Упершыню ў нашым раёне на тэхніку в ААТ “Дэмбрава” ўстанавілі сучасную навігацыйную сістэму з падрульваннем
Менавіта такой бачылі будучыню героі савецкага мастацкага фільма “Справа была ў Пянькове” малады спецыяліст Тоня Глечыкава і трактарыст Матвей Марозаў. Хто мог падумаць, што праз 60 гадоў пасля прэм’еры стужкі гэта стане рэальнасцю?!
Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Еўлашы ААТ “Дэмбрава”, па ім размерана рухаўся трактар “Беларус-1221” з прычэпленай сеялкай. Пасля сябе ён пакідаў шасцімятровую палоску зямлі, засеяную цукровымі буракамі. На першы погляд нічога дзіўнага, але калі прыгледзеліся, то заўважылі, што механізатар В.М. Медушэўскі едзе ў кабіне бы пасажыр, не дакранаючыся рукамі да руля.
– На маім трактары ўпершыню ў нашым раёне ўстанавілі сучасную навігацыйную сістэму з падрульваннем, і цяпер тэхніка працуе сама, а я толькі кантралюю вытворчы працэс, – на поўным сур’ёзе гаворыць Віталій Мар’янавіч. – Камп’ютар, які звязаны з касмічнымі спадарожнікамі, вытрымлівае аптымальную норму высеву і клапоціцца аб роўнасці гону. Ён працуе з матэматычнай дакладнасцю, таму выпадковы перасеў ці скрыўленне траекторыі сяўбы выключаны. Да ўсяго, істотна павялічылася эфектыўнасць работы сеялкі: цяпер у дзень засяваю па 35 гектараў.
Тэхнічнае ноу-хау абышлося ААТ “Дэмбрава” ў 12,6 тысячы долараў, аднак у набытым абсталяванні мясцовыя аграрыі не расчараваліся: яно дазваляе значна эканоміць час, расход паліва і насення, а работу механізатара робіць больш камфортнай і лёгкай.
– Па падліках нашых спецыялістаў, прыкладна праз тры гады новая навігацыйная сістэма з падрульваннем цалкам акупіць сябе, – зазначае галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Несумненна, што за такой тэхнікай будучыня!
Між іншым, дэмбраўскія аграрыі амаль завяршылі сяўбу яравых культур і паралельна ўзяліся за цукровыя буракі і кукурузу, якіх прадстаіць пасеяць адпаведна 300 і 1350 гектараў. Штодзень у поле выходзяць тры сеялкі, якія працуюць пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Калі надвор’е будзе спрыяць, то цукровыя буракі ў гаспадарцы пасеюць да 1 мая, а “царыцу палёў” – да 15 мая.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.