Вадзіцель Ч.Б. Багдзевіч: за рулём 53 гады – і ніводнага штрафу
Менавіта так коратка і ёміста ахарактарызаваў свой працоўны шлях вадзіцель Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Часлаў Браніслававіч Багдзевіч. За сваё жыццё ён асвоіў мноства рознай тэхнікі, аднак па-ранейшаму з задавальненнем сядае за руль і калясіць па даўно знаёмых дарогах Шчучыншчыны і не толькі…
– Стаць вадзіцелем марыў з дзяцінства, – прызнаецца Часлаў Браніслававіч. – Нават не ведаю, адкуль у мяне такая моцная цяга да машын. Вырас у звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Прыбыткоўшчына. Бацька моцна пацярпеў падчас вайны: яго разам з другімі юнакамі вывезлі на прымусовыя работы ў Германію.
Спачатку ён працаваў на баўэра, а потым разам з ваеннапалоннымі ў адной з шахтаў пад Руда-Слёнска.
Пасля вызвалення Польшчы добраахвотна пайшоў на фронт, каб адпомсціць фашыстам за перажытыя пакуты. За некалькі дзён да Вялікай Перамогі падчас фарсіравання ракі Одэр быў паранены. Амаль суткі праляжаў на полі боя, з-за заражэння крыві страціў нагу…
Каб выжыць у складаны пасляваенны час, сям’я Багдзевіч трымала ўласную гаспадарку. З маленства нашаму герою даводзілася шмат працаваць: дапамагаў бацькам збіраць вырашчаны ўраджай, карміў і даглядаў хатнюю жывёлу. А пасля заканчэння васьмі класаў Шастакоўскай базавай школы падаўся ў меліяратары і аб’ездзіў усю Гродзеншчыну. Дзе б ні быў, усюды цікавіўся тэхнікай. Калегі адразу заўважылі інтарэс юнака да машын і часта давалі яму пракаціцца, залезці пад капот.
– На той час я зарабляў 300 рублёў, што для падлетка было вельмі многа, – зазначае Часлаў Браніслававіч Багдзевіч. – Амаль усе грошы аддаваў маці і бацьку, каб палегчыць ім жыццё. Як толькі даведаўся, што ў Першамайску аб’явілі набор у школу ДТСААФ, – адразу падаў туды дакументы, хоць вадзіцельскія курсы і былі платнымі. Заняткі праходзілі вечарам і доўжыліся часам да поўначы. Кожны дзень ездзіў на вучобу на аўтобусе, начаваў на здымнай кватэры, а раніцай спяшаўся дадому, каб дапамагчы бацькам па гаспадарцы.
Праз паўгода паспяхова здаў экзамен і атрымаў правы на кіраванне аўтамабілем. Калі паказаў вадзіцельскае пасведчанне бацьку, той параіў ісці працаваць у калгас. Аднак мне не хацелася ездзіць па адных і тых жа палетках увесь час, таму ўладкаваўся ў ПМС, дзе мяне добра ведалі. Надоўга ў меліяратарах не затрымаўся і хутка перайшоў у райспажыўсаюз.
Спачатку Часлаў Браніслававіч быў падменным вадзіцелем, таму ездзіў на розных машынах. Праз некалькі месяцаў яму даверылі грузавік ГАЗ-51, на якім ён перавозіў прадукты. На новым месцы як след “абстукацца” не паспеў – забралі ў армію.
– Служыў у авіяцыйных войсках – на Чкалаўскім аэрадроме, што пад Масквой, – працягвае наш суразмоўца. – Кіраваў магутным грузавіком КрАЗ з 22-тоннай цыстэрнай, запраўляў самалёты керасінам. Менавіта тады здаў на другі вадзіцельскі клас.
Дэмабілізаваўшыся, Ч.Б. Багдзевіч зноў уладкаваўся на працу ў ПМС, дзе перавозіў розныя грузы. Потым перавёўся ў аўтапарк №12. Кіраўніцтва арганізацыі хутка заўважыла адказнага і дысцыплінаванага вадзіцеля і перасадзіла з грузавіка на аўтобус ПАЗ, на якім той абслугоўваў прыгарад.
– З-за жыццёвых абставін мне прыйшлося часова пакінуць гэта месца работы, – дзеліцца Часлаў Браніслававіч. – А калі вярнуўся, то сеў за руль аўтобуса ЛАЗ. Пасля былі “Ікарус” і “Неман”. Звыш 30 гадоў ад’ездзіў па гарадскіх маршрутах – перавозіў пасажыраў. Быў вельмі ўважлівым і дасціпным: ніколі не адставаў ад графіка больш чым на 2 хвіліны, як таго патрабавала інструкцыя. Аднак і людзей не пакідаў, калі тыя крыху не паспявалі за аўтобусам. Пасажыры цанілі маю абачлівасць і заўсёды ставіліся з павагай. Калі выйшаў на заслужаны адпачынак, моцна сумаваў па ўсім гэтым.
Не дзіва, што сядзець дома склаўшы рукі наш герой доўга не змог: сэрца цягнула яго ў дарогу. Таму Ч.Б. Багдзевіч вярнуўся ў строй і яшчэ каля пяці гадоў прапрацаваў вадзіцелем у райвыканкаме, а потым перайшоў у раённую бібліятэку імя Цёткі, дзе і па сённяшні дзень кіруе “Газеллю”.
– Работа прыносіць мне сапраўдную асалоду, хоць часам і вяртаюся дадому позна, асабліва калі нашы артысты выязджаюць за межы раёна з канцэртамі, – расказвае Часлаў Браніслававіч. – А яшчэ дастаўляю вяскоўцам кнігі і перыёдыку: у нас распрацаваны 13 маршрутаў, якія за месяц цалкам аб’язджаю. У розных населеных пунктах мяне сустракаюць з ветлівай усмешкай, расказваюць апошнія навіны, цікавяцца, чым сёння жыве райцэнтр. Такія сустрэчы заўсёды заражаюць эмацыянальна, даюць вялікі зарад бадзёрасці і аптымізму. Таму кожны раз я з задавальненнем збіраюся ў дарогу, каб падарыць людзям радасць.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.
Шчучынскі райвыканкам і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць шчучынскіх дарожнікаў і аўтамабілістаў раёна з прафесійным святам, выказваюць шчырыя словы падзякі за высокі прафесіяналізм і добрасумленную працу, жадаюць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і роўных дарог!
Уважаемые работники и ветераны филиала “Автомобильный парк № 12 г. Щучин” ОАО “Гроднооблавтотранс”!
Поздравляем вас с профессиональным праздником – Днём автомобилиста и дорожника!
Желаем крепкого здоровья, неиссякаемой энергии на выбранном жизненном пути. Чтобы в попутчиках были только удача и успех. А все трудовые и жизненные начинания венчал достойный результат.
Администрация и профсоюзный комитет.
Поздравляем с наградой!
За многолетний добросовестный труд, высокий профессионализм в системе транспорта и коммуникаций Почётной грамотой Гродненского облисполкома награждён Лапуть Николай Михайлович, водитель автомобиля филиала “Автомобильный парк №12 г. Щучин” открытого акционерного общества “Гроднооблавтотранс”.
За многолетний добросовестный труд, высокий профессионализм в системе транспорта и коммуникаций Почётной грамотой Щучинского райисполкома награждён Мотевич Евгений Антонович, водитель автомобиля филиала “Автомобильный парк №12 г. Щучин” открытого акционерного общества “Гроднооблавтотранс”.