Усё лепшае – дзецям. Даведаліся, хто падарыў Васілішкаўскай музычнай школе інструменты сусветных брэндаў
Цудоўны падарунак на гэтым тыдні атрымалі выхаванцы Васілішкаўскай дзіцячай музычнай школы ад мясцовага аграпрадпрыемства. Дырэктар ААТ “Васілішкі” Уладзімір Серахан адгукнуўся на просьбу педагогаў дапамагчы вырашыць застарэлую праблему: для паўнавартаснай творчай работы яўна не хапае новых інструментаў.
Дарэчы, Уладзімір Часлававіч не толькі моцны гаспадарнік, але і сам нядрэнны музыкант. Усё, што тычыцца развіцця культуры і выхавання маладога пакалення, гэтага прагрэсіўнага кіраўніка шчыра хвалюе. Ці не таму ў гаспадарцы заўжды адкрыты для добрых спраў, цікавых праектаў і… спонсарскай дапамогі. Да таго ж у музычнай школе займаюцца дзеці работнікаў акцыянернага таварыства.
– Адразу тры новыя інструменты закупіла для нас ААТ “Васілішкі”, – гаворыць дырэктар музычнай школы Людміла Казлова. – Вучні проста ў захапленні ад бездакорнага гучання двух нямецкіх акардэонаў сусветна вядомага брэнда Wеltmеіstеr і знакамітага тульскага баяна. Кошт набыткаў складае амаль 13,5 тысячы рублёў. Але гэта найперш укладанне ў развіццё юных дараванняў. Вялікі дзякуй калектыву аграпрадпрыемства і яго дырэктару У.Ч. Серахану.
Васілішкаўскую музычную школу наведваюць 65 навучэнцаў, амаль палова з іх займаюцца па класе баяна і акардэона. Удзел у конкурсах самых розных узроўняў – ад рэгіянальных да міжнародных – стаў тут добрай традыцыяй. А дзякуючы новым інструментам і новыя перамогі не прымусяць сябе чакаць.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Людмілы КАЗЛОВАЙ.