Уласны вектар развіцця. Падведзены вынікі работы сістэмы адукацыі раёна

 

На днях у Палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылося чарговае пасяджэнне савета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, падчас якога былі падведзены вынікі работы сістэмы адукацыі раёна за мінулы год, а таксама абазначаны задачы на перспектыву.

 

– У 2021 годзе паспяхова вырашаліся задачы па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей, павышэнні якасці адукацыі, фарміраванні аптымальнай рэгіянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі, выхаванні патрыятызму праз якасную рэалізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства, – падкрэсліў у сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі.

 

 

Павел Віктаравіч падрабязна спыніўся на дасягненнях і праблемах у сістэме дашкольнага выхавання, ключавых момантах развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, расказаў аб арганізацыі абучэння дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, аб удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы, не абышоў увагай і іншыя пытанні. Ён прааналізаваў кадравы састаў сістэмы адукацыі, засяродзіў увагу на праблеме замацавання ў раёне маладых спецыялістаў, акрэсліў асноўныя напрамкі арганізацыі сістэмнай работы з таленавітымі вучнямі, абазначыў, як паступова вырашаюцца задачы цыфравізацыі ўстаноў адукацыі раёна. Ён таксама гаварыў пра тое, як у школах наладжана сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання і наколькі своечасовай і запатрабаванай аказалася новая пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Павел Віктаравіч назваў і самыя яркія перамогі, якія заваявалі вучні і педагогі раёна на самых розных узроўнях. Разам з тым, начальнік аддзела не замоўчваў і праблемы, што на сённяшні дзень існуюць у сістэме адукацыі раёна.

 

 

Установы адукацыі нашага раёна працуюць над фарміраваннем свайго індывідуальнага станоўчага іміджу, кожнаму калектыву ёсць пра што расказаць і падзяліцца сваімі напрацоўкамі. На гэты раз некаторыя накірункі сваёй дзейнасці прадстаўлялі намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №4
г. Шчучына Алеся Руткоўская, дырэктар СШ №2 г. Шчучына Жанна Гайда і дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірына Дзегцярова.

 

Шчырыя словы падзякі за самаадданую, якасную, выніковую работу выказала педагогам намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта. Яна адзначыла яркія мерапрыемствы, якія былі арганізаваны на самым высокім узроўні, парадавалася сур’ёзным дасягненням педагогаў і вучняў, назвала ўстановы адукацыі, дзейнасць якіх заслугоўвае самай высокай адзнакі.

 

Алена Васільеўна разам з Паўлам Віктаравічам уручылі дыпломы кіраўнікам устаноў адукацыі, якія сталі лепшымі у традыцыйным штогадовым аглядзе-конкурсе. Сярод дзіцячых дашкольных устаноў пераможцам стаў яслі-сад №4 г. Шчучына, на другім месцы – яслі-сад №7, а на трэцім – яслі-сад №5.

 

 

У групе “Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” першае месца ў Ражанкаўскага дз/с-СШ, на другой прыступцы п’едэсталу – Галавічпольскі дз/с-СШ і на трэцяй – Ляшчанскі дз/с-СШ.

 

У групе “Гімназія – сярэдняя школа” бясспрэчным лідарам застаецца гімназія г. Шчучына. Другое месца па выніках мінулага года заняла Васілішкоўская СШ і трэцяе – СШ №2 г. Шчучына.

 

 

Акрамя таго, дыпломамі былі адзначаны і ўстановы адукацыі, якія дасягнулі пэўных поспехаў у развіцці асобных напрамкаў дзейнасці. Асобыя словы падзякі прагучалі таксама і ў адрас калектыву Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, які, як і заўсёды, знаходзіцца на вышыні.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!