У Шчучыне прайшоў канцэрт, прысвечаны Тыдню бацькоўскай любові

 

Душэўная цеплыня, прызнанні ў любові і самыя светлыя пачуцці панавалі на сцэне Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці падчас канцэрта выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў “Цяпло бацькоўскай любові”. Тэматычны вечар быў прысвечаны Тыдню бацькоўскай любові і сабраў шмат гледачоў.

 

Таты і мамы, бабулі і дзядулі прыйшлі паглядзець на выступы сваіх дзяцей і ўнукаў. У сваю чаргу выхаванцы школы мастацтваў падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму, ў якой знайшлося месца як музычным нумарам, так і харэаграфіі з тэатральным майстэрствам.

 

 

Ключавой тэмай, якая прайшла праз увесь творчы вечар, была важнасць сямейнага шчасця і добрых адносін паміж дзецьмі і бацькамі.

 

Многа слоў падзякі і віншаванняў гучала са сцэны пад акампанемент музычных інструментаў. Мелодыі гітары, піяніна, баяна і цымбалаў дапаўнялі тэатралізаваныя выступы, ў якіх паднімаліся важныя тэмы. Дзеці разважалі пра ролю бацькоў у сваім жыцці, расказвалі кранальныя гісторыі. Не абышлося без жартаўлівых сцэнак.

 

 

Ачувалася, што прызнанні ў любові знайшлі сваіх адрасатаў сярод гледачоў.  Светлыя слёзы мацярынскай радасці і шчырыя бацькоўскія ўсмешкі былі самым лепшым доказам гэтаму.

 

Канцэрт стаў выдатнай магчымасцю яшчэ раз задумацца аб тым, колькі дабрыні мы атрымліваем ад нашых бацькоў і ці дастаткова мы дзякуем ім за іх штодзённыя старанні, хваляванні за нас і бяссонныя ночы. Нашы бацькі, безумоўна, вартыя найлепшых слоў, дапамогі і любові не толькі на гэтым тыдні, але і штодня. Цаніце сваіх бацькоў і не шкадуйце пачуццяў для іх.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!