Асаблівая сіла агульнай малітвы

Урачыстая і разам з тым надзвычай душэўная атмасфера панавала нядзельным ранкам у ніжнім храме Богаяўлення ў Шчучыне. У гэты дзень Боскую літургію тут узначаліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Пасля сумеснай шчырай малітвы, а многія прыйшлі ў храм цэлымі сем'ямі, Уладыка Арцемій звярнуўся да вернікаў з пропаведдзю.  Ён гаварыў пра шлях чалавека да веры і сэнс хрысціянскага жыцця, пра тое, як важна несці адказнасць перад Госпадам за кожны свой учынак, слова, жыццёвую пазіцыю...

-- Найвышэйшы талент, дадзены чалавеку, -- гэта талент веры. Вера – дар Божы, -- адзначыў Уладыка Арцемій. -- Чалавек можа прыняць гэты дар, а можа і не прыняць. А раз прыняў – павінен не толькі згаджацца, што Бог ёсць. Ён павінен жыць у Богу, жыць сумленна і праўдзіва, па Евангеллі.

Пасля літургіі Уладыка уручыў царкоўныя ўзнагароды шчучынцам, якія найбольш актыўна папрацавалі дзеля царквы. Так, медалём «Каложскі крыж» 3-яй ступені ўзнагароджаны кіраўнік праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Дружына» П.П. Найда. Калі Павел Паўлавіч прымаў высокую ўзнагароду, хор урачыста праспяваў «Аксіос», што азначае «Дастойны!».  Такім жа медалём быў адзначаны і педагог клуба М.З. Кіселар, а граматай -- панамар храма Богаяўлення ў г. Шчучын Г.П. Шышкін.

На богаслужэнні ў храме Богаяўлення прысутнічаў і каталіцкі святар айцец Вітольд. Уладыка Арцемій прывітаў ксяндза і выказаў задаволенасць, што вернікі і святары двух хрысціянскіх канфесій «жывуць дружна, па-хрысціянску, па-божы».

Уславіўшы Усявышняга ў сумеснай малітве, узнёсшы да яго свае просьбы і словы падзякі, людзі выходзілі з храма ўнутрана адухоўленымі і прасветленымі. І разыходзіцца не спяшаліся. Віншавалі адзін аднаго з нагоды прастольнага свята, радаваліся на дзіва цёпламу і сонечнаму дню, дзяліліся ўражаннямі. " Як сонца сагравае зямлю, так і нас, прыхаджан, сагравае малітва правячага архірэя", -- не хавала сваіх пачуццяў жыхарка Шчучына Наталля Мікалаеўна Мікалайчык.

Прыцягнулі ўвагу вернікаў і некалькі радкоў свежай цаглянай кладкі: сцены царквы пачалі расці ўвышыню. Як патлумачыў Благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк, нядаўна пачалося ўзвядзенне верхняй часткі храма Богаяўлення. Дарэчы, кожны, хто пажадае, можа зрабіць свой унёсак у добрую справу… ахвяраваўшы невялікую суму на ўласную імянную цагліну, або некалькі, калі тое дазваляе сямейны бюджэт.

І яшчэ. Пасля службы ў храме вернікаў запрасілі на агульную трапезу, якую арганізавалі на свежым паветры прыхаджане і выхаванцы клуба «Дружына».
Варта пачытаць: Пажыць у благаслаўлёных мясцінах Лаўрышава…
                             К святыне – с поклоном и молитвой
                             Свечкі дагараць, а памяць не згасне

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!