У Шчучынскім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2018 год
У Шчучынскім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2018 год, вызначылі галоўныя напрамкі, па якіх будуць працаваць сёлета, каб на тэрыторыі раёна панавалі правапарадак і законнасць.
У нарадзе прынялі ўдзел старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік, начальнік штаба УУС Гродзенскага аблвыканкама В.К. Страчынскі, пракурор раёна А.У. Дзямідаў, начальнік РАСК А.Я. Кізілевіч, старшыня суда Шчучынскага раёна І.У. Тодарава , кіраўнікі іншых праваахоўных органаў.
-- У мінулым годзе аддзел паказаў дастаткова стабільныя вынікі па асноўных напрамках аператыўна-службовай дзейнасці, а па асобных з іх значна павысіў эфектыўнасць сваёй работы, -- адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама С.М. Сыцэвіч.
-- Мы сёння пад сур'ёзнай абаронай, -- перакананы старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. – Супрацоўнікі міліцыі, нягледзячы на вялікую нагрузку, узнялі планку службовых задач і яе дасягнулі. Гэта сведчыць аб высокім прафесіяналізме і ўзгодненасці ў рабоце.
У пацвярджэнне гэтых слоў прыводзілі лічбы і факты і начальнік РАУС, і яго намеснікі па асноўных напрамках аператыўна-службовай дзейнасці -- Д.Г. Фомчанкаў, А.М. Гележа і Д.Д. Кірылаў. Так, дзякуючы прынятым прафілактычным мерам знізілася колькасць зарэгістраваных злачынстваў як па лініі ўсіх служб, так і па лініі крымінальнага вышуку. А 68,2 % злачынстваў раскрыты па "гарачых слядах", і гэта чацвёртая пазіцыя ў вобласці. Адбылося змяншэнне злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, не дапушчана росту крыміналу ў асяродку непаўналетніх, а таксама ў сельскай мясцовасці. Ад зламыснікаў летась пацярпела менш людзей, у тым ліку падлеткаў і пажылых грамадзян. Стабільны стан дарожна-транспартнай бяспекі: леташнія 10 ДТЗ і 2 загінулыя ў іх – гэта найменшыя лічбы за апошнія пяць год. На тэрыторыі раёна прыціхлі зладзеі: зарэгістравана 149 крадзяжоў, што на 20 менш, чым у папярэднім годзе. Асобы амаль 60 працэнтаў зламыснікаў, якія квапіліся на чужое, устаноўлены. Вядомы і падазраваемыя ў шасці грабяжах. Не дапушчаны рост цяжкіх рэзанансных злачынстваў. Абышлі раён бокам разбойнікі і вымагальнікі.
Аднак ёсць напрамкі дзейнасці, дзе праваахоўнікам яшчэ трэба дабавіць службовых высілкаў. У прыватнасці, не ў поўнай меры спрацавала прафілактыка ў адносінах да раней судзімых грамадзян: злачынстваў, учыненых імі, пабольшала. Дабавілася і "п'янага" крыміналу. С.М. Сыцэвіч запатрабаваў ад падначаленых паставіць заслону перад гэтымі і іншымі супрацьзаконнымі праявамі. Па яго словах, у шчучынскіх сышчыкаў ёсць патэнцыял для раскрыцця не толькі "свежых" злачынстваў, але і тых, што адбыліся ў мінулыя гады. Супрацоўнікам АБЭЗ нельга спыняцца ў выяўленні эканамічных злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх, карупцыйнай накіраванасці. Варта ўзмацніць аператыўныя пазіцыі па выяўленні крыміналу, звязанага з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, спіртаўтрымліваючай прадукцыі, больш актыўна выступаць супраць п'янства і алкагалізму.
-- Працаваць граматна і прафесіянальна! – такое галоўнае патрабаванне начальніка РАУС да супрацоўнікаў усіх службаў і падраздзяленняў райаддзела.
Начальнік штаба УУС аблвыканкама В.К. Страчынскі лічыць, што з задачай забяспечыць належны правапарадак, бяспеку працы і жыцця шчучынскія праваахоўнікі спраўляюцца. Злачынцы, парушальнікі грамадскага парадку і спакою людзей прыцягваюцца да адказнасці, а значыць, працуе прынцып немінучасці пакарання. Разам з тым палкоўнік міліцыі выказаўся за ўзмацненне кантролю за раней судзімымі асобамі і больш цеснае ўзаемадзеянне з насельніцтвам у вышуку без вестак зніклых людзей і выяўленні ачагоў самагонаварэння.
Старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік, пракурор раёна А.У. Дзямідаў і начальнік раённага аддзела Следчага камітэта А.Я Кізілевіч назвалі вялікімі праблемамі наяўнасць пустуючых дамоў, дзе любяць арудаваць зладзеі, рост пажараў і п'янства, засяродзілі ўвагу на пытаннях прафілактыкі. А калі абмяркоўваліся пытанні кадравага забеспячэння райаддзела, Сяргей Васільевіч пацвердзіў гатоўнасць улады і далей рабіць усё, каб субрацоўнікам міліцыі, увогуле маладым спецыялістам, было камфортна працаваць і жыць на Шчучыншчыне.
Нарада завяршылася ўрачыстым момантам – уславілі тых, хто сумленна служыць і працуе. Медалі "За бездакорную службу" 3 ступені ўручаны старшаму оперупаўнаважанаму групы вышуковай работы С.І. Кузьмянкову (яму ж -- і грамата УУС), начальніку аддзялення інфармацыйнага забеспячэння А.С. Куцэйка і начальніку АДС П.П. Найду. Нагрудным знакам УУС Гродзенскага аблвыканкама "За адзнаку" і Ганаровай граматай райсавета дэпутатаў адзначаны намеснік начальніка РАУС А.М. Гележа. Падзяка начальніка УУС аб'яўлена старшаму інспектару прафілактыкі ААПП А.І. Малашка і галоўнаму бухгалтару П.І. Івуцю. Ганаровую грамату Шчучынскага райвыканкама атрымаў старшы інспектар ДПС АДАІ А.У. Асокін, а Падзяку райвыканкама – участковы інспектар ІСН А.В. Бялоцкая і міліцыянер-вадзіцель АДС М.А. Саўчук. У райаддзеле стала больш на двух капітанаў – новенькія пагоны прымацуюць на кіцелі оперупаўнаважаны АБЭЗ П.М. Куроўскі і ўчастковы інспектар ІСН Д.А. Пружачнікаў. Прынародна ўшанавалі і дзесяць супрацоўнікаў, прызнаных лепшымі па прафесіі па выніках службовай дзейнасці за 2018 год.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.