У Ракавіцкай царкве Боскую літургію правёў уладыка Антоній -- архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

 

Ракавічы прачнуліся сёння ранютка. Нагадаем, што тут ужо другі дзень запар прымаюць хрысціян-вернікаў з усіх куточкаў Прынеманскага краю, якія прыйшлі і прыехалі пакланіцца цудатворнай іконе Божай Маці Ракавіцкай. 10 жніўня богаслужэнне ў храме пачалося ў шэсць гадзін, а затым адбыўся водаасвятны малебен ля святой крыніцы.

 

 

 А дзявятай гадзіны  раніцы прыхаджане храма Ражства Прасвятой Багародзіцы і шматлікія паломнікі хлебам-соллю, прыгожымі кветкамі сустракалі архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага  Антонія.

 

 

Уладыка цёпла прывітаў і благаславіў вернікаў, узначаліў наступную, больш познюю, Боскую літургію. Яму саслужылі святары Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі. Людзі шчыра маліліся за мір, прасілі Заступніцу аб здароўі, згодзе ў сем’ях і на зямлі Беларусі. Прыгожае і светлае прастольнае свята храма Ражства Прасвятой Багародзіцы ў Ракавічах ужо каторы год аб’ядноўвае людзей, умацоўвае іх веру, сілы духоўныя і фізічныя. Менавіта ў такіх святых мясцінах яшчэ раз упэўніваешся: цуды там, дзе ёсць вера…

 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

 

Андрэй Шэршань – старшыня Орлеўскага сельскага Савета дэпутатаў:

 

-- Сённяшняе свята – адно з самых значымых у нашым рэгіёне. Рыхтуемся да яго загадзя, вырашаем усе арганізацыйныя пытанні талакою. Падключаюцца арганізацыі, мясцовае насельніцтва, безумоўна, нашы актыўныя работнікі культуры. Мы паклапаціліся, каб паўсюль была абкошана трава, акуратныя сцежкі вялі да святой крыніцы, каб гасцям і паломнікам з далёкіх краёў спадабаўся наш аграгарадок Ракавічы і яны не толькі ў дні фэсту прыязджалі ў наш храм Ражства Прасвятой Багародзіцы, дзе ўжо на працягу многіх год беражліва захоўваецца цудатворная ікона, якая дапамагае людзям, што жывуць з верай у сэрцы. Мясцовыя старажылы не іначай, як цудам, лічаць тое, што і пры польскім часе, і ў гады нямецкай акупацыі, і ў перыяд ваяўнічага атэізму дзверы храма ў Ракавічах не закрываліся. Божая Маці ніколі не пакідала царкву.

 

 

Валянцін Скрабец – свяшчэннаслужыцель:

 

-- На свяце ў Ракавічах я па запрашэнні настаяцеля мясцовага храма і майго аднакурсніка іерэя Дзмітрыя Галамбоўскага. У нас на Палессі таксама нямала цудаў. Усе ж чулі пра феномен Тураўскіх крыжоў. У царкве, дзе я служу, у вёсцы Хатомель Стаўбцоўскага раёна таксама вырас такі каменны крыж. А ў вас на Шчучыншчыне – цудатворная ікона Божай Маці, святая крыніца. Усё гэта знакі і пасланні нам, людзям, каб умацоўваць веру, быць міласэрнымі, жыць па запаведзях. Што тычыцца самога свята, то гэта ўзор таго, як гарманічна пераплятаецца ў жыцці нябеснае і зямное. Прыгожы, глыбока духоўны фэст, дзе ёсць месца і прыемным сустрэчам, і сяброўскім усмешкам, гульням дзяцей, добрай песні. Сюды хочацца вяртацца зноў і зноў.

 

 

Юля Свістунова і Юля Ганчарук – удзельніцы дзіцяча-юнацкага хору “Анёлкі” г. Гродна:

 

-- У Ракавічах мы ўжо ў другі раз. Вельмі падабаецца тут: адразу ж адчулі адкрытасць сэрцаў тутэйшых людзей, нейкую хатнюю ўтульнасць. Нам з сяброўкамі вельмі прыемна выступаць на такім самабытным свяце. Наш калектыў “Анёлкі” з’явіўся на базе нядзельнай школы храма Мікалая Цудатворца. Шчыра кажучы, вельмі падабаецца займацца пад кіраўніцтвам педагога Альжбеты Даўгаполік. Тым больш прыемна, калі творчыя шляхі прыводзяць у святыя мясціны, дзе адчуваецца Боская міласць і згуртаванасць людзей, што жывуць з Богам і верай у сэрцы.

 

 

Мікіта Атліванчык – студэнт Гродзенскага медуніверсітэта:

 

--  Належу да скаўтскага руху. Штогод мы з сябрамі і аднадумцамі на веласіпедах адпраўляемся з Гродна па цікавых маршрутах краіны. З 2020 года ездзім на свята ў Ракавічы. Да гэтай традыцыі нас далучыў айцец Ілья, які і сам заўзяты веласіпедыст і падарожнік. Па яго ж словах, у ракавіцкіх мясцінах кожны адчувае апеку Божай Маці, што як і родная матуля не адпусціць сваіх дзяцей, не сабраўшы “вандзэлачак” у дарогу. А тут мы атрымліваем нават нешта большае – спажытак для душы. Мае бацькі таксама часта прыязджаюць сюды: моляцца, набіраюць з крыніцы святой вады, аднаўляюць свае сілы і энергію. Гэта месца насамрэч адзначана міласцю Божай. Усім раю тут пабываць.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!