вуліца, дзе выходзіла газета "За Радзіму", куды хадзілі вучыцца дзеці, але і …

 

Кожная вуліца мае сваю гісторыю, як кожны чалавек – свой лёс.  На вуліцы 17 Верасня ў Жалудку жыццё заўсёды біла ключом. Гэта была адна з самых ажыўленых вуліц пасёлка, якая за гады свайго існавання стала сведкай самых розных падзей, што адбываліся ў гэтым населеным пункце. Сёння на вуліцы 17 Верасня пражывае амаль сто жыхароў. Хтосьці тут нарадзіўся і зрабіў свае першыя крокі, а хтосьці пераехаў сюды, і для яго гэта вуліца стала таксама дарагой.

 

Менавіта на гэтай вуліцы ўсё сваё жыццё, а 27 верасня жанчына адзначыць 89 год, пражыла адна са старэйшых жыхарак Жалудка Станіслава Міхайлаўна Рудая. Акуратненькі домік, дагледжаны агародзік – усё так па-вясковаму міла і кранальна. Уладкоўваемся на лавачках, і Станіслава Міхайлаўна пачынае свой нетаропкі аповед пра жыццё, насычанае і выпрабаваннямі, і шчаслівымі момантамі, пра сваю родную вуліцу…

 

– Нас у бацькоў было чацвёра: сын і тры дачкі, – расказвае мая суразмоўца. – Тата, як і яго двое братоў, быў шавец адмысловы. Ён вырас у вялікай сям’і, быў чалавекам пісьменным і заўсёды хацеў, каб усе яго дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. А мама – круглая сірата, іх з сястрою выхавалі цёткі. Тата вельмі ўпадабаў маму: яна была выдатная танцорка і прыгажуня. Так і склалася іх сям’я. Пасля заканчэння Жалудоцкай школы я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінску, каб стаць настаўнікам геаграфіі. Толькі лёс унёс свае карэктывы. Рана пайшоў з жыцця тата, і маме было цяжка адной паднімаць чацвярых дзяцей.

 

Таму я перавялася на завочнае аддзяленне і вярнулася на сваю родную Жалудоччыну. Спачатку працавала загадчыцай аддзела ўліку ў райкаме камсамола, потым перайшла ў аддзел па рабоце з моладдзю і камсамольцамі, а праз некаторы час мяне абралі другім сакратаром Жалудоцкага райкама камсамола. У той час прыслалі да нас у раён з Ваўкавыска Сцяпана Рудага, які быў абраны першым сакратаром. Праз некаторы час мы пажаніліся. Нам выдзелілі жыллё – частку вось гэтага дома, дзе я зараз і жыву. Дарэчы, у другой палове дома жыў журналіст Мікалай Каралёў, які не толькі працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, але і пісаў кнігі. Мы з мужам дваіх займаць у камсамоле кіраўніцкія пасады не маглі, таму я перайшла працаваць у школу, якая, дарэчы, знаходзілася на нашай вуліцы, настаўнікам геаграфіі. Выкладала і іншыя прадметы. А да гэтага вучыла дзяцей у Ашмянцах.   

 

Толькі не доўгім аказалася сямейнае шчасце. Калі дачушцы было ўсяго два з паловаю гадкі, не стала мужа Станіславы Міхайлаўны. Нават сына свайго не ўбачыў…

 

-- Многа мне прыйшлося ўсяго перажыць, -- гаворыць жанчына. -- Толькі я ўсё роўна вельмі шчаслівы чалавек! Я не засталася адна, гадаваць дзетак  дапамагалі мама і сястра Марыя. Сын і дачушка выраслі дастойнымі людзьмі. Дачка Людміла – урач-гінеколаг, жыве і працуе ў Пінску. Сын Сцяпан закончыў Рыжскае ваеннае ракетнае вучылішча. Служыў на Урале, выкладаў у ваенным вучылішчы ў Растове, а  цяпер -- на заслужаным адпачынку, нядаўна перабраўся жыць у Гродна. У мяне чацвёра ўнукаў, і нават праўнукаў дачакалася. Цяпер мы амаль увесь час жывём з маёй сястрой Марыяй. Летам яна перасяляецца да мяне са сваёй гарадской кватэры ў Шчучыне, на зіму я да яе еду.

 

Марыя Міхайлаўна Антановіч амаль сорак год працавала ў СШ №2 г. Шчучына ў бібліятэцы. І ўсё сваё жыццё падтрымлівала сястру і дапамагала ёй. І цяпер ім лягчэй дваіх спраўляцца па хатняй гаспадарцы. Узрост у абедзвюх вельмі паважаны: Марыя толькі на паўтара года маладзейшая за сястру. Калісьці, яшчэ дзецьмі, яны сталі сведкамі страшнай ваеннай трагедыі, якая не адпускае іх да гэтай пары: расстрэлу жыхароў Жалудка яўрэйскай нацыянальнасці…

 

Як сцвярджае Станіслава Міхайлаўна, для яе вялікім шчасцем было жыць і працаваць на сваёй радзіме.
-- Наша ж вуліца не заўсёды насіла такую назву, -- гаворыць жанчына. -- Раней яна называлася Беліцкая – тут можна было праехаць на Беліцу. На нашай вуліцы размяшчалася вайсковая часць, а далей – аэрадром. У доме, дзе цяпер знаходзіцца аграсядзіба “Марчукова хата”, было Жалудоцкае райаддзяленне ўпраўлення Міністэрства дзяржбяспекі па Гродзенскай вобласці, начальнікам якога працаваў Іван Арэф’еў. Падчас правядзення аперацыі на хутары Радзівонішкі ў Лідскім раёне ён атрымаў смяротнае раненне. Імя гэтага чалавека носіць вуліца ў нашым пасёлку.  

 

Аповед Станіславы Міхайлаўны дапаўняе старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Цывінскі, разам з якім мы і завіталі ў гэты гасцінны дом.

 

-- Вуліца 17 Верасня заўжды была самай ажыўленай, -- гаворыць Генадзій Іванавіч. – Па гэтай вуліцы моладзь у Ашмянцоўскі клуб на дыскатэку хадзіла, пакуль ён працаваў. Гэта ж вуліца вядзе на нашу пляцоўку, дзе заўсёды праводзіцца свята кветак і іншыя мерапрыемствы. Тут непадалёку знаходзіцца будынак былой рэдакцыі, дзе выходзіла газета Жалудоцкага раёна “За Радзіму”. А яшчэ тут працавалі гасцініца і яўрэйская школа. У доме, дзе сёння адкрыты нарыхтоўчы пункт, была наладжана сур’ёзная вытворчасць. Там ціснулі сок з яблыкаў.  

 

Развітваючыся з гасціннымі бабулямі, мы шчыра пажадалі ім жыць яшчэ доўга-доўга і абавязкова быць здаровымі. А самі накіраваліся далей па вуліцы 17 Верасня знаёміцца з яе жыхарамі.

 

Анжэла Сівая са сваёй сям’ёй пераехала ў дом па гэтай вуліцы 16 год таму. Раней яны жылі ў Фарным Канцы, менавіта там з’явіліся на свет яна сама і яе дзеці. Жанчына працуе ў аддзяленні сястрынскага догляду у Жалудоцкай бальніцы. Разам з Анжэлай Станіславаўнай жывуць яе сын, а таксама дачка з мужам і сваёй дачушкай. Праўда, хутка Дар’я з сям’ёй з’едзе ад матулі: кіраўніцтва філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, дзе працуе жанчына, выдзеліла сям’і трохпакаёвую кватэру.

 

-- Тут прыгожае і спакойнае месца, -- гаворыць Анжэла. – Мы рады, што некалі вырашылі пераехаць. І суседзі ўсе – людзі добрыя.

 

Дом Анжэлы Станіславаўны выдзяляецца сярод іншых. З ранняй вясны да позняй восені тут рознымі колерамі вясёлкі пераліваюцца кветнікі і радуюць сваім цвіценнем гаспадыню і жыхароў Жалудка. А працуюць яны над упрыгожваннем сваёй сядзібы ўсе разам, адзінай камандай: жаночая палавіна агучвае свае ідэі, а мужчынская дапамагае іх рэалізоўваць.

 

Яшчэ адны жыхары вуліцы 17 Верасня – сям’я Марыі і Юрыя Герда. Яны таксама пераехалі сюды і пасяліліся ў купленым доме ў 2004 годзе.  

 

-- Мы заўсёды марылі пра свой дом, -- гаворыць Марыя. –Да пераезду жылі з бацькамі ў Зенюках. Калі старэйшы сын пайшоў у школу, вырашылі, што самы час пераехаць у Жалудок, каб дзецям было зручна хадзіць на заняткі. Цяпер сыны ўжо выраслі: старэйшы – ваеннаслужачы ў Слоніме, а малодшы вучыцца ў вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

 

Марыя Віктараўна працуе ў мясцовай гаспадарцы, а Юрый Генадзьевіч – на Скідзельскай птушкафабрыцы. Яны таксама любяць прыгажосць і ствараюць яе сваімі рукамі. Муж сам адрамантаваў звонку дом, і цяпер ён, светленькі і прыгожы, выглядае так урачыста.

 

-- Нам камфортна жыць у пасёлку і на гэтай вуліцы, -- аднадушныя Марыя і Юрый. – У магазінах можна набыць усё неабходнае, нядаўна нават адкрылася гандлёвая кропка з будаўнічымі матэрыяламі. Ганарымся, што ў нашага пасёлка ёсць і свой брэнд – кветкавы фестываль.

 

…Вось такая яна, вуліца 17 Верасня ў Жалудку, вуліца, якая атрымала сваю назву ў гонар вялікай падзеі ў жыцці беларускага народа: уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!