Шчучын вітае “Музыку маёй Радзімы”. Сёння ў дзіцячай школе мастацтваў праходзіць рэгіянальны фестываль-конкурс

 

Ужо тройчы Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў становіцца адмысловай пляцоўкай для правядзення адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “Музыка маёй Радзімы”.  Фармат гэтага маштабнага мерапрыемства дазваляе браць удзел у ім як завочна, так і непасрэдна на фестывальнай сцэне. Сёння ў Шчучын прыехала больш за сотню юных музыкантаў амаль з усіх гарадоў Прынеманскага краю, каб прадэманстраваць сваё майстэрства – сябе паказаць і на іншых паглядзець!

 

Зразумела, што сваіх вучняў суправаджаюць педагогі, не на жарт хвалююцца за іх. Прыўзнятая святочная атмасфера валадарыць у школе мастацтваў з самай раніцы.

 

 

Па-сапраўднаму багата на таленты шчучынская зямля: сёлета на творчы іспыт паступіла 44 заяўкі ад юных дараванняў з нашага раёна. А ўвогуле з улікам завочнікаў у конкурсе бяруць ўдзел 146 чалавек. Гэта музыканты і вакалісты з Гродна і Скідзеля, Ліды і Іўя, Мастоў і Свіслачы, Слоніма і Ваўкавыска… Ёсць заяўка нават з Магілёўскай вобласці. Значыць, наш рэгіянальны фестываль упэўнена пашырае свае межы, і “Музыкай маёй Радзімы” цікавіцца ўсё болей і болей прыхільнікаў мастацтва.

 

 

 

Урачыстае адкрыццё фестывалю распачалося выкананнем Дзяржаўнага Гімна. Гасцінна прывітала аўдыторыю дырэктар ДШМ Марына Налівайка. Самыя шчырыя пажаданні поспехаў, новых узнагарод і цудоўнага настрою адрасавала ўдзельнікам фестывалю Анжэла Турэвіч – загадчыца сектарам культуры Шчучынскага райвыканкама. Падарыў гледачам цудоўную кампазіцыю народны вакальны ансамбль ДШМ “Рапсодыя”.

 

 

Конкурсныя праслухоўванні сёння будуць доўжыцца на працягу ўсяго дня. Гучаць баян, акардэон, цымбалы, балалайка, домра, гітара. Выступяць піяністы, цэлыя ансамблі, хор… Праграма вельмі насычаная і разнастайная, як і россып дзіцячых талентаў. Кампетэнтнаму журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, належыць вызначыць лепшых з лепшых.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Дзіяны КЕЙКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!