І льюцца музыкі чароўнай гукі. У Шчучынскім РЦКіНТ адбыўся сольны канцэрт народнага аркестра народных інструментаў
Для таго, каб атрымаць асалоду ад любімай музыкі ў выкананні аркестра, неабавязкова ехаць у вялікія гарады. У гэтым напоўніцу ўпэўніліся шчучынцы, якія прыйшлі на сольны канцэрт народнага аркестра народных інструментаў, які нядаўна адбыўся ў РЦКіНТ. Калектыў выкладчыкаў ДУА “Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў” парадаваў слухачоў папулярнымі і любімымі кампазіцыямі ў народнай інтэрпрэтацыі.
Гісторыя народнага аркестра народных інструментаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў пачалася ў 1975 годзе. Калектыў быў утвораны дзесяццю настаўнікамі-музыкантамі. За гады існавання аркестр неаднаразова адзначаўся за значны ўнёсак у развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць. А таксама станавіўся лаўрэатам і дыпламантам шматлікіх конкурсаў і фестываляў. У 1995 годзе аркестр атрымаў званне “Народны аматарскі калектыў” і з гэтым ганаровым званнем працягвае радаваць слухачоў і па сённяшні дзень.
Галоўнай асаблівасцю калектыву можна лічыць унікальны сінтэз народнай творчасці ў акадэмічным выкананні. У руках сапраўдных майстраў сваёй справы домра, балалайка, цымбалы, баян умела спалучаюцца з акардэонам, фартэпіана і бас-гітарай. Утвараючы непаўторнае гучанне і зачароўваючы дзівоснай атмасферай мастацтва.
Праграма сольнага канцэрта ўключала ў сябе кампазіцыі розных жанравых кірункаў, што зацікавіла слухача рознай узроставай катэгорыі. У рэпертуар увайшлі шматлікія класічныя творы, музыка з любімых савецкіх фільмаў, сучаснага папулярнага кіно і вядомыя ўсім мелодыі ваенных часоў. У суправаджэнні аркестра народны вакальны ансамбль “Рапсодыя” выканаў песню “Шчучынскі вальс” кампазітара Суеціна. Не абышлося мерапрыемства без народных твораў. Пад акампанемент аркестра навучэнцы харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў выканалі беларускі народны танец “Весялуха”.
Падчас канцэрта актавая зала напаўнялася шчырым духам музыкі. Было бачна, што слухача не пакінула абыякавым выступленне аркестра. Музыка кранала душу, прыемна і цікава было чуць добра знаёмыя кампазіцыі ў народным пераасэнсаванні.
Кіраўніком і дырыжорам аркестра з’яўляецца дырэктар Шчучынскай ДШМ Марына Налівайка. Менавіта яна аб’ядноўвае настаўнікаў-музыкантаў са шматлікімі інструментамі ў адзіны і зладжаны калектыў.
– Шматгадовая праца і багатыя традыцыі даюць нам магчымасць падзяліцца творчасцю са шчучынцамі, – адзначае Марына Станіславаўна. – Мы часта выступаем перад жыхарамі раёна. Але звычайна гэтыя выступленні абмяжоўваюцца сціснутай праграмай. Такіх паўнавартасных сольных канцэртаў на маю памяць яшчэ не было. Таму, спадзяюся, што падобныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі і мы будзем даваць сольныя выступленні не адзін раз на год. Я з энтузіязмам стаўлюся да гэтай ідэі, думаю, што слухачы таксама. Сёння мы пастараліся зацікавіць шырокую аўдыторыю дзякуючы выкананню розных па жанры і тэматыцы твораў. Будзем старацца і далей працаваць у гэтым кірунку.
Прыемна, што выкладчыкі, якія вучаць мастацтву дзяцей не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, пацвярджаюць сваё майстэрства, даючы добры прыклад для сваіх навучэнцаў.
За амаль 55-гадовую гісторыю склад калектыву змяняўся, абнаўляўся рэпертуар, але нязменным заставалася любоў і пашана да традыцый. Культурная сфера нашага раёна можа ганарыцца такім незвычайным аркестрам.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.