У гонар жанчын-ветэранаў. Сёння ў Шчучыне актывісты розных пакаленняў пасадзілі “Алею памяці”

 

Ініцыятыва нарадзілася ў раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, але яе ахвотна падхапіў раённы савет ветэранаў, юнакі і дзяўчаты з шэрагаў БРСМ, школьнікі і педагогі. Не засталіся ў баку прадстаўнікі раённай улады,  супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

 

-- Мы вырашылі ўвекавечыць памяць аб жанчынах нашага горада, якія прайшлі нялёгкія вёрсты вайны, нараўне з мужчынамі-воінамі абаранялі ў суровы час Вялікай Айчыннай сваю Радзіму, потым з руін падымалі гарады і вёскі, -- гаворыць лідар жаночага руху Шчучыншчыны Святлана Шанчук.

 

  

 

 

Сёння раніцай усе жадаючыя паўдзельнічаць у гэтым “зялёным праекце” сабраліся ля трэцяй гарадской школы. Гасцінныя гаспадары запрасілі перад пачаткам работы пазнаёміцца з новым стэндам, прысвечаным тром жанчынам-ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія і сёння жывуць у нашым горадзе. Гэта Марыя Рыгораўна Клачкова, Вера Мікалаеўна Кузьміна і Вера Рыгораўна Маслава. Вучні педагагічнага класа цікава расказалі аб кожнай з гераінь, нібы перагарнулі старонкі кнігі жыцця нялёгкага, але такога дастойнага!

 

 

 

-- Дзякуй і навучэнцам, і педагогам, што яны ўшаноўваюць памяць аб тых, хто адстаяў для нас мір і незалежнасць. У дзень традыцыйнага суботніка мы вырашылі закласці “Алею памяці” ў гонар нашых слаўных суайчынніц менавіта ля трэцяй гарадской школы яшчэ і таму, што тут дзейнічае “Музей жанчыны”, -- падкрэсліла ў сваёй прамове намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта. – У Год гістарычнай памяці гэта асабліва сімвалічна – увекавечыць памяць у дрэўцах. А ваша задача, маладое пакаленне, памятаць гісторыю, ведаць, якой цаной дасталася нам перамога, берагчы мір як найвялікшую каштоўнасць.

 

 

 

З такім высакародным пасылам, з прыўзнятым настроем усе ўзяліся за работу. Атрымалася цудоўная каманда – зладжаная і баявітая. Прыемна было бачыць, як моладзь плячом да пляча працуе з актывістамі ветэранскай арганізацыі.

 

 

-- Ведаеце, у мяне сёння асаблівы суботнік, -- усміхаецца нястомная энтузіястка Таццяна Мікалаеўна Кулакова. – 38 год назад менавіта ў такі дзень (тады яшчэ камуністычнага суботніка!) з’явіўся на свет мой сын Аляксандр. Зараз ён жыве ў Расіі, а я вось вырашыла, што адзначу сямейнае свята ўдзелам у добрай справе. Вунь колькі цудоўных туек пасадзілі разам з сяброўкамі!

 

 

 

-- Вельмі ганаруся сваімі выхаванцамі – выпускнікамі і навучэнцамі педагагічнага класа. Яны з задавальненнем адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у гэтай патрыятычнай акцыі і пакінуць добры след на зямлі, -- не ўтрымалася ад эмоцый і настаўніца СШ №3 г. Шчучына Ніна Вацлаваўна Гіль. – Цудоўныя рабяты падрастаюць.

 

 

 

…У хуткім часе тэрыторыя школы стала яшчэ больш прыгожай і ўтульнай ад зялёных насаджэнняў. Іх будуць паліваць і песціць новыя выпускнікі, памятаючы пра тых, у гонар каго закладзена пяшчотная туевая алея ў Год гістарычнай памяці.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!