У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” прайшоў агляд гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да пасяўной кампаніі
Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама сумесна з супрацоўнікамі АДАІ Шчучынскага РАУС правялі агляд сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках раёна. Апошнімі праверку на гатоўнасць да пасяўной кампаніі прайшлі аграрыі саўгаса “Вялікае Мажэйкава”.
На мехдвары сельгаспрадпрыемства роўнай лініяй выстраіліся трактары з прычэпамі – усе як след абслужаныя, пафарбаваныя і гатовыя да выхаду ў поле. Побач са сваімі “жалезнымі конямі” стаялі механізатары ў новым спецадзенні, якое ім выдалі акурат да пачатку сезона. У кожнага ў руках – медыцынская даведка і вадзіцельскае пасведчанне пэўнай катэгорыі.
Да механізатараў звярнуўся старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Руслан Маркевіч. Ён падрабязна расказаў аб апошніх змяненнях у адміністрацыйным заканадаўстве, якія ўступілі ў сілу 1 сакавіка, а таксама заклікаў прысутных строга выконваць правілы дарожнага руху, каб не трапіць у аварыю.
Затым пачаўся непасрэдна агляд тэхнікі. Спецыялісты райсельгасхарчу і супрацоўнікі АДАІ правяралі ў кожным трактары работу тармазной сістэмы, фар, маячкоў і габарытных агнёў. Асаблівую ўвагу звярталі на наяўнасць знакаў аварыйнага прыпынку, запраўленых вогнетушыцеляў і ўкамплектаваных аптэчак.
– Паўтара года таму я прыехаў працаваць у саўгас “Вялікае Мажэйкава” з Воранаўскага раёна і не пашкадаваў! – дзеліцца механізатар Павел Любянец. – Гаспадарка ўпэўнена развіваецца, а за працу тут плацяць дастойна. Да ўсяго мне выдзелілі дом, дзе і жыву са сваёй сям’ёй. Працую на трактары “МТЗ-1221”, якому ідзе ўжо дзявяты сезон. За зіму перабраў тэхніку да апошняга шрубка, таму ўпэўнены, што яна не падвядзе! У асноўным буду займацца нарыхтоўкай кармоў, для чаго падчаплю да свайго трактара прэс-падборшчык.
Усяго ў гаспадарцы налічваецца 42 трактары, з якіх 4 – энерганасычаныя. Таксама ў карыстанні мажэйкаўскіх аграрыяў ёсць 4 кормаўборачныя і 10 зернеўборачных камбайнаў. Па словах галоўнага інжынера саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Юрыя Шалеснага, гэтай тэхнікі дастаткова, каб якасна і ў тэрмін правесці ўсе палявыя работы.
– У гаспадарках Шчучыншчыны налічваецца звыш 460 трактароў, з якіх 94% гатовы хоць сёння выйсці ў поле, – зазначае першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Андрэй Клімовіч. – Па гэтым паказчыку наш раён займае адну з лідзіруючых пазіцый у вобласці. Таксама прыведзены ў парадак усе глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, як след абслужаны машыны для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў. Апошніх, дарэчы, мы нарыхтавалі 75% ад патрэбы і пастаянна павялічваем гэты паказчык. Ужо пачалі падкормліваць каліем шматгадовыя травы. На чарзе азімыя зерневыя і рапс. З кожным днём надвор’е становіцца ўсё больш цёплым, таму ўжо на наступным тыдні плануем распачаць сяўбу.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.