Валанцёрам быць ганарова

У СШ №1 г.Шчучына адбылося ўрачыстае ўручэнне валанцёрскіх білетаў членам школьнага атрада “Твой выбар”, які працуе пад эгідай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Мерапрыемства прымеркавалі да Сусветнага дня валанцёраў, які адзначаўся на гэтым тыдні. 

Дакумент, які пацвярджае прыналежнасць школьнікаў да сусветна вядомай і аўтарытэтнай грамадскай арганізацыі, атрымалі 20 членаў валанцёрскай “ячэйкі”. Сярод іх такія дабравольцы, як Кацярына Якусік, Анастасія Маленчык, Елізавета Багамаз, Святлана Місюк. Дзяўчаты не раз пацвердзілі сваю актыўную грамадскую пазіцыю, прымаючы ўдзел у сацыяльна значных акцыях, як і тое, што іх спагадлівыя сэрцы адкрыты для міласэрнасці і добрых спраў.


Каардынуе і накіроўвае работу атрада “Твой выбар” педагог школы Алена Уладзіміраўна Крэчка.
Новыя білеты рабяты прынялі з рук старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Г.С. Мацюк і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Г.У. Маркевіч. Памятная падзея адбылася ў прысутнасці аднакласнікаў і сяброў юных валанцёраў. У пацвярджэнне ўрачыстасці моманту ў зале прагучаў гімн валанцёра.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!