Лунала музыка над горадам вячэрнім: прэзентацыя другога зборніка музыканта Генадзя Панова прайшла ў Шчучыне
У таленавітага шчучынскага музыкі Генадзя Панова выйшаў у свет другі зборнік песень, аднак з-за пандэміі яго прэзентацыю ўвесь час пераносілі. І вось днямі ў зале Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў прайшла доўгачаканая імпрэза. Трэба заўважыць, што прэзентацыя ўраз ператварылася ў цудоўную сустрэчу блізкіх па духу творчых людзей.
З Генадзем Аляксеевічам Пановым мы знаёмы даўно. Ён нават акампанаваў мне падчас выступу на шчучынскай сцэне. Аднойчы ён запрасіў мяне ў свой кабінет і сыграў песню, аўтарам слоў якой я з’яўляюся. Атрымалася надзвычай мілагучна і кранальна. Музыка расказаў, што першы зборнік яго песень “Малая радзіма” выйшаў у свет некалькі гадоў таму пры падтрымцы Шчучынскага РЦКіНТ. Ён адразу выклікаў сапраўдны рэзананс у музычным асяродку не толькі Шчучыншчыны, але і Гродзеншчыны. У мінулым годзе пабачыў свет другі зборнік мелодый і тэкстаў песень музыкі з аднайменнай назвай “Малая радзіма”. Ён прызначаны як для прафесійных і самадзейных выканаўцаў, калектываў мастацкай самадзейнасці, навучэнцаў музычных устаноў, так і для ўсіх аматараў песні. Зборнік падзелены на дзве часткі і налічвае 21 музычны твор патрыятычнага і лірычнага характару. Адметна, што вершы, якія сталі словамі песень, напісаны простымі паэтамі, у тым ліку і мясцовымі, якія, дарэчы, таксама прыйшлі на імпрэзу.
Доўгачаканая прэзентацыя другога зборніка стала сапраўдным святам для аматараў добрай музыкі.
Павіншаваць музыку завіталі яго родныя і блізкія, сябры і калегі. Заглянула на музычную вечарыну і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта.
Вядучая імпрэзы – калега музыкі, таленавіты рэжысёр, мастацкі кіраўнік РЦКіНТ Алена Ушкар расказвала пра жыццё і творчы шлях Генадзя Панова – чалавека надзвычай творчага і таленавітага. Ён – кіраўнік вакальна-харавога калектыву РЦКіНТ, а таксама народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы” і проста музыкант, без якога не абыходзіцца ні адно гарадское свята. Яго можна ўбачыць як на вялікай сцэне, так і на вясковай імправізаванай – Генадзь Аляксеевіч акампаніятар артыстаў, якія калясяць па раёне на “музычным аўтобусе”. Да таго ж шчучынскі музыка не раз быў адзначаны ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўняў. У 2017 годзе імя таленавітага музыкі было занесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна, да таго ж наш зямляк стаў лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко ў сферы культуры і мастацтва.
У той вечар гучала жывая музыка. Спяваў баян, спявала душа. Чорна-белыя клавішы нібы вылучалі нябачнае святло, якое з кожным новым гукам напаўняла сэрцы гледачоў цеплынёй. Пра такіх кажуць: “Музыкант ад Бога!” Яго музыка сапраўды кранае. Матыў песень просты і запомніць іх лёгка, таму так і хочацца заспяваць іх разам з артыстамі. Можа таму, што сціплыя і мілагучныя песні адразу знаходзяць водгук у сэрцы слухача?
– Мне хочацца папулярызаваць арыгінальныя мастацкія творы песеннага жанру, захаваць любоў да сваёй малой радзімы, узбагаціць песенны рэпертуар прафесійных і самадзейных калектываў не толькі Шчучыншчыны, але і Беларусі, – адзначыў Генадзь Паноў.
У той вечар песні Генадзя Панова гучалі ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы” і таленавітых спевакоў РЦКіНТ. Кветкі, апладысменты, аўтографы і найлепшыя пажаданні – на такой мажорнай ноце завяршылася музычная сустрэча. Няхай іграе баян нашага таленавітага музыкі! Шчучын будзе яго натхняць, а мы – дзякаваць за добрыя песні шчырымі апладысментамі.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.