Грунтоўная размова на актуальныя тэмы. На базе занальнага інстытута раслінаводства прайшоў адзіны дзень інфармавання
![](https://dzyannica.by/sites/default/files/files/styles/original_bez_znaka/public/field/image/img_9880_1.jpg?itok=tYUZ_BvA)
Сёння ў Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнік абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групы начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама Наталля Гуламава сумесна з раённай інфармацыйна-прапагандысцкай групай на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Яўгеніем Вінча сустрэлася з працоўным калектывам Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі.
Таксама ў сустрэчы ўзялі ўдзел пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка, першы намеснік начальніка Шчучынскага РАУС Дзмітрый Лагуцік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі.
Тэматыка адзінага дня інфармавання была прысвечана Дню народнага адзінства, які на гэтым тыдні адзначыла наша краіна. З інфармацыяй па тэме “Мы разам назаўсёды: да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР” выступіў Андрэй Навіцкі. У сваёй прамове ён адзначыў, што ніякія ўнутраныя ці знешнія фактары не змогуць разбурыць краіну, у якой народ усведамляе сваё адзінства.
– Адзінства нашага народа не аднойчы праходзіла праверку на трываласць цяжкімі іспытамі. Калі мы былі раздзелены – сутыкаліся з бедамі і пакутамі мільёнаў нашых людзей, агульнанацыянальнай бядой. Калі мы адзіныя – нязменна дасягаем поспеху. Таму сёння так важна ўсведамляць сябе адзіным народам. Памятаць аб тым, што кожны этап нашай гісторыі – неад’емны элемент моцнага падмурка, на якім мы будуем сваю будучыню, – падсумаваў Андрэй Навіцкі.
“Гродзеншчына – рэгіён са знакам якасці” – менавіта так гучала тэма прамовы Наталлі Гуламавай. На яе думку, нашу вобласць без перабольшвання можна назваць жамчужынай Беларусі. Высокі ўзровень развіцця Прынёманскага краю адзначаюць не толькі нашы суайчыннікі, але і госці-замежнікі.
Наш рэгіён здзіўляе турыстаў вытанчанымі помнікамі архітэктуры і культурнымі здабыткамі. Хуткімі тэмпамі развіваецца на Гродзеншчыне эканоміка, якая характарызуецца высокай ступенню адкрытасці. Эканамічна-гандлёвыя адносіны падтрымліваюцца амаль са 110 краінамі свету. На ўсю Беларусь вядомыя нашы хлебаробы, якія робяць значны ўнёсак у харчовую бяспеку дзяржавы.
Пра бяспеку дзяцей на дарозе і прафілактыку хатняга гвалту прысутным расказаў Дзмітрый Лагуцік. Як заўважыў намеснік начальніка Шчучынскага РАУС, надзвычай важна, каб бацькі вучылі дзяцей правілам дарожнага руху і сваім прыкладам павышалі іх культуру паводзінаў у дарожных сітуацыях.
У працяг тэмы Яўгеній Вінча расказаў, што ў Шчучынскім раёне дзейнічае камісія па бяспецы дарожнага руху, якая праводзіць маніторынг абстаноўкі на дарогах і шукае спосабы паляпшэння і аптымізацыі руху. Нядаўна з гэтай мэтай адбыліся змены на скрыжаванні вуліц Савецкай і Маладзёжнай у Шчучыне. Там паставілі агароджу і перамясцілі пешаходны пераход далей ад скрыжавання. Гэта дазволіла аўтамабілістам лепш арыентавацца ў дарожнай сітуацыі і спыняцца перад пешаходным пераходам, не ствараючы перашкод для сустрэчных машын. Таксама такія меры накіраваны на павышэнне бяспекі пешаходаў.
Напрыканцы сустрэчы Яўгеній Вінча расказаў прысутным аб падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона і нагадаў, як паводзіць сябе, калі заблукаў у лесе. Таксама гутарка ішла пра небяспеку неасцярожнага курэння.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.