Вечар у музычным фармаце. У РЦКіНТ прайшла музычная віктарына для працуючай моладзі “Пашазамім”

 

Цікавыя музычныя конкурсы паступова становяцца добрай шчучынскай традыцыяй. Нядаўна ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла музычная віктарына “Пашазамім”, якая сабрала працуючую моладзь з розных арганізацый Шчучыншчыны. Мерапрыемства было прасякнута добрым настроем і сяброўскім духам саперніцтва.

 

За званне музычных знатакоў змагаліся ажно дзесяць каманд. Удзел у квесце ўзялі моладзевыя калектывы лясгаса, ЦРБ, ЖКГ. Былі таксама прадстаўнікі ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Шчучынаграпрадукт” і Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства. Сферу адукацыі прадстаўлялі дружыны першай і другой сярэдніх школ і чацвёртага дзіцячага садка горада Шчучына, а таксама Васілішкаўскай сярэдняй школы.

 

 

Перад пачаткам музычнай віктарыны быў арганізаваны дабрачынны збор падарункаў дзецям з малазабяспечаных сем’яў. Усе жадаючыя маглі прынесці цацкі, школьную канцылярыю і слодычы. Акцыя мела дэвіз “Цуды на Раство” і прайшла ў рамках агульнарэспубліканскага праекта БРСМ.

 

 

Сама віктарына складалася з розных па сваёй задуме тураў. Спачатку ўдзельнікі павінны былі вызначыць аўтараў і выканаўцаў разнастайных кампазіцый. Потым паказвалі кемлівасць у музычных рэбусах, адгадвалі тэлеперадачу па фрагментах мелодыі з застаўкі. У некаторых заданнях атрымалася нават праверыць арыфметычныя здольнасці ўдзельнікаў. Цікава, што ў рэпертуары віктарыны былі як сучасныя папулярныя трэкі, так і песні, якія ўжо даўно паспелі стаць класікай.

 

 

Вясёлая атмасфера напаўняла фае цэнтра культуры, у якім утульна размясціліся каманды. Смех і актыўная разумовая дзейнасць зрабілі вечар непаўторным. За кубачкам кавы і гарбаты шчучынская моладзь выконвала заданні і набірала конкурсныя балы.

 

Напрыканцы віктарыны яе ўдзельнікаў павіншаваў з надыходзячымі святамі Дзед Мароз, а самым актыўным і кемлівым уручыў прызы. Так, па выніках конкурсу трэцяе месца заняла каманда СШ № 2 горада Шчучына, крыху больш балаў набраў калектыў Шчучынскага лясгаса, а пераможцамі і галоўнымі знатакамі музычных кампазіцый сталі прадстаўнікі занальнага інстытута раслінаводства.

 

 

Удзельнікі віктарыны высока ацанілі ўзровень мерапрыемства і выказалі пажаданне збірацца так часцей. Сваімі думкамі падзялілася адна з арганізатараў мерапрыемства – першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі БРСМ Віталія Леляўка:

 

 

– Думаю, што такі фармат работы з працоўнай моладдзю вельмі цікавы. Мерапрыемства прайшло пазітыўна і весела. Удзельнікі мелі магчымасць добра пагутарыць, знайсці новыя знаёмствы. Увогуле, у канцы рабочага дня прыемна сабрацца са сваімі знаёмымі і калегамі, расслабіцца і разам добра адпачыць. Сёлета мы пастараліся дадаць у мерапрыемства нотку свята і запрасілі Дзядулю Мароза. Упэўнена, што віншаванні ад яго сталі прыемным дадаткам да музычнай віктарыны.

 

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!