З творчым поглядам на дзяржаўныя сімвалы. Пераможцы конкурсу творчых работ “Сімвалы маёй краіны” са Шчучынскага раёна атрымалі ўзнагароды
На гэтым тыдні пераможцы конкурсу творчых работ “Сімвалы маёй краіны” атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад намесніка старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святланы Вараніцы і старшыні Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрыя Пашука. Ініцыятыва “Сімвалы маёй краіны” праводзілася рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” і была прымеркавана да Дня дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
На конкурс прымаліся творчыя работы з выявай дзяржаўных сімвалаў. Кампазіцыі маглі быць выкананы ў розных стылях і жанрах, усё залежала толькі ад фантазіі ўдзельнікаў.
Пра арганізацыю конкурсу нам расказала Святлана Вараніца:
– Конкурс праводзіўся ўпершыню і атрымаў добры водгук, удзел у ім узяло шмат людзей. Напрыклад, у фінальны тур прайшлі 326 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 59 гадоў. Улічваючы ўзрост канкурсантаў, было прынята рашэнне ўвесці для іх розныя намінацыі.
9 творчых работ з Гродзенскай вобласці былі адзначаны журы, як пераможцы ў сваіх намінацыях. Вельмі радасна, што 3 з іх створаны ў нашым раёне. Так, перамогу ва ўзроставай катэгорыі “Дзіцячая творчасць” мела вучаніца Орлеўскай сярэдняй школы імя С.П. Шупені Крысціна Крупіца. Дзяўчынка з дапамогай сваякоў прыгожа аформіла дызайн майкі, на якой знайшлі адлюстраванне як дзяржаўныя сімвалы, так і прырода роднага краю.
Малюнак беларускі, якая трымае каравай у жытнёвым полі з валошкамі, быў адзначаны ў намінацыі “Беларусь вачыма дзяцей”. Яго намалявала выхаванка Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Ульяна Малец.
Перамогу ў спецыяльнай намінацыі “За лепшае раскрыццё тэмы” атрымала Таццяна Іваноўская. Таццяна працуе загадчыкам аддзялення суправаджальнага пражывання Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яе творчая работа выканана ў форме кнігі-памяткі і дэманструе ўсе тры дзяржаўныя сімвалы.
Вядома, візіт Святланы Вараніцы і Юрыя Пашука ў дом-інтэрнат не абышоўся без салодкіх падарункаў. Таксама ў рамках дабрачыннай акцыі “Падары дзіцяці радасць” рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” установе быў падараваны сертыфікат на падпіску на розныя дзіцячыя выданні. Выхаванцы дома-інтэрната аддзячылі гасцям канцэртам з танцавальнымі нумарамі.
Таксама кіраўнікі “Белай Русі” завіталі ў Жалудоцкую СШ імя В. Урублеўскага, каб выказаць падзяку дырэктару школы Уладзіміру Васількевічу за актыўны ўдзел навучальнай установы ў рэспубліканскай акцыі “Веламай”.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.