У кожнага – свая вайна і свой адваяваны ў фашызму мір. Даведаліся, як адгукаюцца ў сэрцах сучаснікаў падзеі Вялікай Айчыннай і лёсы герояў

 

Праязджаючы сёння па мірных вуліцах гарадскога пасёлка Астрына, можна толькі ўяўляць, які нязломны дух тут лунаў пад стрэхамі хат падчас нямецка-фашысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як марылі людзі аб свабодзе і незалежнасці, набліжалі перамогу сваёй барацьбой з захопнікамі!

 

Назвы вуліц назаўжды ўвекавечылі імёны арганізатараў супраціўлення. Ад брацкай магілы са скульптурай воіна-вызваліцеля ў цэнтры мястэчка промнямі разыходзяцца вуліцы: Антона Станкевіча – камандзіра партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола, Мікалая Слатвінскага –  бясстрашнага кіраўніка астрынскага маладзёжнага падполля, Міхаіла Міхалёва – адважнага партызанскага камісара і партыйнага дзеяча, што загінуў ужо пасля вайны ад каварнай бандыцкай кулі, умацоўваючы ў тутэйшых мясцінах Савецкую ўладу…

 

Блізкая гісторыя

 

Наша задача – больш падрабязна даведацца аб дзейнасці астрынскіх падпольшчыкаў. І вось мы ў мясцовай школе, дзе ў прыярытэце заўжды было і застаецца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, глыбокая даследчыцкая работа, што вядзецца на працягу дзесяцігоддзяў. Настаўніцы Лілія Чырэц і Святлана Матусевіч – карэнныя астрынчанкі, самі калісь тут вучыліся, а потым вярнуліся на працу ўжо ў якасці педагогаў. Абедзве (толькі ў розны перыяд) былі піянерамі атрада імя Мікалая Слатвінскага, шэфствавалі і часта бывалі ў гасцях у маці героя-падпольшчыка – Марыі Фамінічны.

 

– У Дзень Перамогі прыходзілі да яе з букетамі цюльпанаў, у будныя дні – з прапановай дапамагчы што-небудзь карыснае зрабіць, – узгадваюць сваё дзяцінства мае суразмоўцы. – А гаспадыня сціплага дамка па вуліцы Кірава (яго ўжо знеслі ў пасёлку, але ў нас захаваліся фотаздымкі) даставала з серванта фарфоравы чайны сервіз і запрашала да стала, дзе за духмянай гарбаткай вяліся душэўныя размовы. Жанчынай яна была моцнай, з унутраным стрыжнем і мужным характарам. Расказвала, што менавіта ў гэты дом у 1941-1942 гадах да яе малодшага сына Мікалая прыходзілі сябры, і тут распрацоўваліся смелыя аперацыі супраць акупантаў. П. Жукоўскі, В. Вашкевіч, У. Сакута, В. Крывец, Д. Тарашчык, М. Корсунаў – гэта найпершыя паплечнікі Мікалая.  

 

– Увогуле любоў да гісторыі мне прывіла настаўніца Тамара Вячаславаўна Кумпан, якая вялікую ўвагу ўдзяляла даследчыцкай рабоце,  – працягвае гутарку Лілія Чырэц. – Эстафету мы падхапілі, паглыбляем распачатыя калісь даследаванні, па крупінках збіраем цікавыя факты, звязаныя з канкрэтнымі людзьмі і падзеямі, што адбываліся ў нашым пасёлку, на суседняй вуліцы, з нашымі роднымі…

 

 

Цікава было даведацца, што тэма вайны асаблівая для Ліліі Вікенцьеўны яшчэ і таму, што яе дзядзька – Дзмітрый Аляксеевіч Рышкевіч – удзельнічаў у вызваленні не толькі роднай Беларусі, але і пяці еўрапейскіх краін! Другі сваяк – Іван Антонавіч Ушкевіч – таксама адважна змагаўся з фашыстамі, а вярнуўшыся з фронту, за ўласныя сродкі ўстанавіў помнік у вёсцы Пілаўня на месцы гібелі камандзіра роты партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола Валянціна Валянцінавіча Аляксандрава. Мама Ліліі Вікенцьеўны, будучы ў 1941 годзе маленькай дзяўчынкай, што жыла з бацькамі ў Малятычах, аднойчы ўбачыла ў кустах беспрытомнага чырвонаармейца ў крыві. Не спужалася, прывяла дарослых ратаваць параненага. Яго выхадзілі, паставілі на ногі. Гэты чалавек потым стаў адным з кіраўнікоў партызанскага руху ў нашых мясцінах.

 

У ланцужку памяці няма слабых звёнаў

 

Шмат асабістага, звязанага з Вялікай Айчыннай, і ў Святланы Матусевіч. Яна – дачка франтавіка Канстанціна Іванавіча Дзем’яновіча.

 

– Тата зусім юным адправіўся з Астрыны на фронт у 1944-м, потым вельмі не любіў успамінаць вайну. Ён быў франтавым шафёрам: на перадавую, пад страшэннымі абстрэламі, вазіў боепрыпасы, кожную хвіліну рызыкуючы жыццём. Перамогу сустрэў у Будапешце. Мае дзеці і ўнукі выхаваны на патрыятычных традыцыях. Яны па ўласнай ініцыятыве ў Дзень Перамогі становяцца ў шэрагі “Бессмяротнага палка” з партрэтам дзядулі, з цікавасцю вывучаюць старонкі ваеннай гісторыі, а ўнучка Алеся – экскурсавод школьнага музея.

 

– Як асабіста Вы ўпершыню даведаліся пра астрынскае падполле? – запытваю ў Святланы Канстанцінаўны.

 

– Мы з дзяцінства ведалі імя кожнага падпольшчыка, нібыта гэта былі нашы родныя людзі, – дзеліцца С.К. Матусевіч. – А біяграфія Мікалая Слатвінскага ўвогуле здавалася легендай: бліскуча скончыў сем класаў польскай школы ў 1936 годзе, вельмі хацеў вучыцца далей, а ў педагагічнае вучылішча залічылі не яго, сына батрака, а дачку багацея. Гэта сацыяльная несправядлівасць і стала першапачатковым штуршком да падпольнай барацьбы маладога чалавека. Спачатку – супраць белапольскага прыгнёту, потым – супраць нямецкіх акупантаў, але заўжды – за суверэнную, свабодную, незалежную Беларусь.

 

“Верце ў нашу перамогу!”

 

 

… Пра дзейнасць падпольшчыкаў у Астрыне мясцовыя жыхары даведаліся, калі ў 1941-м на вуліцах мястэчка з’явіліся смелыя лістоўкі ў адказ на паведамленне фашыстаў, што яны нібыта ўжо захапілі Маскву.

 

За подпісам “Мікалай” хтосьці пераконваў: “Таварышы! Не верце гітлераўскай брахні. Не бачыць ім Маскву, як сваіх вушэй. Нашы войскі вядуць цяжкія баі. Хутка настане час поўнага разгрому акупантаў. Верце ў нашу перамогу!”

 

Хто блізка ведаў Слатвінскага, адразу здагадаліся, які гэта Мікалай. Ён жа і да верасня 1939 года вывешваў на 1 мая і 7 лістапада чырвоныя сцягі, распаўсюджваў рэвалюцыйныя ўлёткі, прывозіў з Вільні і Беластока забароненую палітычную літаратуру, узначальваў падпольную камсамольскую арганізацыю… На допытах, а юнака падазравалі не раз, ні ў чым не прызнаваўся і выходзіў сухім з вады, хоць хлопцу ўпаўне канкрэтна пагражалі жорсткай турмой у Картуз-Бярозе.

 

З прыходам Савецкай улады Мікалай Слатвінскі разам з бацькам пайшоў служыць у народную міліцыю, а ў 1940-м ажыццявіў сваю даўнюю мару – паступіў у Гродзенскае педвучылішча. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны астрынскі патрыёт уключыўся ў антыфашысцкую барацьбу. Ён наладзіў сувязь з тымі аднадумцамі, з кім змагаўся супраць панскай Польшчы. Неяк  камсамольцы вырашылі выкрасці ў немцаў з камендатуры радыёпрыёмнік. Калі фашысты пайшлі на абед, пакінуўшы толькі аднаго вартавога, падпольшчыкі на вяроўцы падняліся на другі паверх і без шуму завалодалі важным сродкам інфармацыі: слухалі Маскву і паведамлялі землякам пра становішча на фронце.

 

Часта Мікалай выходзіў на сувязь з партызанамі, дакладваў абстаноўку, дзяліўся планамі. Так, падпольнай групе, якая пазней уключала 14 чалавек, удалося наладзіць кантакты з вязнямі астрынскага гета. Юныя мсціўцы хацелі вывесці людзей у лес і выратаваць ад непазбежнай гібелі.

 

 

Аднак Слатвінскі зноў аказаўся пад падазрэннем: яго ўжо двойчы выклікалі ў гестапа, а аднойчы рэзка паведамілі аб вывазе ў Германію. На шчасце, у мястэчку Азёры падпольшчыку з дапамогай сяброў удалося ўцячы. Патайнымі сцяжынамі юнак прыйшоў у партызанскі атрад, што базіраваўся ў Нарашанскіх лясах.

 

У 1942 годзе гітлераўцы ўзмацнілі барацьбу з народнымі мсціўцамі. У мэтах канспірацыі атрад быў раздзелены па 5-6 чалавек. Група, якую ўзначальваў Мікалай Слатвінскі, пасля паспяховага выканання баявой задачы вярнулася ў сваю зямлянку ва ўрочышча Бараніха ля вёскі Шастакі. Існуе версія, што здраднік прывёў фашыстаў да месца дыслакацыі групы. Бой быў няроўным. Партызаны змагаліся да апошняй гранаты... Пасмяротна Мікалай Слатвінскі быў удастоены ордэна Айчыннай вайны І ступені.

 

У сённяшніх піянераў таксама ёсць атрад, які носіць імя героя. Гісторыя астрынскага падполля становіцца тэмай рэфератаў і манаграфій. Да прыкладу, вучні гісторыка Ліліі Чырэц – пастаянныя ўдзельнікі абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, дзе тэма мінулай вайны праходзіць чырвонай ніткай. Астрынская зямля – зямля патрыётаў. Так было, ёсць і будзе…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!