“Падлеткі, якія хочуць летам зарабіць, павінны мець магчымасць працаўладкавацца”

Такую задачу паставіла кіраўніцтва раёна падчас пасяджэння штаба студэнцкіх атрадаў і маладзёжнай занятасці, якое прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А.І. Тодрыка. Пры гэтым работадаўцы павінны разумець сваю важную ролю: ад таго, якія ўражанні ад першай работы вынесе малады чалавек, у многім будзе залежаць яго светапогляд, далейшае імкненне працаваць і сумленна зарабляць.

 

-- А значыць, важна добразычліва сустрэць навічка на вытворчасці, назначыць настаўніка, дапамагчы адаптавацца і даць магчымасць нармальна зарабіць. Зарплаты падлеткаў, як і пытанні аховы працы, падчас летняй занятасці будуць на асаблівым кантролі, -- падкрэсліў Анатолій Іванавіч Тодрык.

 

Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вікторыя Куцэйка звярнулася да вопыту мінулага працоўнага семестра, калі ў складзе студэнцкіх атрадаў на Шчучыншчыне паспяхова працавалі больш за 400 юнакоў і дзяўчат. Сярэдні заробак склаў тады 231 рубель. Добрыя ўмовы і высокую арганізацыю працоўных працэсаў для маладых людзей летась стварылі ў ААТ “Дэмбрава” і “Васілішкі”, СВУ “Пратасаўшчына”, у РУП ЖКГ, на прадпрыемстве “Клубніка Плантс” і іншых. Сёлета з арганізацыямі і прадпрыемствамі Шчучыншчыны заключана 20 дагавораў на працаўладкаванне 312 непаўналетніх. І гэта работа працягваецца. У школах раёна старшакласнікаў інфармуюць, што пачынаючы з 14 год ёсць магчымасць папрацаваць на канікулах і зарабіць уласныя грошы.

 

--  Безумоўна, наша моладзь хоча сябе праявіць і пра сябе заявіць. Творчыя схільнасці можна рэалізаваць у тым ліку праз супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі, -- прапанавала намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. – Хочацца, каб аўтарскі актыў нашай раённай газеты папоўнілі школьнікі-юнкоры і расказалі ў сваіх публікацыях аб тым, як ідзе рэалізацыя новых праектаў і ідэй на месцах. Для актывістаў БРСМ прыярытэтным напрамкам можа стаць работа ў сацыяльных сетках, дзе таксама надзвычай важна папулярызаваць летнюю занятасць. Яшчэ адна ніша – справай адгукацца на звароты грамадзян. Моладзь можа аператыўна прыйсці на дапамогу пажылым людзям у вырашэнні бытавых пытанняў, падставіць плячо ў правядзенні добраўпарадкавання, азеляненні двароў і г.д.

 

Прастор для цікавых ініцыятыў вялікі. Было б жаданне! І калі каардынаваць работу студэнцкіх атрадаў упаўнаважаны райкам БРСМ, то знайсці справу па душы тым, хто жадае працаўладкавацца індывідуальна, павінна служба занятасці, шырока інфармуючы аб вакансіях.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фото Анны Каспер.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!