У Шчучыне прайшоў святочны канцэрт з нагоды 75-гадовага юбілею Гродзенскай вобласці

Святочнае мерапрыемства ладзілася ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. У зале сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прадпрыемстваў раёна, ветэраны працы і моладзь. У фае была арганізавана выстава майстроў Шчучыншчыны, якая яшчэ раз пацвердзіла, што наш рэгіён багаты на таленты.

Чарговы юбілей – выдатная нагода азірнуцца на пройдзены шлях, пабудаваць планы на будучыню. Нягледзячы на тое, што 75 гадоў – узрост у маштабах гісторыі параўнальна невялікі, змены, якія адбыліся за гэтыя гады, вельмі значныя. Гродзенская вобласць, дзякуючы намаганням людзей, якія тут жывуць і працуюць, дынамічна развіваецца, будуецца, становіцца яшчэ больш прыгожай.  Шчучынцы сваёй добрасумленнай, самаадданай працай таксама ўносяць значны ўклад у развіццё Прынёманскага краю, пакідаюць яркі след у яго гісторыі.  

Са святам землякоў шчыра павіншаваў старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Валянцінавіч Садоўскі. На сцэну пад гучныя апладысменты падняліся людзей, звесткі аб якіх занесены ў Кнігу славы Шчучынскага раёна: заслужаны работнік адукацыі БССР, ганаровы грамадзянін горада Шчучына Э.С. Дзікевіч, педагог, мастак, паэтка, лаўрэат прэміі імя Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» Г. П. Бяляўская, былы загадчык Першамайскай участковай бальніцы М. І.Конанава, былы дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь кавалер ордэна «Знак Пашаны», кандыдат сельскагаспадарчых навук У.У. Курыловіч, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Медуніцы» Г.А. Паноў, ветэран вялікай Айчыннай вайны В.Р. Маслава і іншыя.

Як адзначылі вядучыя, Дзмітрый Паноў і Алена Барэль, Гродзеншчына заўсёды славілася тым, што ва ўсіх галінах эканомікі паспяхова вырашаліся складаныя задачы і рэалізоўваліся самыя смелыя праекты. Прынёманскі край уносіць вялікі ўлад у справу развіцця незалежнай Беларусі. На долю Гродзенскай вобласці прыходзіцца 10% прамысловай вытворчасці Рэспублікі Беларусь. Гродзенская марка прадпрыемстваў машынабудавання, хімічнай, лёгкай і харчовай прамысловасці шырока вядомая на сусветным рынку.  Сваёй працай людзі ўслаўляюць не толькі наш рэгіён, але і краіну. Не выпадкова ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці занесена больш за 100 імёнаў. Адметна, што сярод іх ёсць і імёны нашых землякоў. Падчас свята загадчыцы малочнатаварнай фермы “Скоржыкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Шчучынаграпрадукт” І.І. Гойла і аператару машыннага даення малочна-таварнай фермы “Скоржыкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Шчучынаграпрадукт” І.А. Папялушка ўручала памятныя падарункі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

Падчас мерапрыемства на сцэну падняліся і людзі, якія ўдастоены ганаровага звання “Чалавек Года Гродзеншчыны”. Яны не толькі  дэманструюць сапраўдны прафесіяналізм, але і ўносяць вялікі ўклад у грамадскае жыццё вобласці. Памятныя падарункі ім уручыла намеснік старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта А.В. Пасюта. Сярод тых, хто годна носіць званне “Чалавек Года Гродзеншчыны” –  дырэктар філіяла «Жалудоцкі агракомплекс» адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Скідзельскі» С.Ю. Гузень, урач-хірург хірургічнага Шчучынскай ЦРБ А.І. Здановіч, дырэктар Шчучынскага цэнтра селекцыі і генэтыкі рэспубліканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства па племянной справе "Гродзенскае племпрадпрыемства» З.С. Яхімчык, дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Клубніка Плантс» Т.В. Сямашка, дырэктар даччынага ўнітарнага прадпрыемства меліярацыйных сістэм А.З. Астраух, наша калега – загадчык аддзела сацыяльных праблем установы «Рэдакцыя Шчучынскай раённай газеты «Дзянніца» Т.В. Ступакевіч, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па інваспорту ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па Паралімпійскіх і Дэфлімпійскіх відах спорту» А.В. Чарняк, настаўнік пачатковых класаў Васілішкаўская сярэдняя школа С.А. Ханько, настаўнік матэматыкі гімназія г. Шчучына Т.В. Уласава, аператар плазменнай устаноўкі даччынага прадпрыемства “Шчучынскі рамонтны завод” Гродзенскага ўнітарнага прадпрыемства «Аблсельгастэхніка» А.А. Каленік, галоўны інжынер МПМК-167 Ю.С. Краеўскі і галоўны аграном філіяла «СПУ «Пратасаўшчына» вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблгаз» А.В. Клімовіч.

Не засталася без належнай увагі і моладзь Шчучыншчыны, якая ўслаўляе наш край працоўнымі здзяйсненнямі, спартыўнымі перамогамі і творчымі дасягненнямі. Іх павіншавала выконваючы абавязкі першага сакратара Шчучынскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі Рэспубліканскі Саюз моладзі” Вікторыю Даўгашэя.

Гродзеншчына ўпэўнена глядзіць у будучыню, рэалізуе сур'ёзныя інавацыйныя і прамысловыя праекты. У Шчучынскім раёне ёсць прадпрыемствы і арганізацыі, якія з'яўляюцца равеснікамі вобласці. Гэта раённы ваенны камісарыят Шчучынскага раёна, раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Жалудоцкая гарадская бальніца. Выказаў словы ўдзячнасці за зладжаную працу і пажадаў  калектывам новых дасягненняў старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Валянцінавіч Садоўскі.

Цудоўнымі музычнымі нумарамі парадавалі ўсіх таленавітыя артысты РЦКіНТ і ПТДіМ.

   

Нас усіх аб’ядноўвае адна высакародная мэта – зрабіць нашу радзіму  яшчэ больш прыгожай і багатай. Шчучынцы і далей будуць з годнасцю працягваць справу бацькоў і дзядоў, бо вялікая спадчына нашых продкаў не толькі ўсяляе ўпэўненасць у заўтрашнім дні, але і дае сілы для новых дасягненняў.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!