У школу – з “Белай Руссю”. Мнагадзетная сям’я Мусяла атрымала напярэдадні новага навучальнага года сертыфікат на 200 рублёў
Падрыхтавацца да новага навучальнага года мнагадзетным сем’ям, дзе падрастаюць школьнікі, актыўна дапамагаюць грамадскія арганізацыі.
– І для прафсаюзаў, і для РГА “Белая Русь” удзел у гэтай добрай справе ўжо стаў традыцыяй, – адзначае Юрый Пашук, старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. – Вось і зараз мы ахвотна далучыліся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “У школу з “Белай Руссю”.
На гэтым тыдні Юрый Тадэвушавіч разам з дырэктарам Галавічпольскай СШ імя У.Ч. Серахана Жанай Адамаўнай Пашук наведалі мнагадзетную сям’ю з Лычкаўцаў. Вікторыя Сяргееўна і Дзмітрый Станіслававіч Мусяла выхоўваюць чацвёра дзетак. Дачушкі – Дамініка і Кіра – вучаніцы Галавічпольскай школы, 5-гадовы сын Уладзік наведвае дзіцячы садок, а маленькаму Захару толькі другі годзік пайшоў. Пакуль тата – механізатар ААТ “Васілішкі” – на працы, мама клапоціцца пра дзетак і стварае ўтульнасць у доме, прывучае малых дапамагаць адзін аднаму, быць дружнымі і працавітымі. У маладой сям’і багата планаў на будучае. Яны маюць намер купіць свой дом у Лычкаўцах, кажуць, куды лепей будзе, чым у кватэры на другім паверсе. Безумоўна, разлічваюць на субсідыю дзяржавы і, здаецца, ужо зусім блізка да ажыццяўлення гэтай задумкі.
Госці пацікавіліся, у чым мае патрэбу мнагадзетная сям’я, пагутарылі з дзецьмі. Дзяўчынкі старанна вучацца, з вялікім жаданнем ідуць у школу. Дамініка і Кіра найпершыя матуліны памочніцы ў доглядзе за малодшымі брацікамі. Усё ладзіцца ў гэтай дружнай сям’і, дзе жывуць узаемаразуменне і павага паміж дарослымі і дзецьмі.
Бадай, кульмінацыйным момантам сустрэчы стала ўручэнне старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрыем Пашуком сертыфіката на 200 рублёў. Вікторыя Мусяла выказала шчырыя словы ўдзячнасці за клопат і дапамогу, паўжартам-паўсур’ёз удакладніла: паколькі дачушкі вельмі любяць заняткі фізкультурай, то новыя спартыўныя касцюмы ад “Белай Русі” ім гарантаваны! Добрыя пажаданні мнагадзетнай сям’і выказала і Жанна Адамаўна. Яна падкрэсліла, што наша дзяржава праяўляе вялікі клопат аб падрастаючым пакаленні, а гэта ў сваю чаргу фарміруе павагу да дзяржавы з сацыяльна арыентаванай палітыкай, выхоўвае пачуццё патрыятызму.
Дарэчы, прафсаюзная арганізацыя і адміністрацыя ААТ “Васілішкі” таксама не засталіся ў баку ад дабрачыннай акцыі. У прыватнасці, сям’я механізатара Дзмітрыя Мусяла напярэдадні Дня ведаў атрымала матэрыяльную дапамогу – 100 рублёў на кожнага школьніка. І такую ж дапамогу аграпрадпрыемства аказала ўсім працуючым, дзе ў сем’ях ёсць вучні.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.