Сёння -- Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Яму песня жыць і кіраваць аўтобусам дапамагае

Першакласны вадзіцель аўтапарка №12 Яўгеній Моцевіч – адзін з лепшых па прафесіі на Гродзеншчыне. Гэта пацвердзілі абласныя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў аўтамабіляў, якія нядаўна прайшлі ў Смаргоні. Дадому шчучынец вярнуўся з сярэбраным медалём, граматай і каштоўным падарункам.

– Гэта быў сапраўдны экзамен, падчас якога мы не толькі рашалі білеты па правілах дарожнага руху, але і пераадольвалі на аўтобусе паласу перашкод, – гаворыць Яўгеній Моцевіч. – Да перамогі мне, як і летась, не хапіла ўсяго некалькіх балаў. Дапушчаныя памылкі я прааналізаваў і ў наступным годзе абавязкова заваюю “золата”! 


У гэтым ніхто з калег Яўгенія не сумняваецца: за адзінаццаць гадоў працы ў аўтапарку №12 ён зарэкамендаваў сябе як прафесіянальны вадзіцель, на рахунку якога няма ніводнага штрафу. А пачынаў сваё знаёмства з тэхнікай з… трактара. 
– Я нарадзіўся і вырас у Жалудку, – працягвае наш суразмоўца. – Калі мне было шэсць гадоў, мой дзядуля Вітольд, які працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы, узяў мяне з сабой у поле. З таго самага дня я марыў самастойна кіраваць аўтамабілем. Не дзіва, што пасля заканчэння школы падаў дакументы ў Шчучынскае прафтэхвучылішча. 
Адразу пасля атрымання дымлома юнака прызвалі ў армію. Ён быў размеркаваны ў войскі супрацьпаветранай абароны і служыў механікам-вадзіцелем у адной з вайсковых часцей Брэсцкай вобласці.
– Менавіта там я навучыўся кіраваць зенітным ракетным комплексам “Аса”, – гаворыць Яўгеній Моцевіч. – Ён нёс на сабе шэсць ракет і важыў каля 30 тон. І пры гэтым мог спакойна пераадольваць водныя перашкоды. Менавіта на гэтым браніраваным волаце разам з саслужыўцамі прымаў удзел у сумесных беларуска-расійскіх вучэннях, якія праходзілі ў Расіі на палігоне Ашулук. Перад намі стаяла задача трымаць паветраную абарону і збіваць самалёты ўмоўнага праціўніка. З ёй мы выдатна справіліся: наша “Аса” знішчыла ўсе захопленыя цэлі! 

Дэмабілізаваўшыся, Яўгеній уладкаваўся вадзіцелем на Лідскую абутковую фабрыку і займаўся дастаўкай прадукцыі прадпрыемства ў розныя куточкі Беларусі. Паралельна скончыў Лідскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-механік.
Менавіта тады юнак сустрэў сваю будучую жонку Вольгу. Хутка закаханыя вырашылі пераехаць у Гродна і пажаніліся.
– Я перасеў за руль гарадскога аўтобуса і пачаў калясіць па абласным цэнтры, – расказвае наш герой. – Працоўны графік быў даволі напружаным: у залежнасці ад маршруту даводзілася ўставаць у чатыры гадзіны раніцы, што вельмі выматвала фізічна. Да ўсяго мы ніяк не маглі станоўча вырашыць жыллёвае пытанне, таму праз кароткі тэрмін вырашылі пераехаць у Шчучын.
На новым месцы малады вадзіцель без працы не застаўся: яго з задавальненнем “прытулілі” ў аўтапарку №12. Да ўсяго арганізацыя выдзеліла Яўгенію і яго жонцы блок у інтэрнаце. 
– Спачатку кіраваў старэнькім ЛАЗам, – кажа наш суразмоўца. – Пасля асвоіў “Ікарус”, “Газэль”, МАЗ, а цяпер вось кірую камфартабельным аўтобусам “Неман” на 28 пасадачных месцаў. Ён выдатна падыходзіць для міжгародніх паездак. Тут усталяваны тэлевізар, кандыцыянер, “печка” і нават тахограф, які фіксіруе рэжым работы вадзіцеля падчас замежных паездак. А такія ў маёй практыцы ўжо былі: вазіў дзяцей на адпачынак у Польшчу і Літву. Перад гэтым прайшоў падрабязны інструктаж у ДАІ, дзе асаблівая ўвага надавалася бяспецы маленькіх пасажыраў.


З не меншай адказнасцю Яўгеній Моцевіч ставіцца і да перавозкі дарослых. Перад выхадам у рэйс разам з механікам правярае гатоўнасць тэхнікі і абавязкова праходзіць медагляд. І ўсё ж у дарозе здараюцца форсмажоры. 
– Аднойчы я ехаў у Брэст, і ля Пружан ў нашай “Газэлі” выйшаў са строю рухавік, – успамінае Яўгеній. – Пасажыраў у адпаведнасці з інструкцыяй перасадзіў на другі аўтобус, а самому давялося начаваць у “каморцы” механіка ў мясцовым аўтапарку. Раніцай тамтэйшыя слесары дапамаглі мне адрамантаваць машыну, і я вярнуўся ў Шчучын.
Як выспетлілася, Яўгеній Моцевіч не толькі першакласны вадзіцель, але і таленавіты спявак. Ён з задавальненнем удзельнічае ў самадзейных канцэртах і выступае не толькі перад шчучынцамі, але і ў іншых раёнах. А часам нават сумяшчае хобі з прафесійнай дзейнасцю. 
– Неяк вёз работнікаў “Аграпрамбанка” на экскурсію на лінію Сталіна, – гаворыць малады вадзіцель. – На зваротным шляху ўсе весела гаманілі, і я прапанаваў пасажырам праспяваць песню. У мяне якраз дыск з “мінусоўкай” у “бардачку” аказаўся. Атрымалася вельмі здорава і душэўна.
Але куды б ні заводзіла дарога Яўгенія, ён заўсёды імкнецца дадому, дзе яго чакаюць жонка Вольга і сыны Аляксандр і Арцём. 
– Вольны час мы заўсёды бавім разам, – з цеплынёй у голасе зазначае Яўгеній Моцевіч. – Шмат падарожнічаем па роднай Беларусі, любім наведваць басейн у Васілішках, займаемся спортам. А ў наступным годзе плануем паехаць на мора. Упэўнены, абавязкова ажыццявім гэтую вандроўку!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!