Адкрыты дыялог на моладзевы лад. Член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Арцём Даўгоўскі сустрэўся з вучнямі ДУА “Ляшчанская сярэдняя школа”
У Ляшчанскай сярэдняй школе прайшла дыялогавая пляцоўка на тэму “Мір і стварэнне ў сістэме каштоўнасцей сучаснай моладзі”.
Яе арганізатарам выступіў член камісіі па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў Арцём Даўгоўскі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшакласнікі Ляшчанскай СШ.
Падчас свайго выступу Арцём Даўгоўскі расказаў пра дзейнасць і структуру Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. У рамках дыялогу вялікая ўвага была нададзена ролі моладзі ў функцыянаванні дзяржавы, таксама ўдзельнікі мерапрыемства пагутарылі аб захаванні гістарычнай памяці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Падчас такіх сустрэч мы абмяркоўваем з моладдзю мэты і задачы, якія стаяць перад нашай краінай у Год міру і стварэння, – адзначае Арцём. – Мы працуем у фармаце адкрытага дыялогу, па сутнасці гэта шчырая размова, ў рамках якой кожны жадаючы можа выказаць свае думкі, задаць пытанні і атрымаць адказы. Падобныя мерапрыемствы праходзілі ў нашым раёне на працягу сакавіка. Так, дыялогавыя пляцоўкі прайшлі на базе гімназіі г. Шчучына і СШ № 2.
У рамках дыялогавай пляцоўкі моладзь мае магчымасць абмяркаваць розныя грамадскія ініцыятывы. Напрыклад, у Шчучынскім раёне дзейнічае праект камісіі па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе “Думай. Дзейнічай. Стварай”. Праект знаёміць школьнікаў з мэтамі ўстойлівага развіцця. Згодна з гэтай ініцыятывай у гімназіі і Ляшчанскай СШ прайшла дзелавая гульня, падчас якой вучні паспрабавалі стварыць план сямейнага бюджэту.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.