У свеце тэхналогій. У Шчучыне прайшла першая раённая тэхнагіяда

 

Даведацца аб дасягненнях айчыннай інжынерыі, падзяліцца сваімі тэхнічнымі напрацоўкамі і абмеркаваць свой будучы прафесійны выбар змаглі ўдзельнікі першай раённай тэхнагіяды, якая нядаўна прайшла ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

Раённая тэхнагіяда – новае прафарыентацыйнае мерапрыемства для вучняў дзясятых класаў інжынернай накіраванасці, якія дзейнічаюць на базе гарадской гімназіі, сярэдняй школы № 3 горада Шчучына і Астрынскай сярэдняй школы імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Дарэчы, падобныя класы былі створаны па ўсёй краіне ў пачатку гэтага навучальнага года. Там вучні вывучаюць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку, а таксама наведваюць факультатыў “Уводзіны ў інжынерную прафесію”.

 

 

Праграма першай раённай тэхнагіяды ўключала ў сябе прэзентацыю школьных праектаў. Вучні з Астрынскай школы пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з дакладным макетам сваёй установы адукацыі на якім вызначылі перспектыўныя рашэнні па мадэрнізацыі і рэканструкцыі будынка школы і тэрыторыі вакол яе. Гімназісты паказалі сваю распрацоўку – сістэму кропельнага палівання раслін, якая мае на мэце аптымізаваць працэс забеспячэння вадой тэрыторыі вакол гімназіі. Вучні трэцяй школы пазнаёмілі калег з вынікамі сваіх даследаванняў канструкцыі помпаў для вады.

 

 

Цікавым быў і майстар-клас па друку мадэляў на 3D прынтары ад настаўніцы фізікі СШ № 1 Наталлі Вербаль. Свае праекты ў сферы беспілотнай авіяцыі прадставіў гімназіст Мікіта Хваль.

 

 

Акрамя таго, у рамках праграмы тэхнагіяды вучні тэхнічных класаў з экскурсіяй наведалі міні-музей “Канструктар”, пазнаёміліся з фотавыставай “З жыцця інжынерных класаў” і ўзялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”.

 

 

Карысным для будучых выпускнікоў стаў круглы стол “Роля і значнасць інжынераў у развіцці сучаснага грамадства”. Удзел у рабоце круглага стала ўзялі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Яўгеній Вінча, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Тарчынскі, спецыялісты вядучых прадпрыемстваў нашага раёна, па відэасувязі да размовы далучыліся прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

 

 

– Тэхнагіяда – гэта яшчэ адно цікавае мерапрыемства ў рамках раённага праекта “Прафарыентацыйны компас”, – адзначыў Павел Тарчынскі. – Мы праводзілі аграгіяду для вучняў аграрных класаў, педагіяду для педагагічных класаў. Таму лагічным працягам гэтай тэндэнцыі стала тэхнагіяда. Гэтае мерапрыемства праводзіцца ўпершыню на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і, магчыма, усёй краіны. Мы піянеры ў гэтай справе. Спадзяваемся, што гэты вопыт атрымае дастойную ацэнку, будзе распаўсюджвацца далей і стане добрай традыцыяй у рамках работы з класамі прафесійнай накіраванасці.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!