Дзесяць шчучынскіх баксёраў занялі I месца ў камандным заліку на адкрытым чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па тайскім боксе
10 шчучынскіх баксёраў – выхаванцы секцыі “Таэквандо” Палаца творчасці дзяцей і моладзі – паспяхова выступілі на адкрытым чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па тайскім боксе, які праходзіў у Брэсце, і занялі ў камандным заліку I месца.
Усяго за чэмпіёнскі тытул змагаліся звыш 150 спартсменаў з розных куточкаў Беларусі, таму канкурэнцыя была высокай. Шчучынцаў на рынгу немагчыма было стрымаць: яны перамаглі ўсіх сваіх сапернікаў, вярнуўшыся дадому чэмпіёнамі не толькі ў камандным, але і ў асабістых заліках. Да ўсяго, нашы баксёры Ілья Сырыцкі і Андрэй Варонік былі прызнаны лепшымі байцамі турніру, за што былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі.
– Чэмпіянат Брэсцкай вобласці па тайскім боксе – гэта апошнія буйныя спаборніцтвы перад першынством рэспублікі, якое пройдзе 28-31 мая ў Асіповічах, – гаворыць трэнер шчучынскай каманды Уладзімір Барысавіч Шурупаў. – Менавіта там будзе весціся адбор мацнейшых байцоў у нацыянальную зборную Беларусі для ўдзелу ў Чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Бангкоку летам. За права адстойваць гонар роднай краіны ў Тайландзе пазмагаюцца і мае выхаванцы Ілья Сырыцкі, Андрэй Варонік, Павел Рымко, Уладзіслаў Марчукевіч і Данііл Дземянчук. Упэўнены, у рабят ёсць усе шанцы трапіць у байцоўскі “топ”!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.