Узнагароды – за дасягненні. Іх атрымалі рабяты, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства

 

Плённа папрацавалі сёлета рабяты, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Сведчанне гэтага – шматлікія дыпломы, якія папоўнілі скарбонку іх сур’ёзных дасягненняў.

 

Дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана Вікторыя Папко за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музеяў”.

 

– Конкурс праводзіўся ў рамках акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, – расказвае метадыст цэнтра Вольга Цішко. – У сваёй рабоце Вікторыя вывучыла і абагульніла матэрыял па гісторыі царквы Святой Параскевы Пятніцы ў вёсцы Бершты. Вікторыя займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства, якое дзейнічае на базе Навадворскага дз/с-СШ. Прэзентацыя работы прайшла ў анлайн-рэжыме. Вікторыя не толькі выдатна прадставіла даследчы матэрыял у намінацыі “Крыніцы духоўнасці”, але і адказала на ўсе пытанні членаў журы.

 

Дыплом III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у рэспубліканскім конкурсе “Падарожжа па малой радзіме” стаў выдатнай узнагародай для Станіслава Арабчыка, які прадставіў картатэку помнікаў гісторыі, прыроды і культуры Шчучынскага раёна.

 

 

– Конкурс прайшоў у рамках мерапрыемстваў рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, – удакладняе Вольга Аляксандраўна. – Навучэнцы вывучалі матэрыял па гісторыі населенага пункта, распрацоўвалі маршруты, удзельнічалі ў паходах і экскурсіях па малой радзіме. Па выніках іх даследчай дзейнасці ствараўся інфармацыйны стэнд, на якім пазначаліся і апісваліся найбольш важныя аб’екты і падзеі гісторыі, культуры, эканомікі і прыроды сваёй мясцовасці.

 

Дыпломам I ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка” адзначана творчая праца Алёны Цішко “Нясумныя выходныя, або Месцы, якія варта наведаць” у намінацыі “Гісторыя адной вандроўкі”. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна было скласці аповед пра падарожжа па Беларусі, а таксама прадставіць “Дзённік вандроўніка” з выкананымі заданнямі і апісаннем сваіх уражанняў. Яшчэ адну ўзнагароду – дыплом другой ступені – Алёна атрымала ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Скарбы маёй сям’і”, які праводзіўся ў рамках акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Яна прадставіла даследчую працу “Салдацкія ўзнагароды: жывая памяць пакаленняў”, у якой расказала пра сямейныя рэліквіі – баявыя ўзнагароды ветэрана Вялікай Айчыннай вайны К.П. Чарняцова.

 

Шчучын-Зачэпічы ... Менавіта гэты маршрут даследавала ў сваёй рабоце Дамініка Рубцова. Яе праца была адзначана дыпломам трэцяй ступені ў абласным грамадзянска-патрыятычным праекце “Маршруты Перамогі”. На конкурс было прадстаўлена 30 работ з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Навучэнцы праводзілі пошукавыя экспедыцыі, паходы, экскурсіі, сустракаліся з відавочцамі і ўдзельнікамі падзей і іх сваякамі, запісвалі іх успаміны, праводзілі апытанні насельніцтва, збіралі матэрыял для складання турысцка-экскурсійных маршрутаў па Гродзеншчыне. Дарэчы, Дамініка стала пераможцам у намінацыі “Сцяжынкі малой радзімы ў спартыўным калейдаскопе лета” абласнога конкурсу рэспубліканскага фестывалю “Лета – пара спартыўная”.

 

Упэўнена, наперадзе навучэнцаў Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства абавязкова чакаюць новыя перамогі, таму што ў іх ёсць вялікае жаданне вывучаць свой край і яго гісторыю.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота з архіва Шчучынскага РЦТіК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!