Унікальную тэхніку, якая дазваляе паспяхова перасаджваць дарослыя дрэвы, выкарысталі ў ЖКГ

Пры прывядзенні ў парадак дарогі па вуліцы Ажэшка ў Шчучыне работнікі камунальнай службы выкарысталі ўнікальную тэхніку, якая дазваляе паспяхова перасаджваць дарослыя дрэвы замест іх высякання.

-- Падчас павадкаў і ліўняў дарожны рух тут становіцца немагчымым, -- з веданнем праблемы гаворыць дырэктар РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. – Каб выправіць сітуацыю, вырашылі выкапаць прыдарожную канаву. Зрабіць гэта з боку дамоў нельга, бо сабраная вада будзе падмываць фундаменты будынкаў і забалочваць падворкі і прылеглую тэрыторыю. З процілеглага боку раслі бярозы і ліпы, якія перашкаджалі нам распачаць рамонтныя работы. Прасцей за ўсё было іх высекчы, а пні раскарчаваць, аднак мы пайшлі іншым шляхам: выклікалі з Гродна спецыяльную тэхніку, якой па сіле перасадзіць драўляных волатаў і тым самым захаваць ім жыццё.

На месца прыбыў “Амкадор” з унікальным навясным агрэгатам, якіх у Беларусі ўсяго некалькі. Магутная “жалезная рука” пры дапамозе вострых рэзакоў даўжынёй 1,8 метра з лёгкасцю пранікала ў глебу, надзейна абхоплівала дрэвы разам з карэннем і выцягвала з зямлі, а затым перасаджвала іх у іншае, больш зручнае месца. І ўсё гэта за лічаныя хвіліны.

-- Гэтай тэхніцы па сіле выкопваць дарослыя дрэвы дыяметрам да 35 сантыметраў, -- зазначае Андрэй Валер’евіч. – Прыжываемасць іх на новым месцы складае 95%. Такім чынам, мы не толькі прывялі ў парадак дарогу па вуліцы Ажэшка ў Шчучыне, але і захавалі тут цэлую алею бяроз і ліп для будучых пакаленняў шчучынцаў.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.