У рубрыцы "Куточак, сэрцу дарагі" расказваем пра жыхароў невялікай вёсачкі Касцянева Васілішкаўскага сельсавета

Працягваем свой праект і на гэты раз накіроўваемся ў цяпер ужо невялікую вёсачку Касцянева Васілішкаўскага сельсавета. Ужо 18 год прайшло, як зачынілася Касцянеўская школа. Дый і ў самой вёсцы, у якой некалі жыццё біла крыніцай – працавалі камбінат бытавога абслугоўвання, дзіцячы садок, клуб, бібліятэка, магазін – жывуць цяпер каля 70 чалавек. 

 

На Каляды – да сына-святара

Нарадзіўся і вырас у вёсцы Касцянева і Часлаў Часлававіч Барысевіч. І сваю жонку-прыгажуню Ганну Раманаўну з Глебаўцаў прывёў у бацькоўскі дом. Ганна Раманаўна пасля заканчэння Галавічпольскай школы ўладкавалася на работу няняй у Васілішкаўскі дом-інтэрнат і вось ужо 37 год акружае сваімі клопатам і любоўю дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. 

 

Часлаў Часлававіч як адслужыў у арміі і ўладкаваўся на работу вадзіцелем у гаспадарцы, так увесь час там і працуе. Шчаслівыя бацькі выгадавалі трох дзяцей. Старэйшы Павел выбраў для сябе няпросты шлях – ён стаў ксяндзом, а марыў пра гэта з дзяцінства.

 

– Думаю, вялікі ўплыў на яго аказала мая свякроў, – разважае Ганна Раманаўна. – Яна была вельмі веруючай жанчынай. Пастаянна вадзіла ўнукаў у касцёл, а Паўлу там вельмі падабалася. Таму калі старэйшы сын паставіў нас перад фактам, што паступае ў духоўную семінарыю ў Польшчы, мы ніколькі не здзівіліся і прынялі яго рашэнне. Потым ён перавёўся ў Гродна і ўжо тут завяршаў сваю вучобу. 

 

Дачка Вераніка закончыла школу з залатым медалём, паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт і атрымала спецыяльнасць “правізар”. Цяпер працуе па размеркаванні ў пасёлку Краснасельскі. Другі сын Ганны Раманаўны і Часлава Часлававіча Яўгеній пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў “Ахову” ў Мастах. Ён жыве там з сям’ёй – у іх з жонкай трое дзетак. 

 

– У апошнія гады на куццю і Каляды мы ездзім да Паўла ў Наваельню, – расказвае Ганна Раманаўна. – І сёлета таксама плануем. Там прымаем удзел у святой імшы і адзначаем святы. А на Новы год абавязкова збіраемся ў сястры мужа ў Шчучыне, а потым едзем да Яўгенія, таму што ім не так проста кудысьці выбрацца з малымі дзецьмі. 

 

Самае вялікае захапленне Ганны Раманаўны – кветкі. Вясною руплівыя гаспадары садзяць агарод. З гаспадаркі трымаюць толькі птушку. 

 

– Пакінуць Касцянева і пераехаць? – перапытвае ў мяне Ганна Раманаўна. – Нават думкі такой ніколі не ўзнікала. У нас ёсць кватэра ў Шчучыне, але муж і гаварыць не хоча ні пра які пераезд. Тут яго радзіма, ды ўжо і мая. 


Родная зямля сілы дае

Заўтра адна са старэйшых жыхарак Касцянева Аліна Юзэфаўна Навагродская адзначыць 80-гадовы юбілей. Ці думала калі вясковая дзяўчына, што аб’едзе паўсвету і нават будзе жыць на граніцы з Кітаем? Вучылася ў Касцянеўскай васьмігодцы, затым хадзіла ў школу ў Галавічполе. Атрымала сярэднюю адукацыю, паступіла ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і стала вучоным аграномам-эканамістам. Па размеркаванні паехала працаваць у Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці, але праз год вярнулася на сваю малую радзіму і ўладкавалася на работу ў мясцовы калгас. 

 

 

– Мне так хацелася працаваць на сваёй роднай зямлі са сваімі людзьмі, – гаворыць Аліна Юзэфаўна. – Але жыццё распарадзілася інакш. Яшчэ са школы я сябравала з хлопцам з нашай вёскі. Мы перапісваліся, пакуль ён служыў у арміі. А потым закончыў ваеннае вучылішча, і мы пажаніліся. Яго першым месцам службы стала Адэская вобласць, куды я паехала разам з мужам. Праз некаторы час мой Яўгеній Феліксавіч паступіў у ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве, і на чатыры гады мы перабраліся ў сталіцу Расіі. Цікавае было там жыццё: хадзілі ў тэатры, на канцэрты, цікавіліся рознымі культурнымі навінамі. А затым муж атрымаў новае назначэнне – у горад Благавешчанск на Амуры. Літаральна цераз раку ад нас жылі кітайцы.

 

Доўга не маглі прывыкнуць мы да такога суседства. Паколькі муж быў палітработнікам, праз некалькі год яго накіравалі ў вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучылішча ў Ульянаўску, дзе ён працаваў выкладчыкам. Там наш адзіны сын закончыў 11 класаў і па прыкладзе бацькі таксама абраў прафесію ваеннага – паступіў у Ульянаўскае вучылішча. А калі муж дэмабілізаваўся з арміі ў званні палкоўніка, мы адназначна вырашылі вярнуцца на сваю малую радзіму – у роднае Касцянева. І вось ужо амаль трыццаць год я жыву тут у бацькоўскім доме. Яўгеній Феліксавіч, на жаль, ужо пайшоў з жыцця…

 

Аліна Юзэфаўна не толькі разам з мужам мяняла месца жыхарства: дзе б яны не жылі, яна заўсёды знаходзіла сабе работу па спецыяльнасці – яе працоўны стаж эканаміста складае 32 гады. З Яўгеніем Феліксавічам яны пражылі душа ў душу амаль пяць з паловай дзесяцігоддзяў.

 

Вярнуўшыся на радзіму, яны даглядалі старэнькіх бацькоў Аліны Юзэфаўны, трымалі гаспадарку, з задавальненнем працавалі на зямлі, а ў саўгасе заўсёды бралі дзялкі буракоў, морквы, капусты… 

 

– Ведаеце, чаму я так доўга жыву? – з хітрынкай пытаецца Аліна Юзэфаўна. – Таму што засталася на сваёй малой радзіме. Мне тут вельмі добра і спакойна, яна мне сілы дае. 

 

Часта бывае ў матулі яе сын, які выйшаў на заслужаны адпачынак у званні “падпалкоўнік”, наведваюць бабулю ўнукі Насця і Яўгеній. І праз некалькі дзён сабяруцца яны зноў у родным доме. 

 

– На куццю заўсёды гатую галушкі, макавікі – пірагі з макам, суп з сушанымі грыбамі, посныя стравы, – гаворыць Аліна Юзэфаўна. – А на Каляды ўжо розныя прысмакі. Абавязкова ўпрыгожваю ялінку. 

 

Кожны тыдзень бабуля ходзіць у каплічку ў Касцянева. А калі-нікалі ўспамінае яна былыя часы: і калі ў бацькоўскім доме кватаравалі настаўнікі Касцянеўскай школы, і як весела было ў вёсцы… Помніць яна і расказы сваёй матулі пра тое, як у юнацтве тая разам з іншымі дзяўчатамі хадзіла да мясцовай пані мыць бялізну. За свой доўгі век многа пабачыла ў жыцці.


 

На ўсе рукі майстрыха

Самая старэйшая жыхарка Касцянева – Юзэфа Баляславаўна Стэльмашак. Больш за 92 гады таму яна з’явілася на свет у гэтай вёсцы. Скончыла шэсць класаў Касцянеўскай школы. Са сваім будучым мужам – хлопцам з суседняй вёскі Вялікае Сяло – сустракаліся тры гады. Яны пражылі разам 55 год: дом свой пабудавалі і выгадавалі траіх дзяцей. Цяпер адна дачка жыве разам з матуляю, другая – у Шчучыне, а сын – у Гурнофелі. У шчаслівай бабулі – чатыры ўнукі і восем праўнукаў. 

 

На ферме ў Касцяневе і ў паляводстве Юзэфа Баляславаўна адпрацавала ні многа ні мала – 32 гады. І гаспадарку вялікую трымалі. А якая Юзэфа Баляславаўна гаспадыня адмысловая! Яна ўсё умее: і шыць, і вязаць, і ткаць. Да гэтай пары пакоі ў яе доме ўпрыгожваюць дываны і абрусы, вытканыя і вышытыя яе рукамі. Не маюць зносу і тапкі, звязаныя Юзэфай Баляславаўнай. Некалі на ўсю ваколіцу пахлі пірагі з макам, якія выпякала ў печцы гаспадыня. І на вяселлях яна гатаваць дапамагала. 

 

 

– Раней у нашым доме на Каляды збіралася чалавек 20 – усе дзеці і ўнукі да мяне ехалі, – расказвае Юзэфа Баляславаўна. – А цяпер усімі прыгатаваннямі займаецца дачка. Я толькі ялінку ўпрыгожваю. Яна ў мяне штучная. Раней і святы праходзілі па-іншаму. На куццю мы заўсёды варажылі. Кладзём галушкі ў пакоі на падлозе і заводзім у дом сабаку. Чыю галушку ён першую з’есць, тая і замуж першай пойдзе. Або пасля куцці бегалі і стукалі ў вокны. Калі там скажуць: ”Ідзі!”, значыць, пойдзеш хутка замуж. А калі: ”Сядзі!” – не відаць табе мужа ў бліжэйшы час! Не помню ўжо, ці спраўдзілася хоць адно з гэтых гаданняў, але весяліліся мы ад душы. 

 

Помніць Юзэфа Баляславаўна расказы пра тыя часы, калі жыла ў маёнтку пані Кастравіцкая. Школа тады мясцілася ў адным канцы, а пані – у другім. Пасля яе смерці школа заняла ўсё памяшканне, толькі ў адным пакоі жылі настаўнікі. 

 

А вось пра гісторыю ўзнікнення назвы вёскі Юзэфа Баляславаўна ведае ад старэйшых жыхароў.

 

– Кажуць, што тут было вельмі шмат касцей, таму і назвалі вёску Касцянева, – кажа бабуля. – Але ці праўда гэта, хто ведае…

 

Цяпер Юзэфа Баляславаўна чакае набліжэння свят і абавязкова бывае на імшы ў каплічцы. 


 

* * *

– Мы абавязкова павінны адзначыць яшчэ адну жыхарку нашай вёскі, – развітаўшыся з нашымі субяседнікамі, паведаміла стараста вёскі Ганна Міхайлаўна Шостак, якая была маім гідам, і якую я ведаю вельмі даўно, яшчэ з тых часоў, калі яна працавала настаўніцай у Касцянеўскай школе. – Гэта Соф’я Браніславаўна Клімовіч. Менавіта дзякуючы ёй у нашым Касцяневе ў 2011 годзе з’явілася каплічка, куды кожную нядзелю і ў святы прыязджае ксёндз Збігнеў, каб данесці людзям слова Божае. Гэта яна разам з сынам і зяцем узялася, як усім здавалася, за непад’ёмную справу. Потым да іх далучылася ўся вёска. Сын Соф’і Браніславаўны набыў для каплічкі абраз Божай міласэрнасці, і капліца стала называцца ў яго гонар. 
Душэўныя, працавітыя людзі жывуць у гэтай прыгожай вёсачцы. З надыходзячымі святамі вас, шаноўныя вяскоўцы!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!