Гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым…
На ўскрайку Шчучына, дзе шумяць кучаравымі кронамі старыя хвойкі, ужо цяжка распазнаць з-за чаромхавага зарасніку месца апошняга спачыну людзей.
– Тут спакон веку былі яўрэйскія могілкі. Калі пахадзіць, то можна знайсці камяні з надпісам на іўрыце, – гаворыць Андрэй Адасьевіч Хвайніцкі, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Шчучынскі масласырзавод», які даўно цікавіцца краязнаўствам. – Ваеннае ліхалецце і халакост знішчылі яўрэйскае насельніцтва. З 40-х гадоў мінулага стагоддзя гэтыя могілкі ўжо не дзейнічалі. Мы вырашылі хоць часткова прывесці ў парадак тэрыторыю, вырубіць зараснікі ля дарогі. Вось такі ўклад у раённы суботнік нашай імправізаванай брыгады, у якую аб’ядналіся ў асноўным прадстаўнікі адміністрацыі масласырзавода.
Нягледзячы на небывалую для майскіх дзён спёку, мужчыны працавалі з поўнай аддачай. Усё ж парадак у такіх памятных мясцінах – гэта паказчык нашай агульначалавечай культуры.
– Такіх мясцін, якім надзвычай патрэбны ўвага і клопат сучаснікаў, у раёне досыць шмат, – лічыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук. – У Год малой радзімы надзвычай важна падтрымаць пачын работнікаў масласырзавода, каб нам не было сорамна перад нашымі продкамі і перад сабой. Раённы суботнік – выдатная нагода і імпульс для дзеяння.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.