Увага на інфармацыйную гігіену. У Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання

 

На гэтым тыдні ў Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнік абласной інфармацыйнай групы – начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч сумесна з раённай інфармацыйнай групай на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Цюсінай сустрэліся з працоўным калектывам Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 

Чарговы дзень інфармавання быў прысвечаны інфармацыйнай бяспецы насельніцтва нашай краіны. З дакладам на тэму “Інфармацыйная гігіена, ці як не стаць ахвярай дэзінфармацыі” выступіла Алена Клімовіч.

 

Згодна з “Глабальным інавацыйным індэксам 2023 года”, які быў апублікаваны Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці, Беларусь заняла 22-е месца сярод 132 дзяржаў па паказчыку “Доступ да інфармацыйных тэхналогій”. У 2024 годзе карыстальнікамі інтэрнэту ў Беларусі сталі 8,5 мільёна чалавек, што складае 89,5% насельніцтва краіны. Вядома, што ў такіх умовах інтэрнэт становіцца значнай крыніцай атрымання інфармацыі і разам з тым – эфектыўным сродкам маніпуляцыі.

 

 

Для таго, каб не стаць ахвярай непраўдзівых навін ці выдумак, трэба прытрымлівацца некаторых карысных рэкамендацый. Напрыклад, варта правяраць першакрыніцу інфармацыі, чытаць навіну цалкам, а не толькі загаловак, часам варта таксама звяртаць увагу на аўтара публікацыі. Не лішнім будзе праверыць і альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Калі гэта навіна ў сацыяльных сетках, то можна прааналізаваць, хто ёю падзяліўся.

 

– Надзвычай важна ў вялікім аб’ёме інфармацыі разумець, што яна не павінна кіраваць намі, – адзначыла Алена Клімовіч. – Мы павінны карыстацца ёй разумна, забяспечваючы сваю бяспеку і бяспеку сваіх дзяцей.

 

 

Сваімі думкамі па тэме даклада падзялілася Таццяна Цюсіна:

 

– Відавочна, што кожнаму чалавеку трэба падтрымліваць інфармацыйную гігіену. Вытрымліваць паўзы ў спажыванні інфармацыі, карыстацца праверанымі і агульнавядомымі крыніцамі. Але самае карыснае на мой погляд – гэта чытаць кнігі. Чытанне кніг вызваляе чалавека ад пачуцця стрэсу. Начытаны чалавек лёгка зможа адрозніць, дзе пафас, які літаральна высмоктваецца з пальца, а дзе аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці.

 

Важныя тэмы закранулі і іншыя спікеры. Так, начальнік РАУС Аляксандр Мельнікаў расказаў прысутным аб супрацьдзеянні злачынствам у сферы высокіх тэхналогій і звярнуў увагу прысутных на крымінагенную абстаноўку ў нашым раёне. Намеснік начальніка РАНС Раман Шчур закрануў тэму пажарнай бяспекі, у прыватнасці падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона. Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці і Шчучынскага раёна за студзень-чэрвень 2024 года прысутным расказаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі.

 

 

Актуальнасць і важнасць паднятых на адзіным дні інфармавання тэм адзначыла галоўны ўрач Шчучынскага ЦГЭ Анастасія Круковіч:

 

– Тэмы, якія прагучалі сёння, вельмі актуальныя і важныя. Даклады спікераў былі карыснымі для нашага калектыву, бо ў свеце сучасных тэхналогій мы пастаянна сутыкаемся з разнастайнымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Таму неабходна фільтраваць тое, што чытаеш, і аналізаваць рэчаіснасць, якая адбываецца вакол нас.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!