Водны адпачынак з камфортам і бяспекай. “Дзянніца” даведалася, дзе і як правесці купальны сезон у Шчучынскім раёне
Цёплае сонечнае надвор'е ўжо даўно ўсталявалася ў нашым раёне, а разам з ім пачаўся летні купальны сезон. Аднак вадаёмы – гэта месцы павышанай небяспекі, якія патрабуюць пільнасці і выканання ўсіх правілаў. Як правесці водны адпачынак з карысцю і пазбегнуць непрыемных сітуацый – раскажам зараз.
Варта памятаць, што сёлета купанне ў нашым раёне дазволена толькі ў адным месцы – гэта гарадское возера ў Шчучыне. Вада тут прайшла ўсе адпаведныя праверкі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а дно было даследавана і ачышчана ад шкла, карчоў і смецця камандай вадалазаў. Усе іншыя вадаёмы Шчучыншчыны такую праверку не праходзілі, а значыць адпачынак у такіх месцах можа быць небяспечным для жыцця і здароўя.
Ужо два тыдні людзі бавяць час на шчучынскім пляжы, кожны дзень яго наведваюць каля 100 чалавек. Бяспеку адпачывальнікаў забяспечвае каманда ратавальнікаў, якую ўзначальвае старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД, старшы матрос-ратавальнік Валерый Шаг. Ён нагадаў пра асноўныя правілы бяспекі пры купанні:
– Трэба звяртаць увагу на надвор’е. Тэмпература паветра для бяспечнага купання павінна быць не ніжэй за 20°С, тэмпература вады – ад 18°С. Купацца трэба нядоўга – 10-15 хвілін, пры выхадзе з вады пажадана добра выцірацца, каб не абгарэць на сонцы, таксама не лішнім будзе выкарыстоўваць крэмы для скуры, – адзначае Валерый.
Разам з Валерыем Іосіфавічам кожны дзень на пляжы па чарзе дзяжураць матросы Віктар Семянцоў і Мікалай Данцэвіч. Дапамогу ратавальнікам аказвае міліцыя, якая сочыць за правапарадкам.
Памятайце, што дзецям да 14 гадоў забаронена купацца і знаходзіцца каля вадаёмаў без суправаджэння бацькоў ці іншых дарослых. Вядома, за бяспекай непаўналетніх на пляжы могуць прасачыць ратавальнікі, аднак для гэтага трэба выконваць наступнае правіла.
– Канечне, для дзяцей гэта амаль трагедыя, калі іх не пускаюць у ваду, – кажа Валерый Іосіфавіч. – Таму я заўсёды прашу бацькоў, каб яны, адпраўляючы сваё дзіцё на пляж, перадавалі нам запіску з яго імем і прозвішчам, адрасам пражывання і кантактным тэлефонам мамы і таты. Так мы заўсёды будзем мець магчымасць пазбегнуць непажаданых сітуацый.
Для камфорту і бяспекі шчучынскіх аматараў воднага адпачынку на гарадскім пляжы зроблена зручная навігацыя, паводле якой акваторыя пляжа дзеліцца на тры зоны. Першая – дзіцячая купальня, тут вучацца плаваць дзеці да 10 гадоў, а глыбіня ў гэтым месцы не перавышае 80 см. Наступная зона – паплаўковая, яна абмяжоўваецца маленькімі круглымі буйкамі. Гэта зона прызначана для дзяцей ад 10 гадоў і дарослых, якія не ўмеюць плаваць. Максімальная глыбіня тут 1 м 30 см. Апошняя зона абмяжоўваецца забароннымі буямі, бо за імі канчаецца акваторыя пляжа. Заплываць за гэтыя буі нельга, бо дно ў тым месцы не даследавана.
Варта адзначыць, што сёння на тэрыторыі гарадскога пляжа існуе шэраг невырашаных пытанняў, якія не дазваляюць наведвальнікам у поўнай меры адчуць камфорт ад адпачынку. Галоўны недахоп – недастатковая падсыпка пляжа пяском без камення. Справа ў тым, што зараз на беразе трапляюцца ўчасткі з засохлай глінай, што можа прывесці да траўматызму, асабліва дзяцей.
Яшчэ адна праблема звязана з дзіцячай купальняй, на асобным участку якой была парушана структура дна. Цяпер на гэтым месцы гразка, таму падсыпка проста неабходна. Спадзяваемся, што Шчучынскае РУП ЖКГ у хуткім часе вырашыць гэтую праблему і зробіць пляж яшчэ больш камфортным для нас і гасцей нашага горада.
Таксама недахопам нашага пляжа можна лічыць адсутнасць пітной вады для адпачывальнікаў і матросаў. Асабліва востра гэтае пытанне стаіць падчас спёкі, таму падвоз вады ў бутлях быў бы дарэчы.
Адпачынак на вадаёмах быў і будзе папулярным ва ўсе часы, ён бясплатны і карысны для здароўя. Аднак падчас вясёлых гульняў нельга забываць аб правілах бяспекі. Выконваючы іх, вы зможаце правесці купальны сезон з камфортам і бяспекай.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.