Дэмбраўскія лясы – у надзейных руках прафесіяналаў
Дэмбраўскае лясніцтва – адно з лепшых у Шчучынскім лясгасе, займае плошчу каля 9,6 тысячы гектараў. Гэта даволі вялікая лясная тэрыторыя, якая патрабуе належнага догляду. Працуюць тут больш за дваццаць чалавек, і ўсе – спецыялісты сваёй справы.
– Наш дружны калектыў складаецца з памочніка ляснічага, трох майстроў, адзінаццаці леснікоў, трактарыстаў, лесарубаў і вальшчыкаў лесу, – расказвае ляснічы Дэмбраўскага лясніцтва Павел Рамуальдавіч Кісель. – Прыемна, што знаходзіць тут сваё месца як моладзь, так і тыя, хто аддаў лясной галіне не адзін дзясятак год. Такі сплаў вопыту і маладосці дае добры вынік у рабоце.
А работы ў дэмбраўскіх лесаводаў хапае круглы год. Цяпер яны праводзяць рубкі прамежнага карыстання, а таксама догляд за ляснымі культурамі. Нарыхтоўка драўніны складае 24 тысячы метраў кубічных на рубках галоўнага карыстання. Рэалізоўваецца яна на ўнутраным рынку праз біржу, мясцовым гаспадаркам, Шчучынскаму РУП ЖКГ, насельніцтву.
Адна з галоўных задач лясніцтва – догляд лесу. Сярод мерапрыемстваў – выкошванне непатрэбных парод кустарэзамі.
– Згодна з планам мы павінны ачысціць каля 120 гектараў лесу, аднак выкошваем нашмат больш, – гаворыць Павел Рамуальдавіч. – Выдатна спраўляецца з такой работай ляснік Павел Васільевіч Маркевіч, які працуе ў лясніцтве амаль дваццаць год. Пад яго апекай знаходзіцца каля тысячы гектараў лесу. Ён і ў сваім абходзе ўсё паспявае і іншым дапамагае.
Паўла Васільевіча мы засталі на дзялянцы. Работу ён не спыняў ні на хвіліну. На ачышчаным участку над скошанымі культурамі-пустазеллем горда ўзвышаліся вызваленыя невялікія сосенкі – цяпер ім хопіць і месца, і святла, і харчавання для добрага росту.
– Каб працаваць з душой, трэба любіць лес, – упэўнены Павел Васільевіч. – А я да яго сэрцам прырос…
Кожны сезон на тэрыторыі Дэмбраўскага лясніцтва высаджваюцца маладзенькія дрэўцы. У асноўным увесь пасадачны матэрыял вырошчваецца ў гадавальніку лясгаса. Сёлета разам з традыцыйнымі культурамі – елкамі, соснамі, ліпаю – пасадзілі ясень. Добра зарэкамендавалі сябе і расліны з закрытай каранёвай сістэмай.
– Вясною мы заклалі дзве плантацыі будучай навагодняй ёлкі, – расказвае Павел Рамуальдавіч Кісель. – У апошні час назіраецца тэндэнцыя, калі людзі аддаюць перавагу жывому дрэўцу, таму наш зялёны тавар у сезон карыстаецца попытам. У хуткім часе будзем праводзіць восеньскае дапаўненне: на 47 гектарах адбыўся адпад некаторых культур, замест якіх будзем высаджваць новыя.
Даглядаючы лясныя культуры, дэмбраўскія лесаводы ні на хвіліну не губляюць пільнасці: як вядома, шкоднікі могуць нанесці вялікі ўрон дрэвам.
– Масавыя ўсыханні і караед – гэта сур’ёзныя праблемы лясной гаспадаркі, – гаворыць Павел Рамуальдавіч. – Розным хваробам у першую чаргу паддаюцца аслабленыя дрэвы. Калі, напрыклад, у пучку ігліцы сасны не восем ігліц, як патрэбна, а чатыры, значыць, з дрэвам не ўсё ў парадку. На праблемы можа ўказваць таксама ажурнасць кроны і інш. Пастаянна праводзяцца ў лясніцтве і работы па ахове лясных культур ад пажараў.
Павел Рамуальдавіч працуе ляснічым ужо восем год. Прыйшоў у Дэмбраўскае лясніцтва па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта і адразу з вялікім жаданнем узяўся за работу. Не цэлы год працаваў памочнікам ляснічага, а затым заняў пасаду ляснічага. Сам ён родам з Парэчча – ляснога краю, можна сказаць, вырас на ўлонні прыроды. Таму і абраў лясную спецыяльнасць.
– Лес – гэта жывы арганізм, і трэба пастаянна адчуваць, у чым ён мае патрэбу, – разважае Павел Рамуальдавіч. – Каб працаваць якасна і крочыць у нагу з часам, важна заўсёды быць у курсе сучасных дасягненняў, асвойваць новыя тэхналогіі, быць адкрытым для навукі. Нядаўна даведаўся, што у Гомельскай вобласці спрабуюць праводзіць пасадку раслін з закрытай каранёвай сістэмай у летні перыяд і атрымліваюць добры рэзультат. Чаму б і нам не паспрабаваць?!
Апрача сваёй асноўнай дзейнасці, кожны год у сезон работнікі лясной гаспадаркі займаюцца нарыхтоўкай бярозавага соку. Карыстаецца попытам бярозавік не толькі ў жыхароў нашага раёна, але і ў гродзенцаў. Пэўныя аб’ёмы пастаўляюцца на Гродзенскі кансервавы завод. Сёлета ў Дэмбраўскім лясніцтве рэалізавалі больш за 16 тон соку.
Збор насення – яшчэ адзін важны і адказны ўчастак працы. Насенне дубу, ліпы, шышкі сасны і елкі, каташкі бярозы і чорнай вольхі нарыхтоўваюць леснікі. Вось адкуль бяруць свой пачатак новыя лясы.
Займаюцца леснікі і нарыхтоўкай венікаў. Гэта незаменная прылада ручной працы вельмі патрэбна Шчучынскаму РУП ЖКГ, а таксама некаторым прадпрыемствам раёна.
– Пра работнікаў нашага калектыву можна сказаць многа цёплых слоў, – упэўнены Павел Рамуальдавіч. – Выдатных вынікаў у рабоце дабіваецца П.В. Маркевіч. Сёлета прыйшоў працаваць у лясніцтва Я.П. Габрукевіч і ўжо заняў першае месца сярод юніёраў на спаборніцтвах вальшчыкаў лесу. Выдатна працуе мнагадзетны тата – трактарыст А.Л. Кургун. Каля пяці год даглядае свой абход ляснік А.А. Мароз і адносіцца да справы адказна і з душой. Знайшлі сябе ў лясной гаспадарцы леснікі Д.Б. Гайдукевіч і М.М. Кахновіч. Больш за пятнаццаць год працуе бухгалтарам у лясніцтве Я.Ф. Кузьма.
Вельмі радуе, што з новымі ідэямі, поўная энтузіязму, прыходзіць у лясную гаспадарку моладзь. Да службы ў арміі ўладкаваўся ў лясніцтва майстрам малады спецыяліст з Брэста Аляксандр Муравейка. Адслужыў і зноў прыехаў у Дэмбрава – спадабалася яму гэта старана. На сваю малую радзіму пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта вярнуўся памочнік ляснічага Іван Ненартовіч. Гэта ён прапанаваў арганізаваць у адміністрацыйным будынку лясніцтва міні-выставу знакамітага земляка – мастака Казіміра Альхімовіча. Цяпер у лясніцтве праходзіць вытворчую практыку Валерыя Шэршань, бацька якой працуе майстрам ў Астрынскім лясніцтве. Дачка пайшла па яго слядах.
Разам з тым не забываюць у лясніцтве і былых работнікаў: наведваюць, абавязкова віншуюць са святамі.
Такому калектыву, дзе шануюць ветэранаў працы, перадаюць багаты вопыт моладзі, не можа не спадарожнічаць поспех. Новых вам дасягненняў, работнікі лясной галіны!
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.