"Мы – разам!". У Шчучыне пасадзілі алею працоўных дынастый
З нагоды 115-годдзя ўтварэння прафсаюзнага руху Беларусі на беразе гарадскога возера сабраліся прадстаўнікі працоўных дынастый Шчучыншчыны каб закласці алею, якая стане сімвалам яднання пакаленняў. Далучыліся да акцыі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук.
Адметнасць акцыі ў тым, што яна – своеасаблівы водгук на шматлікія мерапрыемствы Году малой радзімы і 75-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першыя дрэвы на алею высадзілі прадстаўнікі 11 працоўных дынастый: работнікі адукацыі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, лесу, аховы здароўя і сацыяльнай абароны. І дрэвы, пасаджаныя на беразе возера, будуць упрыгожваць адзін з самых прывабных куткоў нашага горада.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук адзначыў, што сёння тут сабраліся прадстаўнікі самых годных працоўных дынастый раёна. Агульны педагагічны стаж сям'і Асмалоўскіх перавышае 580 гадоў, гэта 23 педагога: ад дырэктара Смаленскай гімназіі, рэктара Сімферопальскага ўніверсітэта, заслужанага настаўніка Беларусі, да начальніка аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Высадка алеі сімвалічная - у кожнай сям'і з'явіцца сваё дрэва, як знак пераемнасці пакаленняў і традыцый.
У раёне нямала сем'яў, дзе бацькі і дзяды прывілі любоў да прафесіі дзецям, унукам і праўнукам. Адна з такіх сем'яў - дынастыя работнікаў лесу Верабей - Зелянко. Слаўную працоўную біяграфію свайго бацькі працягвае інжынер па абароне і ахове лесу Шчучынскага лясгаса Вікторыя Міхайлаўна Зелянко: «Агульны працоўны стаж нашай дынастыі больш за 100 гадоў. Мой прадзед, дзядуля, бацька і я выбралі спецыяльнасць, звязаную з лесам. У гонар Свята працы мы з прадстаўнікамі іншых працоўных дынастый пасадзілі памятную алею. Вельмі прыемна прымаць удзел у такім знакавым мерапрыемстве. Добрае надвор'е, святочная атмасфера, выдатны настрой - свята атрымалася!».
На пасадку алеі шчучынцы вышлі па поклічу сэрца, з усведамленнем важнасці асабістага ўкладу ў навядзенне парадку на роднай зямлі. Высадка новых дрэў на алеі стане яшчэ адной традыцыяй раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.