Памяць. Вера. Айчына. У Шчучыне прайшоў Усебеларускі хрэсны ход “Царква і армія”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Памяць. Вера. Айчына. Менавіта пад такім дэвізам на Шчучынскую зямлю прыйшоў IV Усебеларускі хрэсны ход “Царква і армія”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мэтай гэтага духоўна-патрыятычнага праекта з’яўляецца захаванне памяці і праслаўленне подзвігу нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе хрэсны ход аб’яднае 70 гарадоў і населеных пунктаў па ўсёй нашай краіне. Праводзіцца ён па бласлаўленні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна.
У Шчучыне хрэсны ход пачаўся ад царквы Святога Міхаіла Архангела. Яго ўдзельнікі накіраваліся ў гарадскі сквер да помніка савецкім воінам і партызанам, дзе адбыўся мітынг-рэквіем у памяць аб продках, якія паклалі сваё жыццё дзеля перамогі ў вайне.
Памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі кіраўніцтва раёна, святары Шчучыншчыны, прадстаўнікі сілавых структур, ветэраны Узброеных Сіл, моладзь, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, а таксама іншыя неабыякавыя да гістарычнай памяці жыхары Шчучына. Таксама ў хрэсным ходзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскай памежнай групы і 6-й асобнай механізаванай брыгады з Гродна.
Падчас мітынгу да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна:
– Мы рады вітаць чацвёрты Усебеларускі хрэсны ход “Царква і армія”. Жыхары Шчучына як сапраўдныя патрыёты, якія жадаюць дабра і росквіту сваёй Радзіме, разумеюць, наколькі важныя такія мерапрыемствы. Так гістарычна склалася, што наш край часта станавіўся арэнай кровапралітных бітваў, нашым продкам не раз прыходзілася браць у рукі зброю і аказваць супраціўленне агрэсарам. Але Вялікая Айчынная вайна засланіла сабой усе мінулыя канфлікты, бо, па сутнасці, увесь наш народ быў пастаўлены на мяжу выжывання. Усебеларускі хрэсны ход – гэта магчымасць адчуць значэнне Вялікай Перамогі, дакрануцца да легендарнай гісторыі Беларусі, пранікнуцца пачуццём гонару да продкаў і засведчыць сваю ўдзячнасць мужным героям вайны.
Таксама да прысутных звярнуўся благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк:
– Сёння кожны з прысутных сваім удзелам сведчыць аб тым, што мы адзіныя. Адзіныя царква і свецкая ўлада, вайскоўцы і народ. У гэтым адзінстве наша сіла. Мы памятаем і ніколі не забудзем, якой цаной дасталася нам перамога і мірнае жыццё. Звяртаюся да падрастаючага пакалення і прашу, каб мы ўсе разам зрабілі ўсё магчымае, каб жыць у квітнеючай і мірнай Беларусі.
Пасля іерэй Аляксандр зачытаў зварот Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна да ўдзельнікаў хрэснага ходу. Далей адбылося богаслужэнне за ўпакой душаў абаронцаў роднай зямлі і ўсіх тых, хто пацярпеў у гады той страшнай вайны. Пасля гэтага ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць аб героях хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі ля помніка.
Своеасаблівым сімвалам Усебеларускага хрэснага ходу “Царква і армія” стала капсула, якая ў кожным раёне напаўняецца зямлёй з месцаў пахавання воінаў-вызваліцеляў. Прыняўшы эстафету памяці ад Лідскага раёна, прадстаўнікі Шчучыншчыны перадалі яе далей – у Гродзенскі раён.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.