У "Права.by" – на ўсе 100 адпачывай! Даведайцеся, як рабяты бавяць час у "Касмадроме"
Ужо заўтра ў дзіцячым аздараўленчым лагеры "Касмадром" завяршаецца другая змена. Больш за 60 хлопчыкаў і дзяўчынак весела і цікава правялі васямнаццаць дзён у цудоўным маляўнічым месцы: выдатна адпачылі, умацавалі здароўе і пасябравалі.
– Нашы дзеці адпачываюць у рэспубліцы "Права.by", – расказвае выхавацель Ірына Сіўко. – Кожны дзень у лагеры праводзіцца прававая гадзіна, падчас якой выхавацелі расказваюць, як правільна паводзіць сябе, каб не парушаць закон, нагадваюць правілы бяспекі. Рабяты магуць наведваць заняткі па інтарэсах, сярод якіх "Мазаіка права" і "Юны следчы". А другая палова дня звычайна прысвячаецца самым розным мерапрыемствам, у якіх юныя насельнікі нашай рэспублікі могуць праявіць свае творчыя здольнасці, акцёрскае майстэрства, прадэманстраваць навыкі ў харэаграфіі.
У Дзень менеджэраў у "Касмадроме" адчынілася мноства розных салонаў: сярод якіх можна было наведаць салон прыгажосці, салон тату, працавалі кафэ і лавачка бабы Фросі… Дзеці шукалі работу на "біржы працы", каб набраць як мага больш лангрыкаў (грашовая адзінка рэспублікі) і абмяняць іх на прызы.
Весела прайшоў конкурс Смяшарыкаў, падчас якога кожны атрад павінен быў прадставіць па некалькі вясёлых крэатыўных размаляваных дзіцячых тварыкаў.
Рыцарскі турнір, конкурс "Міс рэспубліка "Права.by", квэст-гульня, конкурс "Салодкая парачка" і многія іншыя мерапрыемствы захапілі рабят. Яны вельмі адказна рыхтаваліся да кожнага з іх, атрымлівалі прызы, дэманстравалі свае творчыя здольнасці.
– У "Касмадром" прыехаў упершыню, і мне тут ўсё спадабалася, – дзеліцца сваімі ўражаннямі гімназіст Арсеній Дзямідаў. – З задавальненнем удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, асабліва ў гумарыстычных. Кормяць тут таксама смачна! Цікава было бавіць час разам з сябрамі. Упэўнены, што ў наступным годзе зноў буду тут адпачываць.
Кацярына Бранцэвіч праводзіць у "Касмадроме" ужо восьмае лета. На гэты раз адпачынак запомніцца ёй тым, што ў конкурсе прыгажосці яна заваявала тытул "Міс Зачараванне".
Даніка Трахімчыка, які пойдзе ў пяты клас СШ №1 г. Шчучына, і трэцякласніка Максіма Труся з Астрынскай СШ мы засталі за шахматнай дошкай. Хлопчыкі вырашылі згуляць чарговую партыю і дасканала абдумвалі кожны ход. Данік увогуле захапляецца спортам: займаецца каратэ, любіць гуляць у футбол. А Максім гатовы з раніцы да вечара абдумваць шахматныя камбінацыі.
Выдатна знаходзіць з дзецьмі агульную мову, а таксама набіраецца педагагічнага вопыту студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Марозік. Ён закончыў трэці курс факультэта славяна-германскіх моў і вырашыў прайсці летнюю практыку ў "Касмадроме".
– Гэта вельмі зручна, таму што недалёка ад дома – я жыву ў Ражанцы, – гаворыць Аляксандр. – З рабятамі працаваць мне падабаецца. Я – важаты ў самым старэйшым атрадзе. У нас з імі нават розніца ва ўзросце невялікая, таму ніякіх праблем і не ўзнікае – разумеем адзін аднаго. Разам рыхтуемся да конкурсаў, удзельнічаем у розных мерапрыемствах. Асабліва цікава, калі праводзяцца спартыўныя гульні, у якіх каманда выхавацеляў выступае супраць каманды выхаванцаў.
Актыўны адпачынак прадугледжвае і добрае харчаванне. Самы лепшы паказчык смачнай ежы – пусты посуд пасля снеданняў, абедаў і вячэры.
– Поварам у лагеры працую ўжо некалькі гадоў, – гаворыць Лілія Вяршыла. – Маё пастаяннае месца работы – харчаблок Навадворскага дз/с-СШ. Стараюся гатаваць смачна і з душою. За сталамі рабяты сядзяць па двое, як таго патрабуюць меры бяспекі. Дзеці практычна заўсёды з'ядаюць да канца свае порцыі. А ўжо пра садавіну – грушы, апельсіны, алычу і іншую – і гаварыць не прыходзіцца.
Кожны дзень харчовы рацыён дзяцей абавязкова дапаўняецца растваральнымі вітамінамі "Vitus": за гэтым сочаць урач Яніна Шубадзёрава і фельчар Святлана Красочка.
Хутка праляцелі дні ў лагеры, а пазітыўны настрой і станоўчыя эмоцыі дзеці абавязкова забяруць з сабою. Каб захаваць іх да наступнага лета!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.